Tribuna/Футбол/Блогі/У беларускім спорце – мода на культ смерці: раптам усвядомілі веліч подзвігу франтавікоў

У беларускім спорце – мода на культ смерці: раптам усвядомілі веліч подзвігу франтавікоў

Ходзяць і смуткуюць.

Аўтар — bytribuna com
28 кастрычніка, 07:58
У беларускім спорце – мода на культ смерці: раптам усвядомілі веліч подзвігу франтавікоў

Пасля 2020 года, пацярпеўшы паразу на выбарах, рэжым Лукашэнкі кінуўся ў «патрыятычнае выхаванне» беларусаў, у тым ліку ў спартовай сферы: ідэалагічныя гутаркі, «патрыятычныя» ўрокі, абавязковая прысутнасць чырвона-зялёнага сцяга на форме – сёння гэта звычайная справа для клубаў. Яшчэ адной абавязковай актыўнасцю сталі рэгулярныя масавыя наведванні ваенных помнікаў, што на фоне вайны ва Украіне (не без удзелу рэжыму Лукашэнкі) выглядае даволі дзіўна. Такія паходы спартсменамі практыкаваліся і раней, але сённяшнія маштабы ўражваюць.

Адзін з перадавікоў у гэтай справе – «Тарпеда-БелАЗ», якое 24 кастрычніка ўсім складам наведала музей ВАВ у Мінску, як піша клубная прэс-служба, «у рамках патрыятычнай працы, на пашырэнне кругагляду, выхаванне грамадзянскіх якасцяў, згуртаванне калектыву».

Жодзінцы ў гэтым сезоне часцей за іншых наведваюць такога роду мерапрыемствы. У лютым некалькі гульцоў клуба ўсклалі вянкі да памятнага знака ў гонар ветэранаў баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў – гэта было прымеркавана да Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў.

Напярэдадні 9 траўня каманда наведала дом-музей Анастасіі Купрыянавай у Жодзіне. Купрыянава стала правобразам для вядомага мемарыяла Маці-патрыётцы: усе яе пяцёра дзяцей загінулі падчас Другой сусветнай вайны.

Таксама некалькі гульцоў асноўнага складу «аўтазаводцаў» у кампаніі галоўнага трэнера Дзмітрыя Молаша наведалі ветэрана Другой сусветнай Філіпа Карлава.

А ўжо непасрэдна 9 траўня Молаш і капітан каманды Кірыл Прамудраў усклалі вянок ад клуба да помніка героя СССР Пятра Купрыянава (як паведамляюць савецкія крыніцы, падчас штурму адной з пазіцый загінуў, закрыўшы грудзьмі амбразуру).

22 чэрвеня, у дзень 82-годдзя з пачатку Вялікай Айчыннай вайны, жодзінцы ўсклалі кветкі да брацкай магілы на Маскоўскіх могілках у сваім горадзе.

У пачатку ліпеня прадстаўнікі «Тарпеда-БелАЗ» прынеслі кветкавы кошык у дзень 79-годдзя вызвалення гораду ад нацысцкай акупацыі да помніка, які якраз і быў пастаўлены з гэтай нагоды.

Пік наведванняў помнікаў вайны ў беларускім спорце вытлумачальна прыпадае на 9 траўня (вось тут мы фіксавалі актыўнасці клубаў анлайн і афлайн), але не ўсе абмяжоўваюцца гэтай датай. Так, 27 кастрычніка «Славія» ў поўным складзе наведала мемарыяльны комплекс «Хатынь». У сацсетках мазырскай каманды напісалі, што прыехалі туды «па дарозе на матч супраць «Нафтана», праўда, анлайн-карты паказваюць, што без заезду да помнікаў маршрут да Наваполацка мог быць на 50 км карацейшы.

1 ліпеня кіраўніцтва, гульцы і трэнеры «Гомеля» наведалі мемарыяльны комплекс «Алея Герояў» напярэдадні Дня Незалежнасці.

Па той жа прычыне 3 ліпеня хакеісты зборнай, трэнерскі штаб на чале з расіянінам Дзмітрыем Квартальнавым і былы кіраўнік ФХБ Дзмітрый Баскаў наведалі стэлу «Мінск – горад-герой».

Дублёраў брэсцкага «Дынама» ў канцы чэрвеня адправілі ў Брэсцкую крэпасць.

А за пару дзён да гэтага там пабывала юнацкая каманда магілёўскага «Дняпра» для «фармавання ў моладзі патрыятычнай свядомасці і выхавання».

У ліпені мінулага года ў Лідзе на такім мерапрыемстве сабралі і футбольную, і хакейную каманду – як высветліла «Трыбуне», зрабіць гэта ўдалося з тым ліку, пагражаючы звальненнем. У выніку спартсмены паслухалі «палымяныя прамовы» чыноўнікаў і вайскоўцаў і сфатаграфаваліся на фоне супрацьтанкавых гармат.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты