Tribuna/Барацьба/Блогі/Гнуткі дагестанец з барацьбы не стамляецца фанацець ад Лукашэнкі. Вось адкуль ён узяўся ў Беларусі

Гнуткі дагестанец з барацьбы не стамляецца фанацець ад Лукашэнкі. Вось адкуль ён узяўся ў Беларусі

У 2020-м маўчаў, але потым разагнаўся.

Аўтар — bytribuna com
8 лістапада, 15:30
1
Гнуткі дагестанец з барацьбы не стамляецца фанацець ад Лукашэнкі. Вось адкуль ён узяўся ў Беларусі

На пачатку лістапада старшыня беларускай фэдэрацыі барацьбы Алім Селімаў даў вялікае інтэрв'ю аднаму з прапагандысцкіх СМІ. Спорту ў спісе галоўных тэм не было. Затое Селімаў абвінаваціў «калектыўны Захад» у «навязванні каштоўнасцяў» (дасталася Хэлоўіну і ЛГБТ).

Але галоўныя выказванні былі пра 2020-ы, у якім экс-барэц наогул публічна не выступаў і нават не падпісаўся за рэжым (актыўна выказвацца за яго стаў з 2021-га, калі ўзначаліў федэрацыю). Цяпер дагестанец спрабуе ачарніць мірныя пратэсты супраць фальсіфікацыі рэжымам прэзідэнцкіх выбараў 2020-га – заяўляе, што нібыта бачыў, як у рэжымных «сілавікоў» кідалі «банкі, склянкі і кактэйлі Молатава».

– Гэты бардак адбываўся пад маімі вокнамі. І мне было страшна. Гэтыя страшныя натоўпы… Ну, як, гледзячы на тое, што адбываецца, можна пераабуцца? – цяпер кажа Селімаў, які паспяхова адмаўчаўся ў той час.

Таксама экс-барэц у цэлым расхваліў рэжым, які яму «так шмат даў».

– Я прыехаў у Беларусь, зарабляў і атрымліваў выгоды ад беларускай дзяржавы. У краіне, у якой можна добра і нябедна жыць, уладкоўвацца, працаваць. І атрымліваць вынік і ў плане павагі і стаўлення людзей, і ў плане фінансаў, – заявіў Селімаў пра краіну, дзе нават па «афіцыйнай» статыстыцы палова насельніцтва не зарабляе і 500 долараў.

Узгадаў у свежым інтэрв'ю Селімаў і пра Украіну. Там, на яго думку, спрабуюць «натравіць адзін на аднаго людзей» і «навязаць свае ідэі і правілы» – а ад усяго дрэннага свет ратуюць Пуцін і Лукашэнка, якія «дакладна далі зразумець, што так не пойдзе». Нагадаем, што кіраўнікі расійскага і беларускага рэжымаў увогуле суагрэсары ў вайне, якую з 24 лютага 2022 года працягвае Расія ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. А сам Селімаў на трэці дзень вайны заклікаў яе спыніць.

Зрэшты, яшчэ Селімаў у маі гэтага года казаў, што ў беларускай барацьбе няма тых, хто б падтрымліваў вайну ва Украіне, але да гэтага называў «добрымі людзьмі» расійскіх прапуцінскіх экс-спартсменаў, якія падтрымлівалі ваенныя дзеянні.

40-гадовы экс-барэц нарадзіўся ў Дагестане ў буйным сяле Касумкент у сям'і настаўнікаў. Бацька рыхтаваў для сына кар'еру вайскоўца, але рана памёр. А сам Алім абраў барацьбу, куды патрапіў выпадкова – ішоў на валейбол, але памыліўся залай.

У Беларусь Селімаў пераехаў пасля таго, як у 16 гадоў «вольнік» наведаў Мазыр – пагасцяваць у дзядзькі свайго таварыша. Малік Эскендэраў вёў у горадзе секцыю грэка-рымскай барацьбы – і, паглядзеўшы на ўменні Селімава, прапанаваў яму памяняць стыль і прадоўжыць кар'еру ў Беларусі. З цяжкасцю ўгаварыўшы маму адпусціць з Радзімы дзеля кар'еры, Алім абжыўся ў Гомельскай вобласці, а для паскарэння атрымання грамадзянства Эскендэраў нават фармальна ўсынавіў юнака.

Праз 6 гадоў пасля пераезду ў Беларусь Селімаў выйграў ЧС-2005 у Будапешце – на п'едэстале ціха цешыўся, што за гэта атрымае падвышаны заробак і зможа аддаць пазыкі. У 2007-м адмовіўся ад прапановы зборнай Азербайджана, дзе, па словах экс-барца, абяцалі прыкладна 500 тысяч долараў. У 2011-м Селімаў, вярнуўшыся пасля серыі траўмаў, даволі нечакана выйграў яшчэ адзін ЧС. З АГ у яго не склалася – то не адбіраўся, то прайграваў.

У біяграфіі Селімава таксама ёсць праца гендырэктарам мiнскага «Дынама» – прызначылі, калі ўладальнік клуба Юрый Чыж паралельна ўзначальваў федэрацыю барацьбы, – спроба выставіць сябе ініцыятарам «справы Верамко» (выглядала непраўдападобна), заява аўтару непажаданага матэрыялу, што ў Расii яму бы пераламалі ногі, і сцвярджэнне пра наяўнасць «абавязку вырасціць богабаязных людзей» з беларускіх дзяцей. А яшчэ Селімаў падтрымліваў палестынцаў як сваіх аднаверцаў-мусульман задоўга да цяперашняй вайны ў Ізраілі.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты