Tribuna/Хакей/Блогі/Паўсезона «Дынама» ў КХЛ – зноў пасрэдна: адстойная большасць, бяды са зменамі, нікога нават у топ-50 бамбардзіраў лігі

Паўсезона «Дынама» ў КХЛ – зноў пасрэдна: адстойная большасць, бяды са зменамі, нікога нават у топ-50 бамбардзіраў лігі

Затое ў парадку Стась і ёсць эфектыўны 20-гадовы «сілавік».

Аўтар — bytribuna com
21 снежня, 12:26
2
Паўсезона «Дынама» ў КХЛ – зноў пасрэдна: адстойная большасць, бяды са зменамі, нікога нават у топ-50 бамбардзіраў лігі

У беларускім хакеі скончылася міжнародная паўза, на якую сыходзілі дзеля расійскага «Кубка Першага канала». Там зборная Беларусі заняла другое месца пры пасрэдным складзе ўдзельнікаў і шэрагу недарэчных падзей.

Пасля гэтага мінскае «Дынама» ўжо правяло свой наступны матч у КХЛ – абгуляла 4:1 «Віцязь». Гэта трэцяя перамога сталічнай каманды запар, аднак яна асабліва не паўплывала на становішча ў табліцы. За спінай у «Дынама» ужо 39 з 68 матчаў рэгуляркі, гэта значыць больш за палову, а вынік звыклы – восьмае месца ў Заходняй канферэнцыі з 40 пунктамі. З такім раскладам у клуба наўрад ці атрымаецца выканаць пастаўленую «задачу-мінімум» па першым у гісторыі праходу далей стартавага раўнда плэй-оф.

Мы ж, пакуль яшчэ можна сказаць, што «Дынама» ў сярэдзіне сезона, паглядзелі на статыстыку каманды і ейных гульцоў – і выбралі некалькі цікавых фактаў.

Год таму «Дынама» пасля 39 матчаў сезона-2022/23 ішло на сёмым месцы, набраўшы 42 балы. Перамог было 17 – на адну менш чым цяпер, затое паразаў у авертаймах (за якія даюць па бале) здарылася 8 з агульных 22, а сёння іх толькі 4 з 21.

Другі матч цяперашняга сезона ўвайшоў у гісторыю для «Дынама» – той жа «Віцязь» быў разгромлены 7:0, што стала самай буйной перамогай для клуба за ўсе 15 гадоў у КХЛ. Раней рэкорднай была перамога 6:0 над «Сібірʼю» ў лістападзе-2020. Самай буйной паразай цяперашняга сезона застаецца 1:5 ад магнітагорскага «Металурга» 4 лістапада. Агульны антырэкорд – 1:9 ад «Салавата Юлаева» ў 2019-м.

У апошнім матчы з «Віцязем» «Дынама» і забіла, і прапусціла юбілейныя 100-я шайбы ў сезоне. Спачатку прапусціла – круглым стаў поспех канадскага гульца расійскай каманды Скота Уілсана. Неўзабаве сотай закінутай «Дынама» шайбай вызначыўся расіянін Аляксандр Волкаў. Цяпер розніца шайб у мінчукоў – 101:100. Пры гэтым закінутая ў чужыя пустыя вароты была толькі адна, а вось прапушчаны ў свае пустыя пяць.

У цэлым па закінутых шайбах каманда ідзе толькі на 15-м месцы ў лізе сярод 23 клубаў, па прапушчаных – на 10-м. Зрэшты, у КХЛ можна быць больш паспяховым па пунтах, маючы адзін з паказнікаў горшы, чым у дынамаўцаў, але тады ўсё добра павінна быць з другім. Так, «Лакаматыў» з Яраслаўля з трэцяга месца Захаду закінуў толькі 97 разоў, але і прапусціў 75 – найлепшыя лічбы па дзеяннях у абароне па лізе. А лідар канферэнцыі «Спартак» аж 117 разоў атрымліваў шайбы ў сваю сетку, затое і ў чужую адправіў цэлых 154 – і ў гэтым з адрывам лідаруе ў КХЛ.

Невысокі ў «зуброў» працэнт рэалізацыі кідкоў. Іх на 101 шайбу спатрэбілася 1270 – усяго 7,95% удалых спроб. Горш толькі ў «Аўтамабіліста», «Лакаматыва», «Адмірала» і «Амура».

На дне «Дынама» і па рэалізацыі большасці. Пры Дзмітрыі Квартальнаве каманда закінула толькі 21 шайбу ў 139 выпадках колькаснай перавазе ў гульцах. 15, 1% рэалізацыі – горш (21/144, 14, 6%) толькі ў «Лады» з Тальяці. Пры гэтым «Дынама» праводзіць у большасці па шэсць хвілін у сярэднім за матч – гэта трэці паказнік у лізе. Праўда, практычна столькі ж (5:55) кожную гульню даводзіцца дзейнічаць і ў меншасці – больш толькі ў шасці каманд.

Пры гульні з уласным некамплектам хакеістаў на пляцоўцы ў «Дынама» таксама не вельмі добра – 31 прапушчаная шайба за 149 спроб рэалізацыі супернікамі, гэта 15-е месца па нейтралізацыі ў лізе. Наогул гульцы клуба зарабілі ўжо 172 малыя штрафы, і гэта чацвёртае месца ў лізе. Пяць выдаленняў зарабілі брамнікі «зуброў» – больш толькі ў кіпераў «Сочы». А яшчэ ніхто не набраў больш, чым «Дынама», каманднага штрафнога часу (26 хвілін), які даецца ў асноўным за парушэнне колькаснага складу – увогуле, змяняецца каманда няўважліва. Аднак мінчукі ў меншасці закінулі сем шайб – часцей гэта ўдавалася толькі СКА.

Калі б матчы доўжыліся толькі два перыяды, у «Дынама» было б зусім сумнае становішча ў табліцы – па выніках 40 хвілін матчаў каманда вяла ў ліку толькі 10 з 39 разоў і ў віртуальнай табліцы з падобнымі «скарочанымі» сустрэчамі заняла б трэцяе месца з канца. А вось трэці перыяд – гэта як раз час мінчукоў: яны 18 разоў выйгравалі гэтую 20-хвілінку і толькі ў 9 выпадках прайгравалі, і лепей за іх заключныя адрэзкі праводзяць толькі «Спартак», СКА і маскоўскае «Дынама». Сакрэт – у чамусьці асабліва надзейнай абароне: са 100 прапушчаных «зубрамі» шайбаў на трэція перыяды выпалі толькі 23 (менш тут прапускае толькі ў ЦСКА).

Да асабістай статыстыкі. Найлепшымі бамбардзірамі каманды з 23 пунктамі ў кожнага на сёння зʼяўляюцца натуралізаваны расіянін Раман Гарбуноў (12+11) і амерыканец Сэм Анас (11+12). Гэтых паказнікаў не хапае нават для таго, каб увайсці ў топ-50 бамбардзіраў усёй КХЛ. Затое трапленні ў топ ёсць, калі ўзяць пункты толькі абаронцаў лігі. З 22 (6+16) баламі канадзец Кодзі Керан займае восьмае месца сярод калегаў па амплуа, на 19-м радку там жа з 17 (6+11) пунктамі размяшчаецца яшчэ адзін канадзец Яні Калдзіс. Больш за шэсць шайб, якія Керан і Калдзіс маюць на сваім рахунку, закінулі і ўвогуле толькі чатыры абаронцы ва ўсёй КХЛ.

Калі ўзяць толькі палявых «Дынама», то Керан займае трэцяе месца па выніковасці, а Калдзіс – сёмае. Паміж імі размяшчаюцца форварды – 21 (9+12) бал набраў гулец зборнай Беларусі Віталь Пінчук, а па 20 пунктаў маюць чарговы канадзец Нік Мерклі (10+10) і расіянін Волкаў (7+13). На восьмым месцы ў спісе бамбардзіраў – беларускі абаронца Вадзім Мароз з 15 (8+7) пунктамі, а замыкаюць першую дзясятку зноў замежнікі: расіянін Вячаслаў Асновін (2+8) ды канадзец Роберт Хэмілтан (1+9). Увогуле, з топ-10 «дынамаўцаў» па пунктах толькі два беларускія хакеісты.

Найлепшая ў камандзе рэалізацыя – у Гарбунова: 12 шайбаў ён аформіў за 79 кідкоў (15,2%, далёка не топ па мерках КХЛ). Ён жа лідауе ў цэлым па частаце кідкоў па варотах – 2,8 за гульню, Гарбуноў дзеліць 21-е месца ва ўсёй лізе па гэтым паказніку. Пры гэтым ён жа набраў больш за ўсіх у «Дынама» штрафных хвілін – 33 (18-й у КХЛ).

Керран і Калдзіс – лідары па айстайме: першы праводзіць на пляцоўцы ў сярэднім 23:06 за гульню, другі – 21:25 (гэта чацвёртая і 19-я пазіцыя па ўсёй КХЛ). На трэцім месцы Хэмілтан, які зусім крыху не дацягнуў да перыяду за матч (19:54). Потым ідуць Пінчук (19:28) і Волкаў (18:29).

Найлепшыя па «+/-» з «+11» – Волкаў і Мерклі. Найгоршы – канадзец Брэт Рычы, які паспеў набраць «-6» усяго за пяць матчаў. А калі ўзяць асобна «+» і асобна «-», то і там і там лідарам будзе Керан. Ён прысутнічаў на пляцоўцы адразу пры 61 шайбе – 31 закінутай і 30 прапушчаных. Керан жа з вялізным адрывам лідаруе па заблакаваных кідках – іх у канадца 97 пры 44 у другога ў спісе Калдзіса.

Па сілавых прыёмах наперадзе ў «Дынама» 20-гадовы Цімафей Каўгарэня – беларускі хакеіст 48 разоў гуляў «у цела» з супернікамі. На другім месцы з 40 прыёмамі – Мерклі, следам ідуць беларускія гульцы – вопытны Дзмітрый Корабаў (35) і маладзейшы Дзмітрый Дзярабін (32), замыкае пяцёрку Волкаў з 30 прыёмамі.

Андрэй Стась трымае марку на ўкідваннях – выйграў 384 з 619 (62%), больш эфектыўна з гульцоў з трохзначным лікам спроб толькі чацвёра на ўсю лігу. Лідаруе, дарэчы, скандальны форвард СКА Алекс Гальчанюк (109/165, 66,1%), сын экс-гульца зборнай Беларусі Аляксандра.

Стась разам з яшчэ адным беларускім форвардам Мікітам Пышкайлам таксама лідаруе ва ўсёй КХЛ па колькасці змен у меншасці за гульню (5,84 і 5,82 адпаведна). Стась яшчэ і паспеў тройчы закінуць у меншасці – столькі ж у беларускага гульца «Салавата Юлаева» Івана Драздова, больш (4) толькі ў расіяніна Кірыла Капусціна з «Амура».

Асноўны брамнік «Дынама» Аляксей Коласаў мае 91,1% адбітых кідкоў – 23-е месца па КХЛ, дзе пакуль лідаруе беларускі галкіпер СКА Павел Майсевіч (за першыя пяць матчаў у лізе ён так і не прапусціў). Тую ж пазіцыю Коласаў займае і па каэфіцыенце надзейнасці (2,28). Па агульнай колькасці адбітых кідкоў (596 з 654) кіпер 16-ы ў лізе. Таксама Коласаву ўдалося правесці тры «сухія» матчы – больш (па 4) толькі ў чатырох брамнікаў КХЛ.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты