Tribuna/Тэніс/Блогі/Трэнер Сабаленкі дапамог ёй адыграць пацярпелую – і нагадаў свету пра бесчалавечнасць лукашызму (забіць могуць не толькі за слова «вайна»)

Трэнер Сабаленкі дапамог ёй адыграць пацярпелую – і нагадаў свету пра бесчалавечнасць лукашызму (забіць могуць не толькі за слова «вайна»)

Хто такі Антон Дуброў.

Аўтар — bytribuna com
16 чэрвеня, 12:01
Трэнер Сабаленкі дапамог ёй адыграць пацярпелую – і нагадаў свету пра бесчалавечнасць лукашызму (забіць могуць не толькі за слова «вайна»)

Другая ракетка свету Арына Сабаленка не так даўно сітуацыйна выраклася свайго даўняга палітычнага куміра Аляксандра Лукашэнкi – а да таго, сышоўшы ад пытанняў украінскай журналісткі Tribuna.com Дар“і Мешчараковай, узрушыла СМІ правядзеннем таемнай прэс-канферэнцыі з запрашэннем толькі лаяльных журналістаў, што астатнія, канешне, запомнілі.

Цяпер жа тэнісістка стане адной з галоўных гераінь новага выпуску дакументальнага серыяла Break Point ад Netflix, дзе паказваюць закуліссе турніраў WTA і ATP. Выхад эпізоду запланаваны на 21 чэрвеня, але брытанскі таблоід Daily Express змог паглядзець серыю загадзя – і ўжо апублікаваў некаторыя вытрымкі з размоў з тэнісісткай з Беларусі. Там Сабаленка абрала звыклую тактыку – спартсменка з любоўю да дыктатара і няздольнасцю асудзіць ініцыятараў вайны ва Украіне выставіла сябе ахвярай.

На камеру Арына заявіла, што пасля пачатку вайны ва Украіне адчувала нібыта нянавісць да сябе з-за таго, якую краіну прадстаўляе. Яна таксама распавяла, што ёй у сацсетках паступалі абразлівыя паведамленні і пагрозы – як быццам гэта так дзіўна, што людзі абрынуліся на прыхільніцу рэжыму-саагрэсара. Сабаленка ўсё драматычна падвяла да таго, што з-за згаданых знешніх раздражняльнікаў задумвалася пра завяршэнне кар“еры – дэ-факта пацвердзіла свае ментальныя праблемы.

Тое, што спартсменка ўсё ж працягнула выступы, яна патлумачыла яшчэ адной драматычнай гісторыяй – маўляў, узгадала памерлага бацьку і падумала, што ён не змірыўся б з такімі паводзінамі дачкі і сказаў бы, што яна «павінна быць цвёрдай, як чэмпіёнка».

Але куды больш яскравымі сталі словы беларускага трэнера тэнісісткі Антона Дуброва. Daily Express перадаў іх так:

«Пачынаеш адчуваць сябе сапраўды вінаватым, таму што твая краіна – частка гэтага. Але таксама трэба быць сапраўды асцярожным, таму што ў нашай краіне ты не можаш сказаць ні слова пра тое, што адбываецца. Проста сказаць слова «вайна» – гэта тыпу «акей, ты памрэш за кратамі». Так што гэта вельмі цяжка. Гэта быў такі знешні ціск – тыпу табе трэба нешта сказаць, але пры гэтым для цябе не існуе правільных слоў».

Незразумела, як гэта тычыцца Сабаленка, недасягальнай для рэжыму без добраахвотнага прылёту ў Беларусь, – бо тэнісістка называе сваім домам амерыканскі штат Маямі. Затое гэтым спічам трэнер паказаў, што валодае сітуацыяй на Радзіме. Паводле звестак праваабарончай арганізацыі «Вясна», зараз у засценках знаходзяцца 1492 палітвязні. Розныя пакаранні панеслі і тыя, хто выходзіў на вуліцы з пратэстам пасля пачатку вайны: толькі за 27-28 лютага 2022 года па ўсёй Беларусі было затрымана больш за 1100 чалавек, агулам гэтая лічба перавышае 1500 чалавек.

Праваабаронцы паведамлялі, што тых, хто выходзіў на вуліцы з антываеннымі выказваннямі, збівалі падчас затрыманняў, катавалі і ўтрымлiвалі ў ізалятарах у жудасных умовах: некаторых не кармілі некалькі дзён, не прымалі перадачы, не давалі лекі. Акрамя гэтага, праваабаронцам вядомыя выпадкі, калі суддзі Лукашэнкi прызначалі арышт, нягледзячы на сур“ёзныя хваробы ў затрыманых. Таксама неаднаразова паступалі звесткі пра катаваннi і збіццi ў Жодзіна і на Акрэсціна. Людзей выводзілі ў душ, замыкалі і пускалі ў памяшканне пярцовы газ.

А забівае рэжым не толькі за слова «вайна» (колькі ўкраінцаў загінула з-за яго памагання расiйскай армii, не паддаецца падліку). Вітольд Ашурак быў кінуты за краты па абвінавачваннях ва ўдзеле ў пратэстах і адпоры сілавікам Лукашэнкі («суд» зрабілі закрытым, так што нічога больш канкрэтнага мы не даведаліся), а Мікалай Клімовіч – за публікацыю ў сацсетцы карыкатуры на Лукашэнку. Абодва палітвязні памерлі ў жорсткіх беларускіх калоніях.

Антон Дуброў – унук тэніснага трэнера Эдуарда Дуброва, пры якім жаночая зборная Беларусі з Сабаленка ў складзе выйшла ў фінал Кубка Канфедэрацый у 2017-м, толькі ў фінале саступіўшы зборнай ЗША. Як тэнісіст Дуброў-малодшы практычна нічога не дасягнуў – агулам зарабіў дзве тысячы долараў, а пікавай пазіцыяй у сусветным рэйтынгу стаў 1935-ы радок у лістападзе 2014-га. Прыкладна тады ж ён пачаў рабіць першыя крокі ў сваёй трэнерскай кар“еры. Спачатку стаў спарынг-партнёрам у Веры Лапко, калі тую трэніраваў дзед. Неўзабаве Дуброў-старэйшы пачаў прыцягваць унука і да зборнай Беларусі. Там Антон пазнаёміўся з Вікторыяй Азаранка, Аляксандрай Сасновіч і Вольгай Гаварцовай – і пачаў ездзіць на турніры ў якасці іх спарынг-партнёра.

Далей Антон трэніраваў юніёрак, пакуль не перасекся з Сабаленка. Абаяў Дуброў-малодшы і яе – таксама прапанавала стаць асабістым спарынг-партнёрам. Да 2020-га ён працаваў з трэнерам Арыны Дзмітрыем Турсунавым, які называў Антона сваім памочнікам. Праўда, з часам магутнасць удараў Сабаленкі так вырасла, што Дуброў ужо не заўсёды спраўляўся.

Пасля раставання з Турсунавым тэнісістка пачала супрацоўніцтва з немцам Дзітэрам Кіндльманам, аднак нямецкі спецыяліст не ўжыўся з капрызнай спартсменкай і пайшоў ужо праз два тыдні. Восенню 2020-га Сабаленка прапанавала Дуброву-малодшаму на час стаць в. а. яе коўча. Вынікі не пагоршыліся – тэнісістка выйграла турніры ў Астраве і Лінцы. Пасля гэтага яна вырашыла працягнуць працу з Дубровым як трэнерам на сталай аснове.

У 2023-м Сабаленка выйграла свой першы турнір «Вялікага шлема», у фінале Australian Open абыграўшы Алену Рыбакіну. Пасля перамогі сваёй падапечнай Дуброў заплакаў. Сабаленка патлумачыла гэтыя слёзы ўспамінамі трэнера пра цяжкі перыяд іх сумеснай працы ў лютым 2022 года. Тады Дуброў прапанаваў сысці ў адстаўку – прычынай паслужылі канфлікты спартсменкі з камандай, калі спрабавалі перапрацаваць падачу. Антон пераконваў Арыну, што ўжо больш нічога не можа ёй даць. Але Сабаленка адгаварыла трэнера сыходзіць, а прапанавала працаваць, каб «пераадолець цяжкія моманты».

У тых, каго карае па сваiм недарэчным жаданнi беларускі рэжым, жыццёвыя моманты не ў прыклад цяжэйшыя – і як бы пасля свайго спічу Дуброў не патрапіў у лік непажаданых для садысцкай сістэмы.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты