Tribuna/вид спорта не определен/Блогі/Самую прыніжальную паразу ў кар'еры байцу-беларусу Арлоўскаму нанёс расійскі варʼят: выпадкова патрапіў у клетку, атакаваў бардэлі, выціскаў суперніку вочы

Самую прыніжальную паразу ў кар'еры байцу-беларусу Арлоўскаму нанёс расійскі варʼят: выпадкова патрапіў у клетку, атакаваў бардэлі, выціскаў суперніку вочы

Сёння абаіх цікавіць сітуацыя ва Украіне.

Аўтар — bytribuna com
20 верасня, 18:00
Самую прыніжальную паразу ў кар'еры байцу-беларусу Арлоўскаму нанёс расійскі варʼят: выпадкова патрапіў у клетку, атакаваў бардэлі, выціскаў суперніку вочы

Андрэй Арлоўскі – галоўная зорка ў свеце адзінаборстваў ад Беларусі. Амаль 20 гадоў таму ўраджэнец Бабруйска стаў чэмпіёнам UFC у цяжкай вазе: ні да, ні пасля нашым суайчыннікам не ўдавалася паўтарыць гэтае дасягненне. Пры гэтым многія і не памятаюць, што карʼера ў ММА для Арлоўскага пачалася з сакрушальнай і недзе нават зневажальнай паразы.

Здарылася гэта на «чэмпіянаце свету 1999» – MMA-турніры, які арганізавала кампанія «Мікс-файт М-1» у Санкт-Пецярбургу. «Пітбулю» тады толькі споўнілася 20 і за месяц да гэтага ён выйграў чэмпіянат свету па баявым самба сярод юніёраў. Супернікам жа ў клетцы стаў 18-гадовы мясцовы баец Вячаслаў Дацык, які таксама дэбютаваў у змешаных адзінаборствах. Як успамінаў пасля сам Дацык, супернікам Арлоўскага ён стаў выпадкова.

- Мяне ў гэтым баі наогул не павінна было быць, я проста ішоў паглядзець турнір. Знаёмы хацеў правесці мяне праз службовы ўваход, а я папёрся праз галоўны. Да мяне дакапаліся ахоўнікі. А калі я быў дробным, быў увогуле адмарозкам. Наехаў на ўсю ахову. Хацеў іх усіх там ляснуць. Яны пачалі на мяне нешта рыкаць. Тут падцягнуўся знаёмы. Кажа: «Што, баец круты?» Адказваю: «Накшталт таго» «А што, на рынг слабо – супраць Арлоўскага?» А мне нічога не слабо. І я што, ведаў, хто такі Арлоўскі? Ды мне ўвогуле па барабане было. З ім нехта адмовіўся біцца, а я выйшаў на замену. Проста з вуліцы. Праз тое, што дакапаўся да аховы на ўваходзе, – успамінаў Дацык у адным з інтэрвʼю.

Бой праходзіў, што называецца, у адну браму: Арлоўскі выглядаў нашмат лепей і лёгка перабіваў Дацыка. Але ў нейкі момант беларус ці то стаміўся, ці то разгубіўся, што суперніка нічога не бярэ, і «Рыжы Тарзан» на шостай з дзесяці хвілін раўнда наймагутным правым бакавым вырубіў Арлоўскага – чысты накаўт, пасля якога запатрабавалася ўмяшанне лекараў. Можа, тады сківіца беларускага байца і стала крыштальнай?

Цяпер абодвум за 40, але яны працягваюць біцца: Арлоўскі ўсё яшчэ выступае ў арганізацыі UFC у ЗША, Дацык жа, не здолеўшы пабудаваць карʼеру як профі, стаў зоркай расійскага поп-ММА (там праводзяцца баі паміж непрафесіяналамі: артыстамі, блогерамі, былымі байцамі). Таксама ён правёў некалькі баксёрскіх паядынкаў.

У Арлоўскага некалькі разоў пыталіся пра магчымы рэванш супраць Дацыка. Спачатку беларус гэтую ідэю ўсяляк адпрэчваў, але летась у кастрычніку быў ужо не такі катэгарычны.

- Наўрад ці зараз UFC дазволіць гэты бой. Пасля майго кантракту з UFC, калі я буду свабодным агентам, калі змогуць зацікавіць – чаму не? Можа быць, – глыбакадумна сказаў бабруйчанін.

Таксама абодва нядаўна патрапілі ў навінныя зводкі ў кантэксце вайны ва Украіне. Арлоўскага ў Instagram спыталі пра сітуацыю ва Украіне і Расіі, на што той не даў дакладнага адказу, прычапіўшыся да звароту на «ты» (звычайна, камунікуючы з аўдыторыяй у сацсетках, ён ігнаруе такія дробязі).

- А як ты думаеш? Мусіць, трэба ўсё ж такі на вы, мы ж не знаёмыя, гэта раз. Па-другое, не як я думаю, а што я думаю, калі вы хочаце задаць пытанне. Думаю, думаю, – адказаў баец.

Дацык займае больш акрэсленую пазіцыю. Стала вядома, што ён адправіўся на акупаваныя тэрыторыі Данецкай вобласці і, магчыма, не проста на «экскурсію». Ягоны менеджар паведаміў, што баец можа заключыць кантракт з міністэрствам абароны Расеі і застацца на Данбасе служыць.

Расказваем падрабязней пра першага крыўдзіцеля Арлоўскага: неанацызм, некалькі ходак у турму і ўцёкі з псіхлякарні.

Пасля рабаванняў трапіў у псіхлякарню – адтуль збег на лодцы ў Нарвегію

Праз частыя паразы Дацык кінуў карʼеру байца і пайшоў у крымінал. У 2007-м ён стаў фігурантам справы аб серыі рабаванняў салонаў сотавай сувязі. Судовы працэс доўжыўся два гады, і па выніку баец быў прызнаны псіхічна хворым і накіраваны на прымусовае лячэнне.

- Я на экспертызе з глузду зʼязджаў. Сцяну праламаў, адарваў батарэю, сталёвыя загваздкі вырваў, потым разбіраў імі падваконне, цэглу здаваў санітарам, нічога не жэр, усю ахову трымаў у страху. Мяне ўжо праз тры дні прызналі варʼятам, – успамінаў сам баец.

Жах ён наводзіў і на супрацоўнікаў псіхлякарні. А ў 2010-м зладзіў уцёкі – папрасіўся на вуліцу, адштурхнуў санітара і ўцёк.

Як аказалася, на лодцы даплыў аж да Нарвегіі, дзе здаўся мясцовым уладам і папрасіў палітычны прытулак. Прытулак яму далі – у нарвежскай турме. Справа ў тым, што «Рыжы Тарзан» прыйшоў здавацца ў паліцэйскі пастарунак з зараджаным пісталетам, і атрымаў восем месяцаў турмы за нелегальнае захоўванне агнястрэльнай зброі. Але адсядзець увесь тэрмін у Еўропе не ўдалося – у Нарвегію паступіў запыт аб экстрадыцыі ў Расію, дзе Дацыка ўжо прыгаварылі да пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Да таго ж яму было прадʼяўлена новае абвінавачанне – у незаконным перасячэнні мяжы.

Уварваўся ў бардэль і адвёў голых прастытутак у паліцыю

За кратамі Дацык вывучаў юрыспрудэнцыю – нібыта каб займацца праваабарончай дзейнасцю. У 2016-м ён выйшаў на волю, а ўжо праз два месяцы зноў патрапіў у крымінальныя зводкі. Баец уварваўся ў салон інтымных паслуг у Санкт-Петэрбургу, прымусіў распрануцца дзевяць прастытутак і ў голым выглядзе адвёў іх у пастарунак. На пытанне сілавікоў, чаму дзяўчаты былі без адзення, Дацык адказаў: «У чым заспелі, у тым і павялі. Краіна мусіць ведаць сваіх герояў».

Барацьба з прастытуцыяй стала ці не галоўнай справай Дацыка. Асабліва ён «змагаўся» з афрыканскімі жрыцамі кахання, якія, па ягоным меркаванню, заражалі расіян СНІДам. Ён заклікаў сваіх суайчыннікаў інфармаваць аб рабоце бардэляў у паліцыю.

- Русічы па ўсёй краіне, калі вы ведаеце, дзе ёсць бардэлі, выклікайце 102 і прымушайце паліцыю іх афармляць. Рабіце, як мы, і абараняйце наш народ ад *********, які тут вырас, – звяртаўся Дацык да нацыі.

Адзін з наступных ягоных рэйдаў скончыўся новай крымінальнай справай (за разбой і пранікненне ў чужое жыллё) і тэрмінам на 3,5 гады, толькі ўжо ў калоніі строгага рэжыму.

Трэці тэрмін атрымаў за незаконнае перасячэнне мяжы з Эстоніяй

Трэці тэрмін Дацык атрымаў за незаконнае перасячэнне мяжы з Эстоніяй у снежні 2019-га. Суд прыгаварыў яго да года пазбаўлення волі. Па словах жонкі байца, ва ўсім вінаваты чалавек, з якім Дацык сеў у лодку – так, ён зноў вырашыў патрапіць у Еўропу па вадзе.

Называў сябе сынам Сварога, а дачку назваў Валькірыяй

Дацык вядомы не толькі як спартсмен, але і як неанацыст – ён быў членам на сёння забароненай у Расіі арганізацыі «Славянскі саюз», а ў сетцы можна знайсці кадры, дзе ён пазіруе на фоне свастыкі і сцягоў з сімволікай арміі СС.

Па інтэрнэце ў свой час шырока разышлося відэа, на якім Дацык распавядаў пра сябе паліцыянтам: «Рыжы Тарзан, сын Сварога (вярхоўны бог усходніх славянаў, бог агню – Tribuna.com), уладар мурамскіх лясоў з роду Шэрых Псоў!»

Акрамя таго сваю малодшую дачку Дацык назваў Валькірыяй – дзевай-ваяўніца са скандынаўскай міфалогіі, якая вырашае, хто з воінаў, што загінулі ў баі, можа патрапіць у Вальхалу.

Атрымаў дыскваліфікацыю ў баі з беларусам, спрабуючы выціснуць яму вочы

8 лютага 2001 года Дацык біўся з яшчэ адным вядомым байцом з Беларусі Віталём Шкрабай. Тая сустрэча была датэрмінова перапыненая: пасля другога папярэджання за націсканне на вочы расіянін быў дыскваліфікаваны, аднак з рашэннем не пагадзіўся і пачаў спрачацца з суддзёй.

Двухразовы чэмпіён Беларусі па боксе ў суперцяжкай вазе Шкраба праз месяц пасля паядынку з Дацыкам біўся ўжо па правілах бокса з Мікалаем Валуевым і саступіў гіганту тэхнічным накаўтам у чацвёртым раўндзе. 17 ліпеня 2008 года Шкраба быў знойдзены мёртвым з нажом у грудзях у сваёй кватэры ў Салігорску. Версія следства – самагубства.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты