Tribuna/Футбол/Блогі/Ужо даўно не працуе, беражэ сябе. Чым у 61 займаецца самы вядомы выхаванец магілёўскага футбола

Ужо даўно не працуе, беражэ сябе. Чым у 61 займаецца самы вядомы выхаванец магілёўскага футбола

Сяргей Гарлуковіч у апошні час не радуе вясёлымі навінамі, а некалі ж мог.

Аўтар — bytribuna com
20 кастрычніка, 08:21
3
Ужо даўно не працуе, беражэ сябе. Чым у 61 займаецца самы вядомы выхаванец магілёўскага футбола

Алімпійскі чэмпіён-1988 Сяргей Гарлуковіч – выхаванец магілёўскага футбола. Да 25 гадоў выступаў у беларускіх клубах («Тарпеда» Магілёў, «Гомсельмаш», «Дынама» Мінск), але далей дарогі абаронцы і белфутбола разышліся: ён зʼехаў у маскоўскі «Лакаматыў», адкуль стаў запрашацца ў зборную СССР, а пазней трапіў у дортмундскую «Барусію».

Пасля распаду Саюза Гарлуковіч вырашыў выступаць за зборную Расіі, ды і пасля свайго пяцігадовага знаходжання ў Еўропе вярнуўся менавіта ў Расію, дзе выйграў пяць чэмпіёнскіх тытулаў. Не стаў вяртацца ў Беларусь абаронца і пасля заканчэння гульнявой карʼеры, пачаўшы трэнерскую, якая, праўда, нічым адметным не запомнілася. Уся сувязь з роднай краінай экс-футбаліста – рэдкія каментары наконт мясцовага футбола ў стылі «Браніслава Іванавіча наогул лепш не выпускаць на поле. Гэта ж не чэмпіянат Беларусі», удзел у выставачных матчах і штогадовае правядзенне турніру для юнакоў у Магілёве. З гэтай прычыны Гарлуковіч і прыехаў у аблцэнтр на днях і нават наведаў трэнаванне мясцовага «Дняпра».

У паведамленні клубнай прэс-службе гаворыцца, што самы знакаміты выхаванец магілёўскага футбола пажадаў камандзе ўдачы ў астатніх матчах сезону і «выказаў упэўненасць», што горад будзе прадстаўлены ў вышэйшай лізе. «Дняпро» да гэтага і рухаецца: за шэсць тураў да канца чэмпіянату магілёўцы ідуць другімі, а іх бяспройгрышная серыя ў Д2 налічвае ўжо 14 матчаў (10 перамог і 4 нічыі).

Пра свае будні Гарлуковіч распавядае проста.

- Нічым не займаюся. Імкнуся не нервавацца, пазбягаю стрэсу, каб кожны год вяртацца ў Магілёў! – заявіў удзельнік двух чэмпіянатаў свету.

Гарлуковіч сапраўды ў інфаполі апошнім часам зʼяўляецца вельмі рэдка, хаця раней часта каментаваў падзеі ў маскоўскім «Спартаку», з якім выйграў тры з чатырох сваіх чэмпіёнскіх тытулаў і нейкі час працаваў у клубе селекцыянерам.

У апошнія некалькі месяцаў Гарлуковіч паўдзельнічаў у некалькіх актыўнасцях каманды расійскіх артыстаў «Старка». З гэтым калектывам часцяком гастралюе былы форвард мінскага «Дынама» і зборнай Расіі Дзмітрый Сычоў. Напрыклад, у канцы жніўня Гарлуковіч і Сычоў са «Старка» зʼездзілі ў закрыты горад Зеленагорск у Краснаярскім краі, дзе размяшчаецца завод, які выпускае нізкаўзбагачаны ўран для вырабу паліва рэактараў атамных электрастанцый. Заезджыя зоркі не толькі правялі майстар-клас для мясцовых дзяцей, але і згулялі таварыскі з адміністрацыяй гораду.

Праз некалькі дзён гэтая ж адміністрацыя адсправаздачылася пра тое, што для патрэб расійскай арміі адправіла на акупаваныя тэрыторыі Украіны тры аўтамабілі.

Яшчэ адзін аўтамабіль адправілі ў красавіку гэтага года – была такая дапамога і раней.

А літаральна за тыдзень да прыезду двух былых футбалістаў мінскага «Дынама» мясцовыя сілавікі распавялі пра тое, што перадухілілі падрыў станцый сувязі.

Як галоўны трэнер Гарлуковіч перабраў некалькі мінорных расійскіх клубаў. Апошняя спроба датуецца канцом 2014 года, калі ён узначаліў «Сочы». Праўда, гэта была далёка не тая каманда, щто ў апошнія сезоны нават змагалася за медалі ў расійскай прэмʼер-лізе. Яна боўталася ў ПФЛ (Д3), а Гарлуковіч з клубам доўга не прапрацаваў, таму што яму не маглі прапанаваць прыстойны кантракт.

Прыкладна тады ж зʼявілася і апошняя яркая навіна пра экс-гульца зборнай Расіі. Спачатку ён, знаходзячыся ў стане крайняга алкагольнага апʼянення, пасварыўся з таксістам, а затым, сядаючы ў паліцэйскую машыну, паслізнуўся і быццам выпадкова зламаў кулаком нос аднаму з сілавікоў. Ніякіх наступстваў для Дзеда (такую мянушку футбаліст атрымаў, калі яшчэ выходзіў на поле) не было. Яго апыталі і амаль адразу адпусцілі дадому, а паліцыянта адправілі ў лякарню.

Сёння Гарлуковічу 61 год, і ён сябе настолькі беражэ, што нават амаль не каментуе працу трэнераў «Спартака», чым раней рэгулярна і даволі крытычна займаўся.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты