Tribuna/Хоккей/Блоги/Беларусы дасягнулі суперпоспеху ў хакеі – выйгралі ўнікальны турнір, упісалі імёны ў гісторыю. Тысячы заўзятараў віталі каманду ў Мінску (або не?)

Беларусы дасягнулі суперпоспеху ў хакеі – выйгралі ўнікальны турнір, упісалі імёны ў гісторыю. Тысячы заўзятараў віталі каманду ў Мінску (або не?)

Простая чалавечая радасць – і ніякага пафасу.

Автор — bytribuna com
19 декабря 2022, 16:51
5
Беларусы дасягнулі суперпоспеху ў хакеі – выйгралі ўнікальны турнір, упісалі імёны ў гісторыю. Тысячы заўзятараў віталі каманду ў Мінску (або не?)

Пакуль людзі, недасведчаныя ў спорце, у нядзелю вохкалі і ахалі праз зусім ужо папсовую падзею, праз панылы фінал чэмпіянату свету па футболе, дзе ў зусім невідовішчнай барацьбе Аргенціна неяк усё ж такі дала рады Францыі, сапраўдныя знаўцы, прасунутыя гурманы глядзелі ў зусім іншы бок.

Па-сапраўднаму неймавернае здзейснілі беларусы. З пэўнай нацяжкай аргенцінцаў-чэмпіёнаў можна паставіць побач з беларускай камандай, як гэта зрабіў сайт belarushockey.com.

Вось як апісваюць гэты подзвіг відавочцы і тыя, хто да яго спрычыненыя.

Упісалі імёны ў гісторыю беларускага хакея.

Проста зусім сціпла ўпісалі сябе ў гісторыю.

Тое, чым павінна ганарыцца ўся краіна.

Беларусаў не трэба прасіць двойчы. Сустракаць трыумфатараў, бясспрэчных пераможцаў сабраўся агромністы натоўп. Вось як гэта выглядала з коптэра.

Дык што здарылася? Што такога велічнага вы прапусцілі, што чытаеце гэты пост, з непаразуменнем вырачыўшы вочы? Хопіць таямнічасці. Покрыў скідвае герой беларускага хакею, чалавек бездакорнай рэпутацыі, які хлусіць не будзе.

Кубак Першага канала (таго сама расійскага канала, з дапамогай якога апраменьваюць грамадзян Расіі і натхняюць іх на вайну з Украінай). Зборная Беларусі па хакеі выйграла Кубак Першага канала – вось што здарылася. Гэта сапраўды турнір з гісторыяй, ладзіцца ў тым ці іншым выглядзе з канца 1960-х.

У гэтым годзе ён прайшоў у зусім нетыповым фармаце. Калі раней уладальніка трафею вызначалі як мінімум чатыры зборныя, то гэтым разам абмежаваліся ўсяго трыма, але затое якімі. Гэта не нейкія Швецыя, Фінляндыя, Чэхія і Канада, што прыязджалі ў Маскву раней. Праз ізаляцыю ў спорце расіяне здолелі вывесці ўзровень суперніцтва на новы ўзровень.

Па-першае, яны выставілі ўласную каманду – на мяжы трэцяга-чацвёртага складу. Трэнеры зборнай Расіі не хавалі, што сабралі гульцоў на перспектыву, у спадзеве кагосьці абкатаць да Алімпіяды, бо ўсё яшчэ маюць спадзеў, што на Гульні-2026 іх такі дапусцяць. У складзе расіян, вядома, былі моцныя гульцы, пачынаючыя зоркі, але дастаткова зазначыць, што адным з самых дасведчаных у камандзе быў беларус-перабежчык Павел Карнавухаў, якога раней бралі ў зборную толькі ў якасці працоўнага коніка, ды і тое не заўжды.

Па-другое, яшчэ адным грозным супернікам быў Казахстан – трэцяя каманда з канца на чэмпіянаце свету-2022 у эліце. Ну, гэта ўжо нямала, бо беларусаў і расіян на турнір увогуле не паклікалі.

Ну, а ўпрыгожаннем турніру сталі беларусы і іх фантастычны, фенаменальны поспех. Каманда таксама была не ў наймацнейшым складзе, але яна вельмі хацела парадаваць суайчыннікаў, якія прыліплі да экранаў і сачылі за падзеямі на "ЦСКА-Арэне". Спачатку каманда Крэйга Вудкрафта раскатала казахаў пад кіраўніцтвам беларуса Андрэя Скабелкі 4:1. Ну а ў нядзелю адбылася бітва з гаспадарамі спаборніцтваў.

Тут таксама ўсё вырашылася толькі ў серыі хакейных пенальці – булітах. Расіяне вялі ў ліку толькі аднойчы і тройчы рабілі лічбы на табло роўнымі (апошні раз – за пару хвілін да канца трэцяга перыяду). Выніковыя 5:4 на карысць беларусаў – і можна з помпай заявіць, што нам упершыню за 11 гадоў удалося абыграць Расію (ну што там за каманда – хіба гэта важна для аматараў статыстыкі?).

Праз недарэчную памылку беларусаў не запрашалі на Кубак Першага канала ажно 29 гадоў (у тую пару ён увогуле называўся Кубак Ізвесцій)! У 1993-м, яшчэ пад бела-чырвона-белым сцягам, прадстаўнікі маладой суверэннай краіны занялі апошняе месца ў сваёй групе пасля параз ад Расіі-2 (0:4), Швецыі (2:5), Францыі (3:4) і нічыёй з Канадай (2:2). Але сцяг зараз іншы – і рэзультаты, як вы бачыце, шуганулі ўгару.

Аматары расійскай зборнай з паразуменнем паставіліся да няўдачы сваіх хакеістаў – усё ж такі саступілі не абы-каму.

Ну а простыя беларусы насалоджваюцца гістарычным момантам, хаця панядзелак на нейкай дзіўнай прычыне не абвесцілі ў краіне выходным – не вельмі паважліва для гістарычнага моманту.

Другие посты пользователя

Все посты