Tribuna/Лёгкая атлетыка/Блогі/Мірончык-Іванову скінула з вяршыні гордая спартоўка, Герман ужо і не Герман, але чэмпіёнка разам з мужам, Ціманоўская была б з запасам найлепшай, але брала медаль у Польшчы

Мірончык-Іванову скінула з вяршыні гордая спартоўка, Герман ужо і не Герман, але чэмпіёнка разам з мужам, Ціманоўская была б з запасам найлепшай, але брала медаль у Польшчы

Што адбывалася на зімнім чэмпіянаце Беларусі па лёгкай атлетыцы.

Аўтар — bytribuna com
20 лютага 2023, 12:08
Мірончык-Іванову скінула з вяршыні гордая спартоўка, Герман ужо і не Герман, але чэмпіёнка разам з мужам, Ціманоўская была б з запасам найлепшай, але брала медаль у Польшчы

На мінулых выходных прайшоў чэмпіянат Беларусі па лёгкай атлетыцы ў памяшканні, які традыцыйна прымаў Магілёў. Вось чым запомніўся турнір.

Герман перамагла пад новым прозвішчам

Пасля жнівеньскага чэмпіянату Беларусі-2022, дзе Эльвіра Герман заваявала золата ў трох дысцыплінах (200 м, 100 м с/б, эстафета 4х100), дзяўчына выйшла замуж за спрынтара Максіма Грабарэнку. Лёгкаатлетка ўзяла прозвішча свайго абранца, і ў Магілёве ўжо стартавала як Эльвіра Грабарэнка.

У Магілёве спартсменка стартавала на дзвюх дыстанцыях. У сваёй профільнай дысцыпліне - 60 м з/б - Эльвіра адзіная выбегла з васьмі секунд. Адзначым, што і сама Грабарэнка толькі з шостай спробы ў 2023-м пераадолела гэтую адметку. Магілёўскі вынік пакінуў жадаць лепшага - усяго 7,96. Гэта амаль на паўсекунды павольней, чым найлепшы вынік лёгкаатлеткі ў кар'еры (7,48), што яна паказала год таму ў Гомелі. Тым не менш бронзу ЧЕ-2019 у памяшканні Эльвіра ўзяла з вынікам 8,00. Калі спраецыраваць магілёўскі вынік, то на апошніх буйных стартах на медалі яго ўжо не хапіла б - на ЧЕ-2021 Герман-Грабарэнка стала б шостай, а на ЧС-2022 - падзяліла б чацвёртае месца.

Муж лёгкаатлеткі выйграў спаборніцтвы на 60 м і стаў другім на 200 м. Вынікі Грабарэнкі аказаліся далёкія ад топавых - на апошнім ЧС з імі было не патрапіць і ў топ-30.

Ціманаўская стала б у Магілёве найлепшай

Калі б рэжым Лукашэнкі не рэпрэсаваў свабодных спартсменаў, то на 60 метраў у жанчын мы маглі б паназіраць за суперніцтвам Крысціны Ціманоўскай і Грабарэнкі. У адсутнасць першай Эльвіра змагалася са спрынтаркай Янінай Луцэнкай. Па выніку золата дасталася Грабарэнка, якая апярэдзіла суперніцу на адну сотую секунды (7,43 супраць 7,44). Пры гэтым без першага месца Луцэнка з Магілёва не з'ехала - ёй не было роўных на 200-метроўцы. Пасля стартаў Яніна распавяла, што кінула бегчы ў канцы 60 м, таму прайграла Грабарэнка, і сказала пра «моцную канкурэнцыю», хаця па факце саступіла бар'ерыстцы.

Паралельна Ціманоўская бегала гэтыя ж дыстанцыі на чэмпіянаце Польшчы. На 60 м спартсменка паказала 7,25, уступіўшы толькі Еве Свабодзе, але адразу 0,15 секунды. Сваім часам Крысціна аказалася незадаволеная - да паўтарэння асабістага рэкорду шасцігадовай даўнасці не хапіла 0,04.

«Першы медаль на чэмпіянаце Польшчы. Я радая, што мне ўдалося паказаць добрыя секунды. Хаця расчараваная, што мне не ўдалося палепшыць асабісты рэкорд. Але ўсё наперадзе. Раблю выснову - я дакладна ведаю, як рабіць хуткія старты з блокаў і магу прабегчы 7.15! Наперадзе яшчэ шмат працы, і ў наступным годзе я паб'ю свой асабісты рэкорд!» - напісала Ціманоўская ў сацсетках.

Яе вынік на 0,18 секунды лепшы, чым у Грабарэнкі-Герман у Магілёве. Па кантынентальных мерках гэты добры час - на ЧЕ-2021 яго хапіла б на пятае месца. Аднак калі прыкласці 7,25 на апошні ЧС, то там Крысціна не адабралася б у фінал і стала б у выніковым пратаколе толькі 21-й. Адзначым, што ўнутры Беларусі на 60 м пад дахам Ціманоўскай даўно не было роўных - спрынтарка нязменна перамагала на дыстанцыі з 2017 па 2021 гады.

Таксама ў польскай Торуні спартсменка прабегла 200 м. Вось толькі спаборніцтвы для яе скончыліся ўжо на стадыі кваліфікацыі. У ёй Ціманоўскі паказала трэці час (23,46), але была дыскваліфікаваная суддзямі.

«Суддзі сказалі, што тут нага была на лініі. І самае цікавае, што цэлую гадзіну мы даводзілі адваротнае, але нам нават не сказалі, дзе знаходзіцца камісія, каб падаць пратэст», – паведаміла Ціманоўская пасля інцыдэнту.

Для параўнання, на чэмпіянаце Беларусі з 24-х секунд выбегла толькі Луцэнка, якая паказала ў папярэднім забегу 23,99.

Мірончык-Іванова - не лепшая ў Беларусі

У Магілёў Анастасія Мірончык-Іванова прыехала бараніць чэмпіёнскі тытул у скачках у даўжыню, які ўтрымлівала з 2019 года. Аднак у 2023-м фанатку Лукашэнкі чакала няўдача. У суботу Мірончык-Іванова загубіла ўсяго адну спробу, а ў астатніх пяці не скокнула далей за 6,57 метраў. Не сказаць, што гэта дрэнны вынік - на ЧЕ-2021 хапіла б на шостае месца (там Мірончык-Іванова была чацвёртай з 6,72), а на ЧС-2022 - на дзясятае. Але ў Беларусі знайшлася тая, хто на выходных скокнуў далей: вынік Віялеты Скварцовай аказаўся на тры сантыметры лепшы, а гэта яе асабісты рэкорд.

На наступны дзень гэтая ж пара павінна была супернічаць у сектары па трайным скачку, аднак 33-гадовая Мірончык-Іванава па невядомых прычынах знялася са спаборніцтваў. Акрамя адыёзнай канкурэнткі для Скварцовай годных суперніц не знайшлося - Віялета скокнула на 14,28 метраў, маючы адрыў ад другога месца ў 1,22 метра! Такія лічбы дазволілі б лёгкаатлетцы аказацца ў топ-10 любога спаборніцтва пад дахам.

Два золаты ў Магілёве прынеслі Скварцовай званне найлепшай спартсменкі чэмпіянату Беларусі-2023. Нагадаем, у 2017-м дзяўчына атрымала шырокую вядомасць дзякуючы ўчынку на юніёрскім ЧЕ, дзе заваявала золата. Падчас цырымоніі ўзнагароджання замест беларускага гімна ўключылі гімн Босніі і Герцагавіны, з-за чаго Віялета дэманстратыўна сышла з п'едэсталу. Ролік з учынкам Скварцовай набраў ужо 35 мільёнаў праглядаў.

Каб загладзіць віну, арганізатары чэмпіянату на наступны дзень правялі паўторную цырымонію ўзнагароджання.

Найлепшы вынік за 27 гадоў

Найлепшым спартсменам у Магілёве прызналі шаставіка Мацвея Волкава. Сын прыхільніка Лукашэнкі і прызёра Алімпіяды-1980 Канстанціна Волкава абнавіў асабісты рэкорд у памяшканні, скокнуўшы на 5,75. Гэта найлепшы вынік унутры краіны за апошнія 27 гадоў. Раней вышэй скакаў толькі Дзмітрый Маркаў - у 1996-м у манежы ён выдаў 5,85.

Волкаў паказаў вынік сусветнага класа. З 5,75 на ЧЕ-2021 18-гадовы шаставік стаў бы чацвёртым, а на ЧС-2022 - пятым. Па словах яго бацькі, такія вынікі і немагчымасць выступаў на міжнародным узроўні могуць звесці Мацвея з розуму.

Пры гэтым летам 2022-га спартсмен перажываў камічны перыяд: па словах бацькі, быў гатовы ледзьве не на рэкорды, а вынікі дэманстраваў максімальна пасрэдныя.

Недасекаў не прыехаў - падчас ЧБ адпачываў з дзяўчынай

Таварыш Мірончык-Івановай па любові (а можа, нават каханні) да Лукашэнкі Максім Недасекаў увогуле не прыехаў у Магілёў. Скакун у вышыню прапускае ўсе старты ад жніўня 2022-га. Тады на чэмпіянаце Беларусі Недасекаў падвярнуў галёнкаступ.

Тым не менш праўладны спартсмен не сумуе. Выходныя ён бавіў у кампаніі сваёй дзяўчыны - экс-гімнасткі Лаліты Мацкевіч.

У адсутнасць Недасекава чэмпіёнам з вынікам 223 см стаў Мікіта Данілаў, якому толькі нядаўна споўнілася 18. Гэта цалкам годныя сантыметры, якія дазваляюць змагацца за топ-5 на ЧЕ і топ-10 на ЧС.

Што па выніках на міжнародным узроўні

Калі параўнаць вынікі ў астатніх дысцыплінах з тымі, што паказалі на ЧЕ-2021 і ЧС-2022, то хаця б адабрацца ў фінал змаглі б усяго тры спартсмены. Чакана з добрымі лічбамі выступіла Ірына Жук. Шаставічка, якая пакінула подпіс у падтрымку Лукашэнкі, узяла золата, пераадолеўшы планку 4,61 м. Гэты вынік на 4 сантыметры вышэйшы за яе бронзавую спробу на ЧЕ-2021. На леташнім ЧС з такім скачком прадстаўніца Гродна стала б чацвёртай.

Яшчэ ў фіналы на ЧЕ ўдалося б прабіцца ў трайным скачку і штурханні ядра мужчынам. Максім Несцярэнка скокнуў у Магілёве на 16,48 м. Такая спроба дазволіла б у 2021-м выйсці ў фінал і стаць там шостым. На ЧС-2022 гэта было б дзявятым вынікам.

Дзмітрый Карпук штурхнуў ядро на 20,31 м, а гэта - патэнцыйна сёмае месца на ЧЕ-2021 і 13-е на ЧС-2022.

Як бачым, магілёўскіх вынікаў не хапіла б нават на медалі ЧЕ. Хаця ў 2021-м беларусы прывезлі з турніру дзве ўзнагароды: Недасекаў стаў найлепшым у скачках у вышыню, а Жук узяла бронзу ў скачках з шостам.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты