Tribuna/Цяжкая атлетыка/Блогі/Гомельскі штангіст-рэкардсмен ваюе за акупантаў – паехаў ва Украіну з калоніі, куды на 15 гадоў патрапіў за псіхатропы

Гомельскі штангіст-рэкардсмен ваюе за акупантаў – паехаў ва Украіну з калоніі, куды на 15 гадоў патрапіў за псіхатропы

Тым часам загадкава загінуў аматар практыкі цягнуць зэкаў на фронт (падобна, яму не даравалі мяцеж).

Аўтар — bytribuna com
24 жніўня, 09:24
Гомельскі штангіст-рэкардсмен ваюе за акупантаў – паехаў ва Украіну з калоніі, куды на 15 гадоў патрапіў за псіхатропы

23 жніўня ў Расіі пацярпеў крушэнне – ці то быў збіты ракетай, ці то ўзарваны знутры, ёсць і іншыя версіі – самалёт з Яўгенам Прыгожыным (і яго бліжэйшым паплечнікам Дзмітрыем Уткіным). Усе на борце загінулі – так без верхавода засталася расійская ПВК «Вагнер», «ўслаўленая» шматлікімі ваеннымі злачынствамі за час удзелу на баку акупантаў у вайне, якую з 24 лютага 2022 года працягвае Расія ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

За два месяцы да авіякатастрофы Прыгожын абвясціў, што павядзе «Вагнер» на Маскву – нібыта каб «пакараць вінаватых» у расійскім Мінабароны. Кіраўнік расійскага рэжыму Уладзімір Пуцін тады назваў дзеянні Прыгожына «узброеным мяцяжом», але «Вагнер» без бою ўзяў мільённы Растоў і ўпэўнена ішоў да сталіцы Расіі – але ў вырашальны момант абвясціў разварот, як потым выказалі здагадку аналітыкі, праз усведамленне перавагі рэжымнай лініі абароны Масквы над сіламі ПВК. У той сітуацыі Пуцін дазволіў выставіць сябе героем калегу-дыктатару Аляксандру Лукашэнку – нібы менавіта кіраўнік беларускага рэжыму ўгаварыў Прыгожына спыніцца ў абмен на гарантыі бяспекі. У выніку «Вагнер» масава сышоў у Беларусь, а на завадатара ПВК рэзка закрылі крымінальную справу і наогул быццам вырашылі не чапаць. Але, як цяпер зразумела, пуцінская сістэма проста пачакала і праявіла сваю любоў да сімвалізму – прыгожынскі мяцеж пачаўся таксама вечарам 23 чысла, толькі чэрвеня.

На Маскву тады ішлі падраздзяленні, якія шмат у чым складаліся са зняволеных расейскіх турмаў і калоній. Зэкаў пасля пачатку вайны Прыгожын масава стаў вербаваць – на кагосьці ціснулі, але шматлікія выканаўцы цяжкіх злачынстваў, якім належала сядзець доўгія гады ці наогул да канца жыцця, і самі без праблем згаджаліся пакатаваць шчасці ў мясасечцы вайны, бо пасля шасці месяцаў на фронце ў выпадку выжывання абяцалі амністыю (і некаторыя яе сапраўды атрымалі).

За некалькі гадзін да авіякатастрофы «Люстэрка» расказала, што знайшло сярод тых, хто ваюе за Расію, зняволенага беларускай калоніі. Незразумела, ці ўваходзіў ён у склад ПВК – прыклад Прыгожына пераняло яшчэ восенню 2022-га само расійскае Мінабароны. Ды і, верагодна, гэтага чалавека да «прызыву» перавялі ў расійскую «зону», бо ён нарадзіўся ў Петрапаўлаўску-Камчацкім і заставаўся грамадзянінам Расіі. Анатоль Ціханаў, пра якога ідзе гаворка, памятаў пра месца нараджэння нават у фан-зоне хакейнага ЧС.

А яшчэ Ціханаў быў спартсменам – дамогся звання КМС па паўэрліфтынгу, вядомаму і як сілавое трохборʼе. Гэта дысцыпліна са штангай, які ўключае ў сябе тры практыкаванні: прысяданне (прысесці і зноў устаць са штангай на плячах), жым лежачы (апусціць штангу на грудзі з трымальніка і падняць назад, лежачы на лаве) і станавая цяга (падняць штангу з падлогі і ўтрымаць на выцягнутых уніз руках). Менавіта ў паўэрліфтынгу некалі ставіў беларускія і нават сусветныя рэкорды цяперашні «міністр адукацыі» Лукашэнка Андрэй Іванец.

Ціханаў быў далёка не такім паспяховым спартсменам. Расіянін, які з дзяцінства жыў у Гомелі і меў беларускі ВНЖ, выяўляецца ў пратаколах беларускіх спаборніцтваў з 2015-га, калі яму было ўжо 25. Але ў акаўнце Ціханава ёсць і фота з 2014-га (прынамсі, менавіта тады цягалі менавіта такую машыну), дзе ён цягне за сабой расійскі джып з чырвона-зялёным сцягам на рэжымным конкурсе «Наймацнейшы гомелец».

На Кубку Беларусі ў снежні 2015-га Ціханаў, не маючы разраду, у вагавой катэгорыі да 105 кг заняў сёмае месца, больш за 50 кг у суме саступіўшы бронзаваму прызёру і 150 з лішнім кг – пераможцу. Ды і падрыхтаваўся да старту расіянін абы як – праваліў узважванне, праз што давялося «пайсці бегаць». Што насамрэч рабіў спартсмен, незразумела, але паўторнае ўзважванне паказала страту двух кілаграм масы, што дазволіла ўсё ж паўдзельнічаць у спаборніцтвах.

На ЧБ-2016 Ціханаў фігураваў ужо як першаразраднік – выступаў у катэгорыі звыш 110 кг, заняў перадапошняе месца. А на ЧБ-2017 патрапіў ужо як КМС – але стаў наогул апошнім. Поспех жа прыйшоў на Кубку Беларусі ў лістападзе 2017-га – Ціханаў узяў срэбра турніру і паставіў рэкорд краіны ў жыме лежачы. Праўда, у расіяніна было ўсяго тры супернікі, і прайграў ён 45-гадоваму, а рэкорд выклікае здзіўленне – бо ў больш лёгкай вагавой катэгорыі выціснулі нашмат болей. Тым не менш, пратакол зафіксаваў вынік Ціханава як дасягненне беларускага ўзроўню.

А неўзабаве пасля гэтага Ціханаў нібы знік. Як высвятляецца зараз, менавіта ў той час мужчыну закрылі беларускія «сілавікі». Ціханава абвінавацілі ў продажы асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў у складзе «арганізаванай групы». Рэжымны «суд» прызначыў штангісту 15,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму, якія расіяніна адправілі адбываць пад Віцебск. Там ён заставаўся сама меней да сярэдзіны 2021 года.

У ліпені 2023-га Ціханаў вярнуўся ў сацсеткі, выклаўшы на сваёй старонцы здымкі ў ваеннай форме без апазнавальных знакаў, а таксама фота павязак на нагах – левая, падобна, была няслаба пашкоджана.

На старонцы Ціханава сёння размешчаны статус, які ў ваенны час чытаецца літаральна, а ў падпісках знаходзяцца не толькі веснік «ваеннай аперацыі», як у Расіі называюць вайну, але і група знаёмстваў у Маскве, а таксама паблікі з эратычнымі фота жанчын старэйшай узроставай катэгорыі.

Што ж Ціханава знойдзе хутчэй – каханне ці смерць?

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты