Tribuna/Футбол/Блогі/Гендырэктар «Дынама» ўгледзеў у Лукашэнку выратавальніка ад даўгоў. А хто іх стварыў, адціскаючы клуб у Чыжа, не так ужо важна

Гендырэктар «Дынама» ўгледзеў у Лукашэнку выратавальніка ад даўгоў. А хто іх стварыў, адціскаючы клуб у Чыжа, не так ужо важна

Удзячнасць былога сілавіка.

Аўтар — bytribuna com
29 снежня, 15:23
9
Гендырэктар «Дынама» ўгледзеў у Лукашэнку выратавальніка ад даўгоў. А хто іх стварыў, адціскаючы клуб у Чыжа, не так ужо важна

28 снежня генеральны дырэктар футбольнага мінскага «Дынама» Андрэй Толмач прыйшоў у праграму хакейных аднаклубнікаў, дзе функцыянеру сказалі, што запрасілі яго праз вялікае жаданне «неяк да чэмпіёнства дакрануцца, хаця б побач пасядзець». Хоць самая эфектыўная парада для гэтага – мабыць, вярнуцца з КХЛ у Экстралігу. У гэтым турніры хакейнае «Дынама» здольнае ўзяць тытул і без дапамогі звыш.

У згаданай праграме не саромеліся казаць пра ўплыў дыктатара на футбольны ЧБ. Вядоўца Дзмітрый Аўрамчык нават сфармуляваў пытанне аб падзяках за чэмпіёнства з рэмаркай – маўляў, каму яны адрасаваныя, акрамя ў першую чаргу Лукашэнкі? Ну а Толмач пайшоў яшчэ далей – і расхваліў Лукашэнку, якога называе сваім «прэзідэнтам», за падзеі нават не гэтага года.

– Хачу пачаць з перадгісторыі. У 2019 годзе клуб стаяў на мяжы знікнення. Перамена ўласніка, вялізныя даўгі, каманда разбягаецца. Лукашэнка наўпрост, можна сказаць, выратаваў наш клуб ад банкруцтва. Дзякуючы гэтаму клуб працягваў існаваць. Трэба гэта дакладна ведаць і разумець. Трэба сказаць дзякуй, – заявіў былы супрацоўнік лукашэнкаўскай пракуратуры.

Але хто ж вінаваты ў тым, што «Дынама» чатыры гады таму страціла ўласніка і набрала даўгі? І ці былі яны вялізнымі? Калі ўспомніць, як усё адбывалася, то заклікі Толмача выглядаюць, мякка кажучы, непераканаўча.

Пачаць прыйдзецца ажно з 1998 года, калі ў ЧБ гуляла каманда ад ЗАТ «ФК «Дынама (Мінск)». Юрыдычная асоба належала вядомым прадпрымальнікам Яўгену Хвастовічу і Аляксандру Сманцару, якіх у той час пачаў падціскаць рэжым Лукашэнкі – а ў клубе пачаліся затрымкі заробкаў. Тут дзяржава захацела забраць «Дынама» – але аддаваць бясплатна яго не хацелі. Выйсце ад рэжыму? Стварэнне альтэрнатыўнага ЗАТ «ФК «Дынама-Мінск» (так, розніца ў пару сімвалаў), да якога проста перабегла каманда пасярод сезона, на што ўсе заплюшчылі вочы.

Праблемай стала тое, што нахутка сабраны склад заснавальнікаў новай юрасобы ўключаў органы дзяржкіравання, што было па-за законам. На іх пачалі скардзіцца іншыя дзяржорганы, і ў выніку ў 1999-м праблему вырашылі прыцягненнем Юрыя Чыжа – бізнесмена, на той момант пажаданага Лукашэнкам. Ягоным кампаніям перадалі патрэбныя акцыі, і ад таго часу Чыж шмат гадоў лічыўся паўнапраўным гаспадаром «Дынама» – нават калі трапляў у няміласць да рэжыму і сядзеў за кратамі, клуб працягваў дзейнасць і нейкіх невырашальных фінансавых праблем не меў.

Зламалася сістэма ў 2018-м, калі «Дынама» патрапіла ў адборы Лігі Еўропы на расійскі «Зеніт» – і першы матч сенсацыйна выйграла 4:0, пасля чаго Лукашэнка паспеў заявіць пра «свята для ўсёй краіны». Вось толькі другую сустрэчу мінчукі не менш дзівосна прайгралі 1:8 і вылецелі – што, відаць, для кіраўніка рэжыму аказалася балючым. Адразу пайшлі чуткі, што «Дынама» забяруць у Чыжа, а пазней высветлілася, што літаральна праз тыдзень пасля паразы ў Санкт-Пецярбургу з выканкама Лукашэнкі па Мінску даслалі ў чыжоўскі «Трайпл» «просьбу» бясплатна перадаць рэжымнікам усе свае акцыі «Дынама».

Чыж, які ўклаў у клуб за час свайго праўлення каля 65 мільёнаў долараў, у 2019-м прапанаваў лукашэнкаўцам выкупіць акцыі клуба хаця б за 467 тысяч долараў. Але рэжым проста скарыстаўся сваімі старымі метадамі – і ў траўні 2019-га праз свой жа «суд» прызнаў перадачу акцый у 1999-м структурам Чыжа незаконнай, проста адмяніўшы працэдуру і так пакінуўшы бізнесмена без клуба праз 20 гадоў.

Пасля гэтага асноўным уласнікам клуба стаў выканкам Лукашэнкі па Мінску, чыё ўпраўленне спорту і турызму выступала «пазоўнікам» у «судзе». У перамозе над Чыжом рэжымнікі, вядома, не сумняваліся – і загадзя звярнуліся ў АБФФ, каб знайсці новых кіраўнікоў для клуба. І так, у канцы траўня гендырэктарам зацвердзілі «удзячнага» Толмача (нядаўна працэс у дэталях апісваў Юры Вяргейчык). А тады кіраўнік АБФФ Уладзімір Базанаў запэўніваў, што рэжымны выканкам па Мінску «возьме клуб і будзе займацца ягоным лёсам, паверце, «Дынама» не будзе кінутае». Аб ролі Лукашэнкі тады ніхто з «афіцыялаў» услых не казаў – усё быццам вырашалася на ўзроўні «мясцовых органаў».

Ці былі ў клуба «велізарныя даўгі»? У канцы траўня 2019-га сцвярджалася, што ў «Дынама» ніводнаму супрацоўніку не плацілі заробкі больш за два месяцы, аднак улетку сітуацыя была выпраўленая. Увосень таксама былі запазычанасці – цягнуліся з верасня, але ў снежні іх закрылі. Прама кажучы, сітуацыя далёка не крытычная для беларускага футбола, дзе затрымкі па выплатах бывалі і значна даўжэйшыя. Ды і прызначаны з Толмачам спартовы дырэктар Юры Поклад у канцы 2019-га запэўніваў, што, хоць «стабільнага фінансавання не было, але лічбы [даўгоў] не крытычныя, мы ўпэўнена ўвойдзем у новы сезон».

Ці разбягалася каманда? Улетку 2019-га з «Дынама» сышлі сямёра – расіяне Алан Чачыеў і Віталь Дзьякаў былі непатрэбныя Сяргею Гурэнку (стаў галоўным трэнерам у чэрвені, змяніўшы ўкраінца Рамана Піліпчука), ганец Салі Муніру сышоў у РПЛ, а астатнія не былі асноўнымі гульцамі. Тым жа летам у «Дынама» змаглі запрасіць нядрэннае ўзмацненне пад Гурэнку (дарэчы, за ўсімі трансферамі пэўных клубаў зручна сачыць у спецыяльных раздзелах на Tribuna.com – вось спасылка для «Дынама»).

Галоўнай праблемай «Дынама» тады выглядала толькі тое, што на балансе ў выканкама Лукашэнкі па Мінску ўжо быў «Мінск», а дзве каманды аднаго ўласніка ў ЧБ былі забароненыя па міжнародных правілах. Але і тут выйсце знайшлі – у красавіку 2020-га ўласнікам «Дынама» стала БФСТ «Дынама». Ізноў жа, аб удзеле Лукашэнкі ў працэсе нічога не гаварылася.

А пераход пад крыло «сілавікоў» стаў вынікам таго, што для клуба не знайшлі прыватнага інвестара – хоць шукалі, і ў медыях мільгалі розныя прозвішчы беларускіх і расійскіх бізнесменаў у якасці кандыдатаў на прыход у «Дынама», але ў выніку ніхто з іх не пагадзіўся. Ці не таму, што перад вачыма быў свежы прыклад «адціскання» футбольнага «актыву» рэжымам па сваім адвольным жаданні? А яшчэ гэты прыклад, уласна, і запусціў усе фінансавыя праблемы «Дынама» – пры Чыжы ў каманды такіх чамусьці не было.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты