Tribuna/Футбол/Блогі/«Дынама» Кіеў выйграла турнір у Маскве і аддало прызавыя арміі Расіі, якая мучыла Чачню, а яшчэ запала на Хацкевіча і Бялькевіча

«Дынама» Кіеў выйграла турнір у Маскве і аддало прызавыя арміі Расіі, якая мучыла Чачню, а яшчэ запала на Хацкевіча і Бялькевіча

Памятаеце той Кубак Садружнасці, дзе найлепшым бамбардзірам стаў беларус?

Аўтар — bytribuna com
19 студзеня 2023, 12:38
2
«Дынама» Кіеў выйграла турнір у Маскве і аддало прызавыя арміі Расіі, якая мучыла Чачню, а яшчэ запала на Хацкевіча і Бялькевіча

Сёння казаць пра нейкую садружнасць паміж Расіяй, Беларуссю і Украінай смешна і няёмка – іншая справа адразу пасля распаду СССР. Тады хапала людзей, якія жылі настальгіяй па савецкім часе, у тым ліку ў футболе. І таму правядзенне Кубка Садружнасці, дзе на некалькі дзён узнаўляўся чэмпіянат Саюза, не здавалася нейкім вычварэннем. Знаёмыя шыльды вабілі заўзятараў на трыбуны ў надзеі пабачыць тое, да чаго яны прывыклі - і часам атрымлівалася даволи цікава. Адзін з самых незвычайных КС адбыўся ў 1996 годзе. Тады на турнір, які перастаў праводзіцца толькі ў 2016-м, упершыню прыехала кіеўскае «Дынама», а найлепшым бамбардзірам стаў гулец беларускага клуба.

Мінск у крутым камбэке абгуляў кіеўскае «Дынама»

Да 1996-га прайшлі тры Кубкі Садружнасці. І там здолела пашумець толькі «Беларусь» - фарм мінскага «Дынама», якое ў пачатку 1993-га паляцела ў турнэ па Паўднёвай Амерыцы. Другі склад дынамаўцаў пад кіраўніцтвам Івана Савосцікава дайшоў адразу да фіналу турніру, дзе буйна саступіў маскоўскаму "Спартаку" 0:8.

У наступныя гады на КС адпраўляўся ўжо першы склад мінскага «Дынама». У 1994-м і 1995-м камандзе не ўдалося выйсці з групы, адкуль у плей-оф трапляў адзін клуб. Больш за тое, чэмпіён Беларусі ўмудрыўся буйна прайграць азербайджанскаму "Нефтчы" (1:5) у 1994-м і латвійскаму "Сконта" (0:6) у 1995-м.

Пэўны поспех здарыліся ў наступным годзе. Тады фармат турніру змянілі, павялічыўшы колькасць удзельнікаў да 16. З групы выходзіла ўжо не адна, а дзве каманды, што было ў плюс мінскаму "Дынама". Пасля лёсавання беларусам трапілася суцэль працоўная група з кіеўскімі аднаклубнікамі, эстонскай «Флорай» і туркменістанскім «Капетдагам».

З азіятаў беларусы і пачалі. Пры 300 гледачах на трыбунах спартакаўскага манежа "Дынама" абыграла ашхабадцаў 5:3. У мінчан усе галы на свой рахунак запісалі маладыя лідары - Валянцін Бялькевіч (дубль), Аляксандр Хацкевіч і браты-блізнюкі Уладзімір і Міхаіл Макоўскія. Самаму старэйшаму з іх - Бялькевічу - на той момант было 22. Аляксандра Яўневіча (цяпер судзіць вышэйшую лігу), які прапусціў у тым паядынку тры мячы, у астатніх матчах групы пасадзілі на лаўку, далей выпускаючы Віталя Варывончыка.

Сваё 23-годдзе Бялькевіч святкаваў у дзень наступнай гульні групы С супраць "Флоры". Беларусы перамаглі 2:0. Дынамаўцы забілі па разе ў кожным з таймаў - вызначыліся Уладзімір Макоўскі і Пётр Качура. Пасля фінальнага свістка гулец «Флоры» Альгімантас Брыдуніс заявіў, што футбол мінчукоў здаўся яму цікавейшым за футбол кіяўлян, якім эстонцы таксама саступілі 0:2.

У заключнай гульні групы мінскія і кіеўскія дынамаўцы ў вочным матчы вызначалі, каму дастанецца першае месца. Матч падараваў адзін з самых яркіх камбэкаў у гісторыі турніру. У манежы маскоўскага «Дынама» большая частка з дзвюх тысяч гледачоў заўзела за ўкраінцаў, якія на 74-й хвіліне дзякуючы дакладнаму ўдару Андрэя Шаўчэнкі выйшлі наперад 2:1 (да гэтага вызначыліся Віталь Касоўскі і Уладзімір Макоўскі). Аднак падапечныя Івана Шчокіна выдалі яркую канцоўку, у якой вызначыліся двойчы. На 88-й хвіліне лік зраўняў Антуан Маёраў, які крыху раней замяніў Міхаіла Макоўскага, а праз дзве хвіліны перамогу вырваў Уладзімір Макоўскі - 3:2. Усе тры мячы мінчукі аформілі пры непасрэдным удзеле Бялькевіча.

«З ім [Белькевічам] было вельмі цяжка. Здавалася, ледзь-ледзь бег, а ў патрэбны момант аддаваў перадачу. Нападніку заставалася толькі падставіць нагу», - успамінаў праз гады кіяўлянін Віктар Лявоненка.

Макоўскі - найлепшы бамбардзір

30 студзеня 1996-га трыбуны манежу "Дынама" былі забітыя пад завязку. Дзве з паловай тысячы гледачоў прыйшлі паглядзець на яшчэ адно дынамаўскае дэрбі КС - гэта мінчане і тбілісцы гулялі ў чвэрцьфінале. Беларусы працягнулі серыю перамог у Маскве да чатырох матчаў, у кожным з таймаў забіўшы па мячы (усе тыя ж Бялькевіч і Уладзімір Макоўскі). Каўказцы адказалі на гэта толькі адным голам за 15 хвілін да фінальнага свістка.

У паўфінале мінчане зноў гулялі з Кіевам, які вельмі хацеў рэабілітавацца пасля няўдачы ў групавым турніры. Шчокін прасіў падапечных «гуляць як мага весялей», але гэта не дапамагло. Таксама трэнер здзівіў сваім рашэннем вярнуць у вароты Яўневіча. Ракіроўка галкіпераў не прынесла поспеху - да 60-й хвіліны Яўневіч прапусціў чатыры безадказных мячы, пасля чаго Шчокін выпусціў Варывончыка (а заадно яшчэ трох палявых футбалістаў), аднак лік так і застаўся нязменным 0:4.

Нягледзячы на няўдачу, Уладзімір Макоўскі павёз у Мінск статуэтку найлепшага бамбардзіра КС. У маскоўскіх манежах 18-гадовы нападнік вызначыўся пяць разоў. На два галы менш на свой рахунак запісаў Бялькевіч.

Пасля 1996 года з беларускіх клубаў хаця б да паўфіналу КС дабіраліся «Славія» (2001) і БАТЭ (2008). У апошнім розыгрышы турніру, у якім удзельнічалі клубы (2011), «Шахцёр» выйшаў у фінал, дзе ў серыі пенальці саступіў азербайджанскаму «Інтэру» (0:0, па пен. - 5:6).

У фінале хацелі разарваць Жука

КС-1996 годзе стаў толькі другім з удзелам украінскіх клубаў. За год да гэтага ў Маскву прыехала другая каманда Украіны - "Шахцёр". Клуб з Данецка замяніў кіеўскае «Дынама», якое не хацела гуляць на траўманебяспечным сінтэтычным пакрыцці. "Шахцёр" дайшоў да паўфіналу, дзе прайграў тбіліскаму "Дынама" 0:1.

У студзені 1996-га Ёжэф Саба ўсё ж рызыкнуў прывезці сваю каманду на КС, і тая прайграла на турніры ўсяго адзін матч - мінскаму «Дынама» у групе. У фінале ўкраінскаму гранду супрацьстаяў "Спартак-Аланія" - гэты клуб як раз здолеў пасунуць у Расіі маскоўскі "Спартак".

Перад гульнёй адбыўся скандал. Згодна з рэгламентам, за дзве жоўтыя карткі на турніры давалі дыскваліфікацыю на адзін матч. Лідар кіяўлян Лявоненка атрымаў па «гарчычніку» ў гульні з «Капетдагам» і паўфінале супраць мінчукоў, таму павінен быў прапусціць фінал. Саба ўсё ніяк не мог змірыцца з адсутнасцю забіўнога форварда, таму кіраўніцтва кіяўлян пачало ўпрошваць арганізатараў КС заплюшчыць вочы на пункт рэгламенту. Аднак у выніку Лявоненка ўсё ж назіраў за перыпетыямі вырашальнага паядынку з трыбун комплексу ЦСКА, а пасля атрымаў званне найлепшага нападніка турніру, хоць і саступіў Макоўскаму па галах. Наперад Саба разам з Пятром Русаком выпусціў ўзыходзячую зорку ўкраінскага футбола 19-гадовага Шаўчэнка.

Судзіць вырашальны матч даверылі беларусу Вадзіму Жуку. У той гульні рэферы запомніўся не прызначаным пенальці ў вароты «Дынама» пасля падзення Бахвы Тадзеева. Раззлаваны асецін адразу пабег да Жука і ледзь не знёс таго з ног.

Кіеў пералічыў прызавыя на расійскае войска ў Чачні

Нягледзячы на ініцыятыву "Спартак-Аланіі", перамога дасталася "Дынама". На 81-й хвіліне Шаўчэнка пасля падачы са штрафнога прабіў кіпера ўладзікаўказцаў Завура Хапава.

Пераможнае інтэрв'ю ўкраінскі форвард даваў не без збянтэжанасці: «Эмоцыі на вышыні! Чэмпіён Расіі, чэмпіён Украіны. Напружаная гульня, мы цалкам выклаліся, пакінулі сябе на полі. Спачатку ў групе было вельмі лёгка, але ў плэй-оф выдатны ўзровень».

За перамогу на турніры кіяўлянам належыла 42 тысячы долараў прызавых. Клуб вырашыў не забіраць грошы дадому, а перавесці іх у фонд дапамогі расійскім вайскоўцам, якія пацярпелі падчас Першай чачэнскай вайны, якая тады блізілася да свайго завяршэння.

З таго часу «Дынама» яшчэ 11 разоў прыязджала на КС і тройчы перамагала ў фінале.

Без клуба з Беларусі ў фінале ўсё ж не абышлося

Паралельна з мужчынскім КС у Маскве вырашылі зладзіць жаночы турнір. Арганізатары сабралі чатыры каманды, для якіх не знайшлося нават прызавога фонду. Чэмпіён Расіі - варонежская "Энергія" - у гэты час знаходзілася ў замежным турнэ, таму краіну прадстаўлялі срэбны прызёр самарскі ЦСК ВПС і ў якасці гаспадара поля маскоўскае "Чартанава-СКІФ" (шостая каманда ў чэмпіянаце Расіі-1995). Беларусь і Украіну прадстаўлялі чэмпіёны - брэсцкая "Вікторыя" і данецкі "Данецк-Рось" адпаведна.

Усе матчы КС праходзілі ў дынамаўскім манежы. У паўфінале "Вікторыя" дзякуючы галу Таццяны Волкавай (пазней трэніравала зборную Беларусі) з пенальці абгуляла "Чартанава-СКІФ" (1:0), а ў фінале саступіла ЦСК ВПС (0:2).

То быў першы і апошні КС для жанчын.

КС дапамог Бялькевічу і Хацкевічу з'ехаць у Кіеў

Звязка мінчукоў у цэнтры поля Бялькевіч-Хацкевіч упэўненай гульнёй на КС яшчэ больш падагрэла да сябе цікавасць з боку замежных клубаў. Двума гадамі раней Бялькевіч мог з'ехаць у «Лацыё», аднак пераход сарваўся праз гадавую дыскваліфікацыю, звязаную з ужываннем допінгу.

Пасля маскоўскага паўфіналу ў барацьбу за беларусаў уключыліся кіеўскае "Дынама" і "Спартак". Расійскі клуб прапаноўваў цэнтральным паўабаронцам аклад утрая большы, чым абяцалі ва Украіне. Масквічы нават адпраўлялі ў Мінск каўказцаў, якія абяцалі Хацкевічу праблемы ў выпадку адмовы.

Аднак абодва футбалісты хацелі ў Кіеў. Дайшло да таго, што Хацкевіч праз адміністратара кіеўскіх дынамаўцаў выходзіў на Рыгора Суркіса з просьбай абараніць яго, Хацкевіча, і ягонную сям'ю ад няпрошаных гасцей. Уласнік ДК вырашыў праблему - і ўлетку 1996-га Бялькевіч і Хацкевіч падпісалі пагадненні з кіяўлянамі.

Роўна праз год па тым жа маршруце з мінскага «Дынама» адправіліся браты Макоўскі. У 1996-м Уладзіміра прызналі найлепшым футбалістам Беларусі, а Міхаіл увайшоў у сімвалічную зборную чэмпіянату.

Зайграць у Кіеве блізнюкам было не наканавана. Віной таму не толькі высокая канкурэнцыя, але і праблемы з алкаголем. Цікава, што ў 2014-м Міхаіл даў інтэрв'ю, у якім прадказаў хуткі распад Украіны і падтрымаў расійскія сцягі ў Крыме, патлумачыўшы гэта тым, што «расійскія войскі выконваюць міратворчую функцыю».

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты