Tribuna/Барацьба/Блогі/У вольнікаў ад Беларусі (палова расіян) правал на ЧС. Затое чэмпіёнам стаў сын беларускі за ЗША – ягоны бацька браў топ-медалі пад БЧБ

У вольнікаў ад Беларусі (палова расіян) правал на ЧС. Затое чэмпіёнам стаў сын беларускі за ЗША – ягоны бацька браў топ-медалі пад БЧБ

Унікальная сітуацыя.

Аўтар — bytribuna com
21 верасня, 09:09
У вольнікаў ад Беларусі (палова расіян) правал на ЧС. Затое чэмпіёнам стаў сын беларускі за ЗША – ягоны бацька браў топ-медалі пад БЧБ

З 16 па 24 верасня ў сербскім Бялградзе праходзіць чэмпіянат свету па барацьбе. Дапусцілі да яго і некаторых спартсменаў са зборнай Беларусі, якая адхіленая ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, што з 24 лютага 2022 года працягвае Расія ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. Удзельнікі ў турніры значацца як «індывідуальныя нейтральныя атлеты» (AIN).

За першыя дні цалкам скончылася праграма выступаў у мужчын-вольнікаў. Такіх ад беларускай сістэмы на ЧС паехала дзесяцёра, прычым ураджэнцаў Беларусі сярод іх была толькі палова – у барацьбе даўно квітнее натуралізацыя, якая працягваецца пры цяперашнім старшыні беларускай федэрацыі, прарэжымным выхадцы з Дагестана Аліме Сялімаве. Але ніякіх поспехаў такая палітыка дабіцца не дапамагла.

Самы сумны вынік атрымаўся ў якуту Нюргуна Скрабіна (да 65 кг) – той прайграў адзіны паядынак і стаў 38-м. Ягоны зямляк Андрэй Бекранёў (да 61 кг) выйграў толькі адну схватку (выніковае 13-е месца). Дагестанцы таксама былі далёкія ад топу – Расул Ціхаеў (да 86 кг) выйграў двойчы і апынуўся 14-м, Гаджы Раджабаў (да 92 кг, адзіны з пяцёркі натуралізаваных без подпісу за Лукашэнку) з адной перамогай заняў 15-е месца, а віцэ- чэмпіён АГ-2020 Магамедхабіб Кадзімагамедаў (да 74 кг) прайграў першы ж двубой і стаў 26-м. Хаця, трэба прызнаць, арганічна беларускія спартсмены таксама асабліва нічога не паказалі: Дзяніс Храмянкоў (да 125 кг) стаў 11-м, Андрэй Карпач (да 79 кг) – 16-м, Мікіта Дзмітрыеў (да 70 кг) – 25-м, Дзмітрый Шамела (падпісант за рэжым, да 57 кг) – 28-м, Аляксандр Гуштын (да 97 кг) – 33-м. Гэта ўсё да размоваў пра тое, як міжнародны спорт прасеў па ўзроўні праз адсутнасць беларусаў.

Андрэй Бекранёў

А тым часам у катэгорыі, дзе ад белсістэмы выступаў якут Бекранёў, чэмпіёнам стаў прадстаўнік ЗША, імя якога ў «Вікіпедыі» прапісана як Віта Аруджаў. Ён без праблем вынес чатырох супернікаў да фіналу, дзе сустрэўся з «нейтральным» дагестанцам ад Расіі Абасгаджы Магамедавым. Там Аруджаў таксама вёў паядынак, у самым канцы дазволіў суперніку падабрацца па балах, а ў апошняй атацы Магамедаў рассек суперніку галаву – але той не звярнуў на гэта ніякай увагі і як ні ў чым ні бывала святкаваў чэмпіёнства з крывавай паласой на лбе.

24-гадовы Аруджаў ішоў да ўзнагароды доўга – яшчэ ў 2016-м стаў сярэбраным прызёрам ЧС сярод кадэтаў, у 2019-м узяў срэбра ўжо на ЧС U-20. У 2021-м дужавік спрабаваў прарвацца на АГ-2020 – дайшоў да фіналу амерыканскага адбору, але там саступіў будучаму бронзаваму прызёру Гульняў Томасу Гілману. А вось у 2023-м Аруджаў, перайшоўшы з катэгорыі да 57 кг у да 61 кг, паехаў на дарослы ЧС, дзе яго чакаў трыумф.

Чаму мы так цікавімся амерыканскім барцом? Уся справа ў тым, што ён беларус! Прынамсі, напалову: яго маці Жанна – мазыранка, якая некалі займалася веславаннем. А бацька – азербайджанец Вугар Аруджаў – якраз з натуралізаваных Беларуссю дужавікоў. У канцы 1980-х ён захацеў зʼехаць з родных мясцін праз узброеныя канфлікты, якія там пачасціліся, – і трэнер знайшоў варыянт у Гомелі. Там яшчэ юніёр Аруджаў стаў прагрэсаваць – і незадоўга да свайго 20-годдзя, у кастрычніку 1991-га, узяў золата ЧС у катэгорыі да 48 кг. Фармальна Вугар лічыўся савецкім змагаром, але, як вядома, Беларусь заявіла пра сваю незалежнасць яшчэ да турніру.

У 1992-м у складзе «абʼяднанай каманды» Аруджаў адправіўся на АГ (як кажуць, месца чэмпіёна было пад сумневам – на абарону ўстаў Аляксандр Мядзведзь). У Барселоне прадстаўнік Гомеля стаў бронзавым прызёрам. А ў 1993-м узяў срэбра новага ЧС – ужо сапраўды за Беларусь пад дзяржаўным бел-чырвона-белым сцягам. Зрэшты, пад ім праходзіла ўзнагароджанне і на АГ – канкрэтна з Аруджавым фота ці відэа не знайсці, але так было ва ўсіх індывідуальных відах.

Неўзабаве Аруджаў змяніў сцяг – і ў 1995-м выйграў яшчэ ЧЕ і ЧС за Расію (а ў 1996-м зʼездзіў на АГ, дзе прайграў матч за бронзу). Усё гэта, дарэчы, робіць дасягненне цяперашняга чэмпіёна Віта ўнікальным – ён першы ў гісторыі вольнай барацьбы «залаты» сын уладальніка сусветнага золата. І пра дасягненні бацькі нагадаў адразу пасля пераможнага фіналу – падчас інтэрвʼю, якое ператварылася ў сямейнае святкаванне.

А яшчэ біяграфія бацькі дае падставу задумацца над месцам нараджэння Віта. Ва ўсіх асноўных крыніцах ім указаны штат Нью-Ёрк – аднак дужавік зʼявіўся на свет у 1999 годзе. А Вугар Аруджаў у інтэрвʼю 15-гадовай даўніны распавядаў, што пасля пераезду ў ЗША спачатку некалькі гадоў жыў у зусім іншым штаце – Каліфорніі. І галоўнае – «грын-карту», якая дапамагла сямʼі змяніць кантынент, жонка Вугара, па ягоным прызнанні, выйграла толькі ў 2000-м. Ды і адзін лакальны сайт заяўляе, што Віта перавезлі ў Амерыку пазней, калі бацькі ўжо крыху абжыліся на новым месцы.

Атрымліваецца, прадаўжальнік дынастыі мог нарадзіцца ў Беларусі. І яшчэ адзін аргумент за гэтую версію – пашпартныя звесткі: Vitali (такое поўнае імя) менавіта Arujau – а гэта яўна перакладзенае на лацінку напісанне бацькоўскага прозвішча на беларускай мове, і падобнае распаўсюджана ў дакументах з нашай краіны. Прозвішча бацькі, які зараз трэнуе ў адным з нью-ёрскіх каледжаў, пішуць як Oroudjov.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты