Tribuna/Хакей/Блогі/Кажуць, у Беларусі зноў абмянялі свабоду паспяховага бізнесмена на «дапамогу» рэжымнаму спорту – і хакейнае «Дынама» атрымала два гадавыя бюджэты на заробкі

Кажуць, у Беларусі зноў абмянялі свабоду паспяховага бізнесмена на «дапамогу» рэжымнаму спорту – і хакейнае «Дынама» атрымала два гадавыя бюджэты на заробкі

У гісторыях мільгае Баскаў, з хакеем банк бізнесмена партнёрыўся не раз.

Аўтар — bytribuna com
3 лютага 2023, 09:02
1
Кажуць, у Беларусі зноў абмянялі свабоду паспяховага бізнесмена на «дапамогу» рэжымнаму спорту – і хакейнае «Дынама» атрымала два гадавыя бюджэты на заробкі

У канцы студзеня «Наша Нiва» паведаміла пра выхад на волю беларускага банкіра Сяргея Касцючэнкі – хаця рэжым збіраўся трымаць яго за кратамі да канца 2025-га. Паводле свежых даных выдання, за магчымасць ужо зараз пакінуць калонію (і Беларусь заадно) Касцючэнка заплаціў немалы выкуп – 2 ці 3 мільёны долараў асабіста, каб мнагакратна кампенсаваць прыдуманую сістэмай «шкоду».

Але самае цікавае – «НН» заяўляе, што часткай выкупу насамрэч з'яўляўся перавод грошай мiнскаму «Дынама» ад яго партнёра «Прыёрбанка», які Касцючэнка доўга ўзначальваў. І хакейны клуб ад такога «спонсарства» атрымаў у раёне 10 мільёнаў даляраў – пры тым, што на заробкі за сезон КХЛ у яго сыходзіць усяго 4,6 мільёна!

Чым вядомы Касцючэнка

Кіраўніком банка экс-чыноўнік гарвыканкама Мiнска стаў пасля курса навуковай эканомікі ў нямецкім універсітэце яшчэ пры СССР – у 1990-м узначаліў Мiнскі інавацыйны банк, акцыянерамі якога выступілі МАЗ, МТЗ, іншыя буйныя прадпрыемствы і некалькі ВНУ.

Неўзабаве назву змянілі на «Прыёрбанк», ужо ў незалежнай Беларусі сталі перадавікамі безнаяўных разлікаў, адкрылі прадстаўніцтвы ў іншых краінах. У 2003-м кантрольны пакет паспяховага банка купіла буйная аўстрыйская банкаўская група Raiffeisen – і не стала мяняць кіраўніка. У 2007-м выданне «Ежедневник» упершыню выпусціла топ самых уплывовых бізнесменаў краіны – узначаліў яго як раз Касцючэнка, які з верхніх радкоў не выпадаў і ва ўсе наступныя гады.

У сакавіку 2022-га ў банкіра пасля вяртання з аўстрыйскай камандзіроўкі запатрабавалі зайсці ў КДБ, адкуль не выпусцілі. Прэтэнзіі рэжыму Лукашэнкі да банкіра, як аказалася, заключаліся ў выкарыстанні сістэмы назапашвальнага страхавання «Прыёрлайф», дзякуючы якой ён зэканоміў на падаходным падатку паўтара мільёна рублёў. Гэта была легальная шчыліна ў беларускім заканадаўстве – але рэжыму такі факт ніяк не перашкодзіў распачаць крымінальную справу.

Для банкаўскіх колаў затрыманне Касцючэнкі не выглядала ўнікальным выпадкам. «Прыёрбанк» з'яўляецца самым буйным камерцыйным банкам Беларусі (ды яшчэ з заходнім капіталам), а Лукашэнка пры грашовым дэфіцыце любіць у неабходны момант «патрасці» прыватнікаў. Таксама хадзілі чуткі наконт палітычнай падаплёцы – нібыта Касцючэнка меў зносіны з кіраўніком Народнага антыкрызіснага кіравання Паўлам Латушкам. Аднак апошні неўзабаве абверг гэтую версію, заявіўшы, што з Касцючэнкам не размаўляў з 2020-га.

Улетку 2022-га рэжымны суд даў кіраўніку «Прыёрбанка» 3,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму за ўхіленне ад выплаты падаткаў. Акрамя таго, Касцючэнка атрымаў штраф у 3 тысячы базавых велічыняў (на той момант 96 тысяч рублёў). Разам з банкірам па тым жа абвінавачанні атрымалі па тры гады калоніі яшчэ два чалавекі – хутчэй за ўсё, гэта былі звязаныя з ім бізнесмены Аляксандр Мукавозчык і Аляксандр Жукоўскі.

Затрыманне банкіра звязвалі з Баскавым і хакеем – і гэта не першая каламутная гісторыя такога кшталту

Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», перад сваім затрыманнем кіраўнік «Прыёрбанка» меў размову з Дзмітрыем Баскавым, які да гэтага часу негалосна кіруе беларускім хакеем у цэлым і мінскім «Дынама» у прыватнасці, нягледзячы на сыход з афіцыйных хакейных пасад пасля пяцігадовага бана ад ІІХФ за ціск на падначаленых па палітычных матывах. Баскаў тады спрабаваў ператварыць банк Касцючэнка ў яшчэ адну крыніцу фінансавання для «зуброў», але атрымаў адмову. А вось праз месяц пасля «прысуду» Касцючэнку «Прыёрбанк» усё ж такі з'явіўся ў спісе партнёраў «Дынама» – прычым без асобнага анонсу ад клуба.

Сітуацыя моцна нагадвала гісторыю з сеткай крам Green. У верасні 2021-га яна таксама без аб'явы была пазначана на сайце «зуброў» як генеральны партнёр. А за паўгады да таго ўладальніка сеткі Генадзя Кірэйкава затрымалі сілавікі Лукашэнкi – па асноўнай версіі, за недахоп на паліцах прадукцыі некаторых беларускіх вытворцаў. Пасля чатырох месяцаў у СІЗА Кірэйкова вызвалілі – і таксама за пэўны выкуп. Прычым, як паведамляў журналіст «НН» Арцём Гарбацэвіч, вырашэннем пытання займаўся асабіста Баскаў, за што яму і яго бізнэс-партнёру Сяргею Кагановічу прыйшлі 5 мільёнаў даляраў. Яшчэ 8 мільёнаў пайшлі ў спартыўны клуб Лукашэнкi, каля двух Кірэйкаў аддаў рэжыму за абвешчаную ім «шкоду». Ну а партнёрства з «Дынама», здаецца, пайшло «бонусам» да гэтай гісторыі.

Green замяніў у партнёрскім спісе «Дынама» групу кампаній A-100, якая стала супрацоўнічаць з клубам у 2020-м, яшчэ калі Баскаў быў гендырэктарам «Дынама». Там абышлося без СІЗА, але не без дзіўных гісторый – ужо праз два тыдні пасля афармлення здзелкі на 3 мільёны долараў (па іншых звестках, нават больш) аднавіліся працы групы па будаўніцтве элітнага жылога комплексу ў цэнтры Мінска, якія да гэтага некалькі гадоў забараняла дзяржава. Праўда, пасля выбараў А-100 і яе кіраўнік Аляксандр Цэнцер патрапілі ў некалькі «палітычных» пераплётаў – і ў пачатку 2021-га лагатыпы кампаніі датэрмінова «выразалі» з-пад лёду «Мінск-Арэны».

«Прыёрбанк» і без «Дынама» быў у спорце

Без гісторыі з Касцючэнкам партнёрскія адносіны з хакейным клубам для «Прыёрбанка» не былі б нечым дзіўным. Яшчэ ў 2004-м банк стаў генеральным спонсарам юнацкага ЧС па хакеі, які праходзіў у Мiнску. Далей банк пачаў аказваць фінансавую дапамогу футбольным, хакейным, валейбольным і гандбольным клубам з розных гарадоў краіны, беларускім федэрацыям у-шу, гарналыжнага спорту і снаўборда, школам алімпійскага рэзерву.

«Прыёрбанк» паспрыяў стварэнню баскетбольнай каманды, якая зараз выступае ў ЧБ пад назвай «Імпульс-БДУІР». Таксама каманда банка гуляе ў адной з аматарскіх міні-футбольных ліг Мінска.

Бадай, самым вядомым праектам «Прыёрбанка» ў спорце стала пагадненне з Федэрацыяй хакея Беларусі, падпісанае ў 2010-м. Паводле слоў тагачаснага старшыні хакейнай федэрацыі Яўгена Ворсіна, усе грошы па кантракце пайшлі на падрыхтоўку і правядзенне ў Мінску хакейнага ЧС-2014, а таксама «падрыхтоўку зборнай Беларусі да дастойнага выступлення». Касцючэнка казаў, што «дадзены крок з'яўляецца чарговым укладам у развіццё спорту і спробай далучэння моладзі да здаровага ладу жыцця». Дагавор быў падпісаны на аказанне спонсарскай дапамогі на сотні мільярдаў недэнамінаваных рублёў, у дзень пачатку дзеяння банк выдзеліў чвэрць мільярда – на той момант 83 тысячы долараў.

На самім ЧС-2014 банк арганізаваў конкурс на самую прыгожую заўзятарку Беларусі, які сабраў каля паўмільёна галасоў. Пераможцай стала мінчанка Таццяна Андрыянава.

У 2019-м «Прыёрбанк» меў статус «афіцыйнага пастаўшчыка» Еўрапейскіх гульняў у Мінску, а таксама разам з Visa узяў на сябе арганізацыю фан-зон.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты