Tribuna/Футбол/Блогі/У Косаве ў 4 разы менш жыхароў, чым у Беларусі, але іхны чэмпіён не па зубах БАТЭ, а чэмпіянат – вышэйшы за наш. Гуляюць у Еўропе ўсяго 7 гадоў

У Косаве ў 4 разы менш жыхароў, чым у Беларусі, але іхны чэмпіён не па зубах БАТЭ, а чэмпіянат – вышэйшы за наш. Гуляюць у Еўропе ўсяго 7 гадоў

Сціплыя стадыёне і самы дарагі гулец на ўзроўні Быкава/Канцавога.

Аўтар — bytribuna com
31 жніўня, 14:00
У Косаве ў 4 разы менш жыхароў, чым у Беларусі, але іхны чэмпіён не па зубах БАТЭ, а чэмпіянат – вышэйшы за наш. Гуляюць у Еўропе ўсяго 7 гадоў

Беларускага клуба ў групавым этапе еўракубкаў, відаць, ізноў не будзе: БАТЭ ў першым матчы плей-оф Лігі Канферэнцый саступіў косаўскаму «Балкані» ў Прышціне з лікам 1:4.

Што сабой уяўляе супернік барысаўцаў, мы ўжо расказвалі, а цяпер давайце прыгледзімся да косаўскага футбола – мясцовы чэмпіянат з не найлепшай інфраструктурай у краіне, якая па насельніцтве саступае Беларусі ў чатыры разы, істотна адарваўся ў рэйтынгу ад нашага.

Насельніцтва ў 4 разы меншае, чым у Беларусі, але колькасць клубаў у топ-дывізіёнах не вельмі адрозніваецца

Першы чэмпіянат Косава быў праведзены ў 1945 годзе (золата забрала «Адзінства» з Прышціны – сёння гэты горад зʼяўляецца сталіцай дзяржавы). Аж да 1998-га косаўскае першынство было часткай сістэмы югаслаўскага футбола. З 1999-га па 2016-ы чэмпіянат Косава жыў ужо самастойна, але праз тое, што мясцовая федэрацыя не была прынятая ў міжнародныя асацыяцыі, турнір заставаўся непрызнаным. З сезона-2016/17 Косава зʼяўляецца сябрам УЕФА.

За сем гадоў, што мінулі з той пары, чэмпіёнамі Косава станавіліся «Трэпча», «Дрыта» (двойчы), «Феранікелі», «Прышціна», а апошнія два тытулы засталіся за «Балкані».

Усяго пад эгідай федэрацыі футбола Косава праходзяць чэмпіянаты ў трох дывізіёнах. У Д1, які называецца Суперлігай, у чатыры кругі гуляюць 10 каманд (у эліце ЧБ – 15 клубаў). У Д2 спаборнічаюць 20 калектываў, якія падзеленыя на дзве роўныя групы па тэрытарыяльнай прыкмеце (у Беларусі – 18), у Д3 – 16 (у Беларусі – 84). Таксама ёсць два дывізіёны жаночага чэмпіянату. У кожным гуляе па восем каманд (у Беларусі адзін дывізіён з 11 камандамі). Лік футбольных клубаў складана назваць маленькім з улікам таго, што ў краіне пражывае ўсяго каля 2,2 мільёна чалавек – у чатыры разы менш, чым у Беларусі.

У рэйтынгу чэмпіянатаў ужо вышэй за ЧБ

Па стане на жнівень-2023 чэмпіянат Косава займае 33-е месца ў рэйтынгу першынстваў пад эгідай УЕФА. За апошнія пяць еўрасезонаў каманды з гэтай краіны набралі каэфіцыент 10,791. У белклубаў гэты паказнік складае 6,375 – і гэта толькі 49-ы радок.

Вялікі скачок у рэйтынгу адбыўся дзякуючы мінуламу сезону, калі «Балкані» дабраўся да групавога этапу Лігі Канферэнцый, прайшоўшы клубы з Сан-Марына, Фарэрскіх астравоў і Паўночнай Македоніі. Крыху пашумеў дзейны чэмпіён Косава і ў групе: у першым туры забраў балы ў румынскага «Клужа» (1:1), а ў трэцім на выездзе абгуляў турэцкі «Сіваспор» (4:3), вырваўшы перамогу на 94-й хвіліне. Пакуль гэта самая статусная перамога для клубнага футбола Косава за яго непрацяглую гісторыю ў еўракубках.

Астатнія чатыры сустрэчы ў групе скончыліся для «Балкані» паразамі, усе – з розніцай у адзін мяч.

Да поспехаў «Балкані» найлепшым вынікам косаўскіх клубаў у еўракубках былі кампаніі «Дрыты» ў сезоне-2020/21 (3-і кваліфікацыйны раўнд ЛЕ) і «Прышціны» ў сезоне-2021/22 (3-і кваліфікацыйны раўнд ЛК).

Наведвальнасць на ўзроўні беларускага Д2

Аўдыторыя на матчах мясцовага чэмпіянату супастаўная з нашым Д2. Сярэдняя наведвальнасць усіх матчаў за мінулы сезон склала ўсяго 661 глядач (у нашай «вышкі» 1469). Больш за ўсіх на трыбунах збіраў клуб «Лапі» (1483 гледачы), таксама больш за тысячу чалавек у сярэднім хадзіла на «Прышціну» (1413), «Ферызай» (1079) і «Балкані» (1037). Па мерках ЧБ-2023 усе гэтыя клубы не ўвайшлі б па наведвальнасці ў топ-7.

Самым наведвальным матчам чэмпіянату Косава ў сучаснай гісторыі, пасля ўваходу ва УЕФА, стала сустрэча «Прышціны» і «Балкані» ў лютым 2020-га – паглядзець на гэта сабралася 8500 гледачоў. Рэкордная гульня скончылася нулявой нічыёй.

Куды больш актыўна косаўскія заўзятары ходзяць на матчы еўракубкаў. Мінулагодні хатні матч «Балкані» з «Сіваспорам» сабраў на трыбунах 12650 чалавек, а гульня супраць пражскай «Славіі», якая прайшла праз два тыдні, – 10500 гледачоў.

Матч «Дрыты» і пльзенскай «Вікторыі» ў другім раўндзе кваліфікацыі ЛК гэтага сезону на стадыёне глядзелі 12600 чалавек.

Толькі адзін стадыён сертыфікаваны для еўракубкаў

«Фадзіль Вокры» – галоўная арэна краіны. Знаходзіцца яна ў Прышціне і зʼяўляецца дамашняй для мясцовай каманды, што носіць назву горада, і зборнай Косава. Там жа праводзяць свае еўракубкавыя матчы іншыя косаўскія клубы. «Фадзіль Вокры» – адзіны ў Косаве сертыфікаваны для еўратурніраў стадыён (змяшчае 13980 чалавек).

Хатняя арэна самай наведвальнай каманды чэмпіянату «Лапі» з гораду Падуева змяшчае 10 тысяч гледачоў.

Вось так выглядае стадыён «Рэджэп Рэджэпі» ў горадзе Глагавац, дзе выступае «Феранікелі». Умяшчальнасць – 6 тысяч чалавек.

У цэлым косаўскія стадыёны знаходзяцца не ў найлепшым стане. Арэна чэмпіёна краіны «Балкані» з мястэчка Сува-Рака разлічаная толькі на паўтары тысячы чалавек.

Стадыён «Ліман Гегай», на якім супернікаў прымае каманда «Малішэва», месціць дзве тысячы гледачоў.

Такая ж ёмістасць і ў хатняй арэны клуба «Ферызай».

Галоўная зорка ацэньваецца на ўзроўні Канцавога і Быкава

У чэмпіянаце Косава няма вядомых шырокаму колу заўзятараў футбалістаў. Нават у нядаўнім матчы зборных Беларусі і Косава (2:1) на поле не выйшаў ніводны прадстаўнік косаўскага чэмпіянату. Галоўнай зоркай лігі да нядаўняга часу быў 22-гадовы форвард «Балкані» Альбіён Ррахмані. Ён з 22 галамі стаў найлепшым бамбардзірам чэмпіянату-2022/23, чым прыцягнуў увагу замежных клубаў, і гэтым летам яго за 600 тысяч еўра выкупіў румынскі «Рапід 1923».

Гэта самы дарагі трансфер у гісторыі чэмпіянату Косава – раней такім зʼяўляўся пераход Арбнора Муя з «Дрыты» ў «Антвэрпэн» за 400 тысяч еўра ўлетку 2022-га.

Цяпер даражэй за ўсіх у чэмпіянаце Косава парталам Transfermarkt ацэньваецца 20-гадовы хаўбек «Балкані» і моладзевай зборнай Косава Ліндан Эмерлаху – 550 тысяч еўра. У ЧБ ён не ўвайшоў бы нават у дзясятку самых дарагіх гульцоў, а размясціўся б на 12-13-м месцах, па суседстве з хаўбекам мінскага «Дынама» Арцёмам Быкавым і вінгерам БАТЭ Арцёмам Канцавым (даражэй за ўсіх у ЧБ ацэньваюцца Павел Савіцкі і Валерый Грамыка – 900 тысяч еўра кожны).

Вайна падзяліла горад і клуб на дзве часткі

Югаслаўскі канфлікт пакінуў адбітак і на косаўскім футболе. Самы яскравы прыклад таму – каманда «Трэпча» з гораду Мітравіца, якая ў часы Югаславіі аднойчы дайшла да фіналу Кубка (там у сезоне-1977/78 саступілі харвацкай «Рыеке» 0:1).

Пасля вайны горад перайшоў пад кантроль Косава, але падзяліўся на дзве часткі: паўночную сербскую і паўднёвую косаўскую. Тое ж самае адбылося і з «Трэпчай»: албанскія футбалісты адмовіліся гуляць разам з сербамі і фактычна заснавалі ўласны клуб. У 2010-м і 2018-м косаўская «Трэпча» выйгравала мясцовы чэмпіянат, а іхныя цёзкі з сербскай часткі Мітравіцы працягваюць заставацца ў сербскай футбольнай сістэме – проста цяпер клуб выступае ў мінорных лігах. У каманд нават логава максімальна падобныя адзін да аднаго.

Галоўнай арэнай Мітравіцы зʼяўляецца стадыён імя Адэма Яшары ў паўднёвай частцы гораду на 18 тысяч чалавек.

Адэм Яшары – адзін з герояў Косава, але ў Сербіі яго лічаць тэрарыстам. У 1990-х гэта быў адзін з камандзіраў войска вызвалення Косава. На працягу некалькіх гадоў ён здзяйсняў дыверсіі, атакуючы адміністрацыйныя абʼекты Югаславіі. Яго забілі ў 1998-м пасля рэйду ў вёсцы Прэказ за 20 кіламетраў на поўдзень ад Мітравіцы. На арэне, што названая ў гонар Яшары, першую сустрэчу ў гісторыі правяла нацыянальная каманда Косава, калі ў 2014-м у Мітравіцу прыехалі футбалісты Гаіці.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты