Tribuna/Футбол/Блогі/Літоўскія фанаты (за іх клуб гуляе беларус Кендыш) не стамляюцца тапіць за Украіну, а вось сектар «Арыса» (не таго, што належыць беларусам) абразіў абаронцаў «Азоўсталі»

Літоўскія фанаты (за іх клуб гуляе беларус Кендыш) не стамляюцца тапіць за Украіну, а вось сектар «Арыса» (не таго, што належыць беларусам) абразіў абаронцаў «Азоўсталі»

Супрацьлеглае.

Аўтар — bytribuna com
11 жніўня, 07:32
Літоўскія фанаты (за іх клуб гуляе беларус Кендыш) не стамляюцца тапіць за Украіну, а вось сектар «Арыса» (не таго, што належыць беларусам) абразіў абаронцаў «Азоўсталі»

«Жальгірыс» Юрыя Кендыша па сетцы кваліфікацыі еўракубкаў рухаецца прыкладна ў тым жа тэмпе, што і былы клуб беларускага хаўбека БАТЭ: у першым раўндзе ЛЧ клуб са сталіцы Літвы таксама прайшоў балканцаў (паўночнамакедонскую «Стругу»), у другім вылецеў ад больш магутнага суперніка (трапіўся «Галатасарай», але віленцы, у адрозненне ад барысаўцаў, далі бой, саступіўшы з агульным лікам 2:3), а ў трэцім раўндзе ЛЕ моцна ўскладнілі сабе жыццё паразай у першай гульні (не так эпічна, як БАТЭ «Шэрыфу», але саступілі ўдома шведскаму «Хэкену» 1:3).

Затое прыгажунамі сябе паказалі фанаты «Жальгірыса»: на ўсіх сваіх хатніх гульнях кваліфікацыі еўракубкаў яны выказваюць падтрымку ўкраінскаму народу пераклічкай «Слава Украіне! Героям Слава!»

Некалі такія зарады можна было пачуць і на беларускім стадыёне.

Гэта не першая акцыя салідарнасці ад літоўскага спорту: з пачатку вайны сваю падтрымку выказваюць і заўзятары іншых футбольных клубаў, і фанаты клубаў з іншых відаў спорту, як, напрыклад, гегемона літоўскага баскетбола «Жальгірыса» з Каўнаса.

Амаль у адзін час з фінальным свістком у Вільні ў грэчаскіх Салоніках распачаўся матч кваліфікацыі Лігі Канферэнцый паміж мясцовым «Арысам» (не блытаць з кіпрскім «Арысам» з вялікім беларускім прадстаўніцтвам) і кіеўскім «Дынама». У мінулым годзе «Арыс» – грэчаскі – у другім раўндзе гэтага ж турніру выбіў «Гомель» з агульным лікам 7:2.

Грэчаскія фанаты падчас матчу з кіяўлянамі таксама зладзілі перфоманс на тэму вайны ва Украіне, праўда, з зусім супрацьлеглым пасылам. Прыхільнікі «Арыса» вывесілі банэр «Разбіць азоўскіх нацыстаў».

На 11-й хвіліне банер з трыбун прыбралі.

«Азоў» – баявое падраздзяленне ў складзе ВСУ. Байцы «Азова» 86 дзён трымалі абарону прадпрыемства «Азоўсталі» ў Марыупалі ў пачатку вайны, нясучы вялікія страты.

Пры гэтым за дзень да гульні грэчаскі клуб абвясціў, што яго кампанія-ўласнік Amani Swiss зробіць дабрачыннае ахвяраванне ў падтрымку ўкраінскага народу ў выглядзе медыкаментаў на 1, 8 мільёнаў еўра.

- Гэтым ахвяраваннем мы хочам на практыцы прадэманстраваць нашую салідарнасць з дружалюбным украінскім народам у той час, калі ён мае патрэбу ў дапамозе кожнага з нас, – было сказана ў заяве. Але ў часткі заўзятараў сваё меркаванне.

Сам матч скончыўся мінімальнай перамогай «Арыса» з лікам 1:0 дзякуючы галу з пенальці.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты