Tribuna/Футбол/Блогі/Заўзятары БАТЭ перажывалі праз 10+ хвілін у матчы з «Партызані», але бывае і больш! Шалёная развязка ў матчы, дзе ўсё вырашыў пенальці ў стылі Качура-Аркану

Заўзятары БАТЭ перажывалі праз 10+ хвілін у матчы з «Партызані», але бывае і больш! Шалёная развязка ў матчы, дзе ўсё вырашыў пенальці ў стылі Качура-Аркану

Складана ўявіць і патлумачыць.

Аўтар — bytribuna com
21 ліпеня, 19:30
Заўзятары БАТЭ перажывалі праз 10+ хвілін у матчы з «Партызані», але бывае і больш! Шалёная развязка ў матчы, дзе ўсё вырашыў пенальці ў стылі Качура-Аркану

Развязку матчу ў адказ першага кваліфікацыйнага раунду Лігі Канферэнцый паміж «Глентаранам» з Паўночнай Ірландыі і «Гзірай» з Мальты цалкам справядліва назваць адной з самых варʼяцкіх у 2023-м.

Першы іх матч скончыўся выніковай нічыёй 2:2 і асаблівай увагі да сябе не прыцягнуў, але вось «паўторка» выйшла агністай. «Гзіра» адкрыла лік на 67-й хвіліне і прымусіла суперніка ісці вялікімі сіламі наперад. І яму такі ўдалося адгуляцца, хай і не з першага разу: «Глентаран» забіў, калі восем дададзеных да асноўнага часу хвілін толькі пачыналіся, але суддзя не залічыў узяцце праз афсайд. Брытанцы ўсё ж змаглі перавесці матч у дадатковыя таймы. Апорнік гаспадароў Бобі Барнс забіў на 90+13-й (!) хвіліне сустрэчы. І што тут скажуць заўзятары БАТЭ, якія перажывалі наконт усяго дзесяці хвілін да асноўнага часу ў матчы з «Партызані»?

У экстратаймах каманды галамі не вызначыліся і прыступілі да серыі пенальці, дзе зноў учынілі варʼяцтва. І справа не толькі ў тым, што супернікі на дваіх выканалі 28 удараў, не рэалізаваўшы толькі адзін – Леон Бойд з «Глентарана» схібіў у сваёй спробе і прапусціў далей мальтыйцаў.

Галоўным хайлайтам серыі стаў удар форварда паўночнаірландцаў Джэя Донелі, які быў ужо 24-м па ліку. Галкіпер «Гзіры» Давід Касар даў яму рады і на радасцях пабег да цэнтру поля святкаваць перамогу з аднаклубнікамі, аднак мяч, праскакаўшы трохі па траўніку, запоўз за лінію варот – арбітр гол залічыў, і серыю прыйшлося працягнуць. Балазе для мальтыйцаў і Касара ўсё скончылася на іх карысць. У другім раўндзе «Гзіра» згуляе супраць «Дзюдэланжам» з Люксембурга.

Чымсьці падобны курʼёз здарыўся з мінскім «Дынама» у далёкім 1995-м у матчы кваліфікацыі Кубка УЕФА супраць румынскай «Універсітаці». Абедзве сустрэчы завяршыліся ўнічыю (увогуле без галоў!), а пуцёўка ў наступны раўнд разыгрывалася ў серыі пенальці.

Яе пачалі румыны – і першым жа ўдарам не забіў Іонэл Гане, які накіраваў мяч вышэй за браму. У мінчан першым да адзнакі выйшаў Пётр Качура: яго ўдар галкіпер Дорын Аркану адбіў, але, устаючы пасля сэйва, выпусціў мяч з рук, і той закаціўся ў вароты – гол таксама быў залічаны (адзнака 6:00).

Па выніку тую серыю «Дынама» давяло да перамогі (3:1) і прайшло далей.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты