Tribuna/Футбол/Блогі/Гэтыя двое далі «цукровае дэрбі» белфутболу: паводзілі сябе з клубамі па-рознаму, але ў выніку абодва сталі «крымінальнікамі»

Гэтыя двое далі «цукровае дэрбі» белфутболу: паводзілі сябе з клубамі па-рознаму, але ў выніку абодва сталі «крымінальнікамі»

Атрымалі велізарныя тэрміны, адзін цяпер у калгасе, іншы – невядома дзе.

Аўтар — bytribuna com
14 кастрычніка, 23:59
3
Гэтыя двое далі «цукровае дэрбі» белфутболу: паводзілі сябе з клубамі па-рознаму, але ў выніку абодва сталі «крымінальнікамі»

У канцы 2021-га рэжымны «суд» абвясціў «прысуды» па так званай «цукровай» справе – «падсуднымі» сталі дырэктары ўсіх чатырох цукровых заводаў Беларусі, «абвінавачанне» складалася ў тым, што кіраўнікі нібыта бралі хабар за куплю тары і пастаўку гатовай прадукцыі па пэўных указаннях, у выніку чаго за 13 гадоў нібыта ўзбагаціліся сумарна на 7 з лішнім мільёнаў долараў.

Самы вялікі тэрмін тады атрымаў кіраўнік заводу ў Гарадзеі Міхаіл Крыштаповіч – 13 гадоў. 11 гадоў далі слуцкаму калегу кіраўніка Мікалаю Прудніку. У студзені 2020-га іх абодвух «сілавікі» Лукашэнку знялі з самалёта Мінск – Мюнхен, які ўжо над тэрыторыяй Польшчы развярнуўся і сеў у Гродна (што перашкаджала ажыццявіць затрыманне падчас вылету, засталося загадкай). Абаім па «судзе», акрамя тэрміну, выпісалі па пяць гадоў забароны на «выкананне арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў» у сістэме. А потым наконт абодвух паведамлялася, што яны знаходзяцца на свабодзе і працуюць у дзяржарганізацыях.

А яшчэ і Крыштаповіч, і Пруднік шмат гадоў былі дэ-факта галоўнымі людзьмі ў футбольных клубах пры сваіх заводах – «Гарадзеі» і «Слуцку» адпаведна. Вось якую ролю гэтыя двое гулялі ў белфутболе і як складаліся з імі і без іх шляхі каманд.

«Гарадзея»

Міхаіл Крыштаповіч нарадзіўся 22 красавіка 1956 года ў вёсцы Брылькі Валожынскага раёну Мінскай вобласці. Пасля школы атрымаў вышэйшую адукацыю ў Расіі, а потым працаваў на беларускіх ільнозаводах – і дарос да пазіцыі дырэктара ў Нясвіжы. Але ў 1997-м яму прапанавалі падняць цукровы завод у Гарадзеі (які думалі нават закрываць) – і Крыштаповіч стаў галоўным там. За некалькі гадоў пры новым дырэктары вытворчасць перажыла шырокую і эфектыўную мадэрнізацыю. Гарадзейскі завод стаў самым паспяховым як мінімум у Беларусі. Работнікам дапамагалі будаваць уласныя дамы, на грошы прадпрыемства ў гарадскім пасёлку ўзвялі Дом культуры, кафэ і рэстаран, басейн і не толькі. Крыштаповіча расхвальвалі ў дзяржСМІ, а ў 2008-м на чатыры гады ўзялі ў «верхнюю палату» «парламента» Лукашэнку.

А яшчэ кіраўнік быў вялікім фанатам футбола – у Нясвіжы рэгулярна хадзіў на матчы мясцовага «Вераса», хоць ён гуляў толькі ў Д3. А ў 2002-м тагачасны кіраўнік «прафкаму» заводу Аляксандр Марчанка прапанаваў кіраўніку стварыць каманду на прадпрыемстве. Крыштаповіч тут жа даў дабро, а Марчанка на доўгія гады стаў менеджарам ФК (толькі ў 2021-м апынуўся ў «Шахцёры», дзе ўляпаўся ў гісторыю аб «дагаварняку» і ледзь пазбег рэжымнай турмы).

Спачатку каманда, якая некаторы час звалася «Цуккамбінат», гуляла ў чэмпіянаце Менскай вобласці і вялікіх поспехаў не мела. Але добрае сіламі Крыштаповіча матэрыяльнае забеспячэнне прынесла плён – у 2006-м каманда выйграла і чэмпіянат, і Кубак вобласці. Кіраўнік уразіўся, і ў 2008-м «Гарадзея» заявілася ў беларускі Д3. Ужо ў 2010-м каманда выйграла турнір і выйшла ў Д2, дзе першыя тры сезоны брала медалі – павышэнню перашкаджала толькі наяўнасць тады ўсяго адной пуцёўкі ў Д1 (двойчы «цукровыя» прайгралі стыкавыя матчы). У 2013-м каманда таксама прайшла стадыю 1/8 фіналу Кубка Беларусі (што так і засталося найлепшым дасягненнем у турніры). Клуб ні ў чым не меў патрэбы – Крыштаповіч падключыў да падтрымкі каманды партнёраў і спонсараў заводу, быў на сувязі з Марчанкам, пастаянна наведваў хатнія матчы і амаль не прапускаў гасцявыя. Пасля гульняў кіраўнік прадпрыемства нярэдка заходзіў у раздзявалку каманды, дзе радаваў гульцоў бонусамі.

– Ён падарожнічае [па стадыёнах] з кампаніяй: зялёныя кепкі і кулёчкі з семечкамі. Ніколі не лезе ў трэнерскія справы. Змагаліся – пахваліць [у распранальні пасля матчу], але можна і атрымаць па поўнай. Аднойчы пасля нічыёй прэміраваў, як за перамогу – спадабалася, як выцягнулі матч. Памятаю, неяк раз спытаў на правах капітана: «Можа, падвойныя [прэміяльныя] нам?» Усміхнуўся і адказаў: «Маё прозвішча не ######### [Манюкін]! Зробім», – дзяліўся ў 2015-м тагачасны капітан «Гарадзеі» Дзмітрый Лебедзеў.

У 2015-м «Гарадзея» ў чарговы раз стала віцэ-чэмпіёнам Д2 – але на гэты раз месца аказалася прахадным у эліту. За міжсезонне Крыштаповіч зрабіў усё, каб каманда на новым узроўні гуляла ў Гарадзеі на звыклым стадыёне, які праславіўся на ўсю эліту смачным шашлыком. Трэнер Сяргей Яромка расказваў, што «Міхаіл Васільевіч падняў усіх на вушы, падключыў усе рэсурсы і арганізаваў людзей, каб зрабіць новую трыбуну».

Тры гады запар каманда займала 9-е месца ў «вышцы», а ў 2019-м нават стала сёмай. Крыштаповіч, вядома, усё гэта працягваў назіраць з трыбун. У клуба былі замежныя зборы, меўся новы аўтобус, ды і па грошах пытанняў у гульцоў не было. Хваляванне зʼяўлялася толькі ў моманты, калі ў другой палове 2010-х у заводу былі страты – на забеспячэнне каманды гэта не ўплывала, але зʼяўляліся чуткі пра зняцце Крыштаповіча з пасады. У клубе цудоўна ведалі, што далёка не ўсе магчымыя пераемнікі любяць футбол.

Пасля затрымання Крыштаповіча каманда хутка прыйшла ў заняпад. Фінансаванне рэзка скарацілася – клуб адмяніў зборы і згарнуў падпісную кампанію. У сакавіку 2020-га новым дырэктарам заводу быў прызначаны чыноўнік выканкаму Лукашэнка па Мінскай вобласці Ігар Макар. Выдаткі на футбол яму былі наогул не патрэбныя – ён заявіў пра нерэнтабельнасць заводу і вырашыў скараціць зарплатную ведамасць каманды на 70% пасярод сезону. У выніку гульцы выступалі, не бачачы грошай, улетку большая частка складу разбеглася. Клуб з цяжкасцю дагуляў сезон, заняўшы 13-е месца, а пасля гэтага Макар заявіў работнікам пра закрыццё клуба, што і адбылося.

«Крыштаповіч бязмерна любіў футбол і каманду. Ён любіў казаць, што нават БАТЭ можна абгульваць, быў максімалістам, казаў: «Трэба ставіць невыканальныя задачы, тады дасягнеш максімальнай мэты». Пасля кожнай гульні мы праводзілі з ім доўгія размовы. А новы дырэктар… Ён не прыходзіў на гульні, ніколі не тэлефанаваў і не цікавіўся нашымі справамі, не ведаў пра вынікі», – параўноўваў падыходы Яромка пасля развалу «Гарадзеі».

Крыштаповіч у той час знаходзіўся ў СІЗА, а пасля «прысуду» быў адпраўлены ў калонію ў Бабруйск. Як потым стала вядома «Нашай Нiве», былы «цукарнік» шмат разоў пісаў Лукашэнку просьбы аб «памілаванні». У выніку, як у жніўні-2023 паведаміла DW, Крыштаповічу выставілі ўмову – адразу ж ехаць паднімаць адзін з праблемных «калгасаў». Кіраўнік пагадзіўся – і неўзабаве «памілаванне» было аформленае. Як аказалася, паслалі Крыштаповіча на пасаду дырэктара агракамбіната «Холмеч» у Рэчыцкім раён Гомельскай вобласці. Яго папярэдніцы Марыі Ламанос рэжымны «суд» у ліпені 2023-га даў 4 гады калоніі за нібыта «скажэнне звестак аб падзёжы жывёлы, наяўнасці пагалоўя свіней і памяншэнні прыплоду».

«Слуцк»

Равеснік і сябар Крыштаповіча Мікалай Пруднік нарадзіўся 23 лістапада 1956 года ў вёсцы Селішча Слуцкага раёну. Пасля школы адукацыю атрымаў у сельскагаспадарчым тэхнікуме – як і марыў, стаў аграномам. На гэтай пасадзе ў 1970-х і пачаў карʼеру на цукровым заводзе ў Слуцку – там трэба было вырошчваць буракі. У 1990-х Пруднік быў падвышаны да кіраўніка агранамічнай службы, у 1999-м стаў намеснікам дырэктара па сыравіне, а ў 2004-м быў прызначаны дырэктарам. Як пісалі дзяржСМІ, пры Прудніку завод «дынамічна развіваўся» – і на самой справе цалкам сабе спаборнічаў з гарадзейскім за званне найлепшага. Таксама Пруднік у розны час быў «дэпутатам» мясцовага маштабу. 2020-ы дырэктар бачыў для сябе развітальным годам – хацеў пайсці на пенсію.

Завадская каманда «Слуцкцукар» была створаная ў 1998-м і гэтак жа, як гарадзейская, выступала ў чэмпіянаце Мінскай вобласці. У першыя гады існавання кіраўніцтву заводу яна была не асабліва цікавая – усё трымалася на нізавай ініцыятыве работнікаў і актыўнасці спортінструктара мясцовага дому моладзі Алега Каранеўскага. У 2004-м ён і тагачасны трэнер каманды Юры Крот прыйшлі да новага боса заводк з марай аб выхадзе на рэспубліканскі ўзровень. Пруднік і блізка не быў фанатам футбола, але адмахвацца ад просьбітаў не стаў – а прапанаваў спачатку выйграць тытул на сваім узроўні. У 2007-м «Слуцкцукар» стаў чэмпіёнам Мінскай вобласці – і калі Прудніку нагадалі пра ягоныя словы, ён адказаў, што абяцанне стрымае.

З 2008-га каманда гуляла ў Д3 – а ў 2010-м стала другой і ўзяла пуцёўку ў першую лігу. Тамака клуб стаў звацца ўжо проста «Слуцак». Пруднік да таго часу стаў успрымаць футбол як сацыяльны праект – работнікі радуюцца на трыбунах, іх дзеці бачаць мэту, займаючыся ў СДзЮШАР. Кіраўнік заводу паспрыяў абнаўленню стадыёна клуба, дзе не было нават адміністрацыйнага будынку, пад Д2 прадпрыемства купіла аўтобус для клуба, гульцы якога жылі ў адрамантаваных пакоях завадскога інтэрната. Увогуле, умовы былі не шыкоўныя, але гарантаваныя. Сам Пруднік хадзіў на матчы, але не на ўсё, а яшчэ, у адрозненне ад Крыштаповіча, занадта глыбока ў раздзявалку не апускаўся.

- Гэта чалавек з вялікай літары. За гады, што я ў камандзе, усё, што ён казаў, выконвалася. У распранальню не заходзіць – было толькі пару разоў. Асабліва не лезе ў справы каманды, але стаіць за футбалістаў, – распавядаў у 2018-м Ігар Бабко, які гуляў за «Слуцк» з 2010-га. Таксама футбаліст успамінаў, што без заробку каманда ніколі не заставалася, а вось падвойныя прэміяльныя на яго памяці здараліся ўсяго тры ці чатыры разы.

Дапамогі ад заводу «Слуцку» хапіла, каб у 2013-м на шэсць пунктаў апярэдзіць «Гарадзею», выйграць Д2 і патрапіць у эліту. Там каманда першыя гады трымалася недалёка ад зоны вылету, а ў 2015-м наладзіла «афрыканскі вектар» – маскоўскія знаёмыя звялі Прудніка з агентам Дзмітрыем Селюком, які стаў прывозіць у клуб шматлікіх цемнаскурых легіянераў, даплочваючы ім заробак. У 2017-м каманда дасягнула найлепшых вынікаў у сваёй гісторыі – у пачатку года гуляла ў паўфінале Кубка, у канцы апынулася сёмай у ЧБ. У 2018-м стала 8-й, а ў 2019-м – 11-й. У той год завод больш укладваўся ў інфраструктуру – атрымаў ва ўласнасць стадыён мясцовага каледжа і пабудаваў яму дзве трыбуны (у выніку на ім нават гулялі матчы «вышкі»).

«Пруднік – ён гаспадар. Як бацька наш. Усё робіць, усё арганізоўвае, за ўсё перажывае. Дзякуючы яму мы моцны серадняк», – казаў тагачасны галоўны трэнер Віталь Паўлаў.

Калі Прудніка затрымалі, гульцы верылі ў лепшае – намеснікі кіраўніка таксама хадзілі на стадыён, часам нават часцей за боса. Але на ўсе заводы даслалі новых шэфаў з боку – у Слуцку такім у красавіку стаў былы дырэктар дражджавога камбіната Аляксандр Белы. Да таго моманту ў каманды ўжо было дрэнна з фінансамі – затое прываліла папулярнасці: беларускі чэмпіянат быў адным з нямногіх, дзе не спыніліся праз пандэмію каранавіруса, а назва клуба (па-англійску сугучная з назвай дзяўчат лёгкіх паводзін) прыцягнула ўвагу аматараў каламбураў з усяго свету. «Слуцк» нават запусціў краўдфандынг, праўда, грошай сабраў няшмат.

Завод і выканкам Лукашэнкі па Слуцкім раёне некаторы час працягвалі разбірацца, хто ж мусіць дапамагаць клубу, але ў выніку ён застаўся ў зоне адказнасці прадпрыемства. Грошай стала менш, чым раней, але ўсё ж, у адрозненне ад «Гарадзеі», клуб не сканаў, хоць і скончыў ЧБ у зоне пераходных матчаў. Супернікам па іх сталі «Крумкачы» – а іх АБФФ занадта моцна не хацела бачыць у Д1.

Далей «Слуцк» працягнуў існаванне ў стабільна сціплым рэжыме (новая змена дырэктара камбіната ў 2022-м на гэта не паўплывала). У нядаўнім інтэрвʼю галоўны трэнер каманды Аляксандр Гурыновіч заявіў, што каманда «гуляе моладдзю, з улікам фінансавай сітуацыі, зразумела, хутчэй за ўсё, можа прэтэндаваць на месца ў сярэдзіне табліцы».

Цяпер «Слуцк» ідзе ў ЧБ восьмым (без штрафу «Шахцёру» быў бы дзявятым) і вылецеў з Кубка ў 1/8 фіналу. А яшчэ клуб у апошнія гады як можа даказвае лаяльнасць рэжыму – яго гульцы і кіраўнікі падпісваліся за Лукашэнку, удзельнічалі ў ідэалагічных мерапрыемствах і спакойна прынялі страту непажаданых рэжыму гульцоў праз «чорныя спісы» «мінспорту» (Гурыновіч з гэтай нагоды назваў сябе «звычайнай шрубкай у сістэме»).

Што да Прудніка, у сакавіку 2021-га слуцкае выданне «Курʼер» паведаміла, што экс-дырэктар цукровага заводу на волі і працуе на прадпрыемстве «Слодыч» – праўда, дакладная пасада не называлася (толькі здагадкі пра намесніка дырэктара ці інжынера па ахове працы). Аднак «прысуд» у 11 гадоў Пруднік атрымаў праз дзевяць месяцаў пасля гэтай навіны. Дзе ён про цяпер, застаецца невядомым.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты