Tribuna/Барацьба/Блогі/У новым праекце Вольскага шмат дачкі трэнера-барца. Яна ўцякла ад рэпрэсій, а бацька ў зборнай Беларусі працуе з прызёркай ЧЕ

У новым праекце Вольскага шмат дачкі трэнера-барца. Яна ўцякла ад рэпрэсій, а бацька ў зборнай Беларусі працуе з прызёркай ЧЕ

Спявачка дакладна прапусціла эмігранцкі альбом праз сябе.

Аўтар — bytribuna com
18 верасня, 19:00
У новым праекце Вольскага шмат дачкі трэнера-барца. Яна ўцякла ад рэпрэсій, а бацька ў зборнай Беларусі працуе з прызёркай ЧЕ

14 верасня, у свой 58-ы дзень нараджэння, топавы беларускі музыка Лявон Вольскі выпусціў новы альбом «Эмігранты», які назваў «эпічным палатном, дзе расказваецца пра новую беларускую рэчаіснасць». За гадзіну ў 21 трэку (і яшчэ 15 устаўках-скітах) распавядаецца пра цяжкасці, трывогі і спадзяванні тых, каго лукашэнкаўскі рэжым змусіў пакінуць Радзіму. Як з часам мяняецца настрой, паказана дзвюма дададзенымі аўдыясцэнкамі сустрэч – у пачатку альбома герой Вольскага адказвае знаёмаму, што не шукаў працу і кватэру за мяжой, таму што «хутка мы пераможам і паедзем дадому», а ў канцы ўжо і мову іншай краіны вывучыў. У фінальнай песні персанаж фармулюе цэнтральнае пытанне: «Як шмат мы хацелi, як мала змаглi, / раскiдала выбухам нас па Зямлi, / мы вернемся, толькi куды i калi?»

Але не ўсе песні альбома выконваў толькі Вольскі – быў і жаночы голас. Запрошаная выканаўца адыгрывала розныя ролі – і незадаволенай новым узроўнем жыцця эмігранткі, якая скардзіцца, але вярнуцца ў рэжымную Беларусь не гатовая, і фанаткі «рускага свету» з райцэнтра. Але ярчэй за ўсё, мабыць, атрымаўся вобраз у «Матчынай песні» – маці вымушанага рэлаканта, якая, застаючыся ў Беларусі, больш, чым сыну, верыць выдумкам прапагандыстаў пра холад і голад у Еўропе, прад'яўляе прэтэнзіі за пакінутага на догляд ката і на поўным сур'ёзе раіць вярнуцца, «адсядзець год ці два, ачысціць сумленне ў турме, уладкавацца потым на працу» (насамрэч выпушчаным на волю палітвязням павальна адмаўляюць у працаўладкаванні і ствараюць іншыя праблемы, з-за якіх пасля адсідкі ўсё роўна даводзіцца пакідаць Беларусь).

Запрошанай вакалісткай на альбоме Вольскага з чыстай беларускай мовай стала 29-гадовая спявачка Кетэван Асраташвілі. Яна нарадзілася ў Тбілісі і першыя пяць гадоў жыцця правяла ў Грузіі, але потым пераехала ў Беларусь, на Радзіму маці. З самага дзяцінства Кетэван захаплялася музыкай, таму паступіла ва ўніверсітэт культуры, але потым перавялася ў акадэмію мастацтваў, дзе атрымала спецыяльнасць актрысы драматычнага тэатра і кіно, аднак там далей за масоўку і эпізоды не пайшло. Паралельна дзяўчына працягвала шукаць сябе ў музыцы – у 2014-м здарыўся лакальны поспех: трэк «Боль» узяў прэмію конкурсу дзяржТБ «Песня года Беларусі» ў намінацыі «Клубны хіт».

Пасля Асраташвілі некалькі разоў станавілася фіналісткай серыі незалежных конкурсаў «Заспявай» – а пік папулярнасці здарыўся ў 2021-м: вядомы расійскі журналіст (шмат гадоў – спартыўны) Юрый Дудзь знайшоў і падзяліўся з падпісчыкамі відэа з паўфіналу «Заспявай- 7», дзе Кетэван выканала са спявачкай Палінай яе песню «Месяц». У выніку запіс набраў больш за тры мільёны праглядаў на YouTube.

Лета 2021-га стала часам чарговага хапуна ад сілавікоў Лукашэнкі – пайшла новая хваля ад'ездаў з Беларусі. Асраташвілі, якая выходзіла на пратэсты, вымушана апынулася ў Кіеве, адкуль пісала, што «душэўныя траўмы застануцца на ўсё жыццё», і выказвала пагарду «рэжыму Лукашэнкі, Пуціна і ўсіх гэтых шызоідных старых». Але наперадзе было яшчэ адно выпрабаванне – пачалася вайна, якую з 24 лютага 2022 года працягвае Расiя ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. Спявачка з'ехала ў Польшчу, дзе стала валанцёрам у дапамогу ўкраінскім уцекачам, і не магла «зразумець, што адбываецца ў галовах рускага чалавека». Пазней яна выпусціла антываенную песню «Засынай», з якой у 2023-м выступіла на варшаўскім канцэрце да беларускага Дня волі.

А патэрны неразумення з альбома Вольскага цалкам могуць быць знаёмыя Кетэван асабiста. Яе бацька Атар Асраташвілі застаецца ў беларускай сістэме. У канцы 2022-га як трэнер па вольнай барацьбе ў дзяржаўнай СДЮШАР Барысава ён упісаўся ў «чэлендж» ад выканкама Лукашэнкі па Мінскай вобласці.

Асраташвілі – майстар спорту СССР па вольнай барацьбе, ён пазнаёміўся з маці Кетэван, калі прыехаў у Мінск на спаборніцтвы. Дзяўчына ўспамінала, што ў яе дзяцінстве бацька «пастаянна навязваў усё грузінскае». Цяпер у Атара ў сябрах на Facebook рэжымны цвет вiду – кіраўнік федэрацыі барацьбы Алім Селімаў, былая дапінгістка Васіліса Марзалюк і іншыя. А ў графе «Улюбёныя цытаты» напісана вось такое: «БЕЛОГРУЗИА МОЛОДОСТ МАЯ».

Грузін значыцца першым трэнерам у пары рэзервістак зборнай Беларусі, але галоўным яго трэнерскім поспехам апошніх гадоў застаецца Настасся Зімянкова. У 2016-м яна выйграла ЧЕ U-18, а ў 2018-м ва ўзросце 18 гадоў пасля няўдалага сезона нечакана дайшла да фіналу дарослага чэмпіянату Еўропы. Пасля ўзятага срэбра спартсменка дала інтэрв'ю, дзе расхваліла трэнера: «Спачатку да мяне скептычна ставіліся ўсе трэнеры спартшколы, акрамя Атара Раманавіча. Я ў яго займаюся з першага дня. Ён па адным маім позірку можа вызначыць, у якім я стане. Яму важна падвесці мяне ў добрай форме менавіта да спаборніцтваў».

Неўзабаве пасля дарослага поспеху Зімянкова стала другой на ЧЕ-2018 U-23, а ў 2019-м у гэтай жа ўзроставай катэгорыі стала чэмпіёнкай свету. Аднак пасля гэтага ў спартсменкі з'явіліся нейкія праблемы са здароўем, праз якія ў кар'еры ўзнікла паўза. У 2021-м Зімянкова вярнулася, але праваліла адбор на АГ – прайграла першую ж схватку. Але потым узяла бронзу чарговага ЧЕ U-23 – Асраташвілі захапляўся, кажучы, што вучаніца «ў далёка не найлепшым стане здзейсніла практычна подзвіг, змагаючыся на голым таленце».

У канцы 2022-га Зімянкову ўключылі ў асноўны склад зборнай Беларусі на 2023-i – Асраташвілі застаўся прапісаным у статусе асабістага трэнера спартсменкі. Гэты год для яе ідзе нядрэнна – яна стала чэмпіёнкай Беларусі, а цяпер рыхтуецца ў нейтральным статусе стартаваць у 1/16 фіналу дарослага ЧС (катэгорыя да 76 кг). Застаецца незразумелым, як Настассю дапусцілі да турніру – рэкамендацыі МАК забараняюць удзел у міжнародных спаборніцтвах спартсменаў з кантрактамі з беларускімі ваеннымі арганізацыямі, а Зімянкова ў спісачны склад зборнай унесена як прадстаўніца спорткамітэта ўзброеных сіл Лукашэнкі. Але ў міжнароднай федэрацыі барацьбы і без таго хапае дзівосных рашэнняў – допуск на ЧС атрымалі і некалькі расiян з мітынгу за вайну ва Украіне.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты