Tribuna/Тэніс/Блогі/Сабаленка пасля паразы ў фінале US Open плакала, жартавала і крыху псіхавала

Сабаленка пасля паразы ў фінале US Open плакала, жартавала і крыху псіхавала

Здаецца, легенда амерыканскага тэнісу не зразумела ейных паводзінаў.

Аўтар — bytribuna com
10 верасня, 10:12
Сабаленка пасля паразы ў фінале US Open плакала, жартавала і крыху псіхавала

Фінал Адкрытага чэмпіянату ЗША па тэнісе скончыўся для Арыны Сабаленкі расчараваннем і слязьмі: упэўнена ўзяла першы сэт (6:2), мела шанец на пачатку другога, а пасля пасыпалася і аддала матч – 3:6, 2:6. Па той бок сеткі была 19-гадовая амерыканка Кока Гаўф. Калі Сабаленка па выніках US Open будзе першай ракеткай свету, то тынэйджарка – трэцяй, але з чарговым трафеем на паліцы.

Так, Гаўф выбітна правяла серыю амерыканскіх хардавых турніраў у жніўні гэтага года. Да таго, як перамагчы ў галоўным, была наймацнейшай і ў Вашынгтоне, дзе дала рады дасведчанай Марыі Сакары, і ў Цынцынаці – там увогуле была лепшай за Ігу Швёнтак. Хаця і Сабаленка праводзіла выбітны сезон. Пасля перамогі на Australian Open дабралася да паўфіналаў «Ралан Гарос» і «Уімблдона» – трымала планку на ўсіх турнірах Вялікага Шлему.

Гаўф упершыню абгуляла Сабаленку, калі мела ўсяго 16 гадоў – і тады, на турніры ў Лексінгтане, то была сенсацыя. У ноч з суботы на нядзелю ніякай сенсацыі не было, хаця некалькі тыдняў таму ў Індыян Уэлсе (не)прыхільніца Лукашэнкі была мацнейшай за амерыканку.

Арэна Артура Эша прадказальна заўзела за суайчынніцу. Пасля гульні Сабаленка намагалася стрымліваць слёзы (тыя ўсё роўна каціліся), але ж атрымала сваю порцыю апладысментаў – і жартам папракнула публіку, што тая магла б гэтак сама падтрымліваць яе і падчас матчу.

Гульня падарыла гледачам багата эмоцый – і сваім сюжэтам, і некаторымі розыгрышамі. Гэты выглядае вельмі моцна.

Для Сабаленкі гэта быў другі фінал Вялікага шлему ў кар'еры (і першы прайграны) – зрэшты, як і для Гаўф (і першы выйграны, бо год таму ўва Францыі была параза). Амерыканка на сваёй перамозе зарабіла 3 мільёны долараў, Сабаленка – удвая меней. Ці не па гэтым яна плача? Хаця наўрад ці. Хутчэй па 46 невымушаных памылках на корце, у той час як у суперніца дапусціла ўсяго 19.

Камеры падчас US Open не раз фіксавалі, як Сабаленка змагаецца з эмоцыямі. У паўфінале была жорсткая размова са сваімі трэнерамі – гэта даўно вядомая практыка.

Але ж аператары пабачылі і брутальныя паводзіны Сабаленкі датычна ракеткі. Журналісты адышлі ўбок, каб не перашкаджаць.

Каментуючы для публікі матч, Сабаленка адмыслова звярнулася да сваёй каманды: дэманічна засмяялася і сказала, што памочнікі ведаюць, што ўсе неўзабаве будуць звольненыя. Падобна да жарту, але хто ведае.

У сацсетках паспелі пажартаваць з жарту спартсменкі. Маўляў, падстава для звальнення – спроба трэнераў падтрымаць Сабаленку пасля матчу жэстам, за які ў Беларусі можна патрапіць на суткі. Хаця, канешне, Арына цалкам па-за палітыкай і наўрад ці зразумее гумар.

Ну і маленькі недарэчны эпізод. Здавалася б, сумесны кадр пасля матчу – справа звычайная, але нешта пайшло не так. Стоячы побач з Білі Джын Кінг, беларуска круцілася-круцілася, а пасля ўвогуле сышла з фотасесіі, пакінуўшы легенду амерыканскага тэнісу ў кампаніі суайчынніцы. Білі Джын, здаецца, не вельмі зразумела, што адбылося, затое ім з Гаўф было што абмеркаваць.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты