Tribuna/Футбол/Блогі/Нават у простых пытаннях АБФФ дэманструе сваю бязглуздасць. Тлумачым, чаму кейс «Макслайна» – гэта проста шапіто

Нават у простых пытаннях АБФФ дэманструе сваю бязглуздасць. Тлумачым, чаму кейс «Макслайна» – гэта проста шапіто

Ледзь не загубілі «Арсенал», а цяпер могуць вярнуць «Віцебск», што вылецеў без шанцаў.

Аўтар — bytribuna com
8 снежня 2022, 09:44
1
Нават у простых пытаннях АБФФ дэманструе сваю бязглуздасць. Тлумачым, чаму кейс «Макслайна» – гэта проста шапіто

Заўзятараў даўно не здзівіць дзіўнымі рашэннямі беларускай федэрацыі футбола. Дакладней, дзіўныя яны менавіта для аўдыторыі - у Доме футбола ж пастаянна запэўніваюць, што ўсё па плане, і прыдумляюць для сваіх ідэй не тое што недарэчныя, а проста ілжывыя апраўданні.

Вось на днях на дзяржТБ Юрый Вяргейчык у чарговы раз абараняў ліміты на маладых і легіянераў: заявіў, што «два гады таму» у зборнай U-21 было ўсяго два гульцы асновы сваіх клубаў, хоць насамрэч у канцы «безлімітнага» 2020-га на чарговы матч выйшлі ажно шэсць такіх футбалістаў, перабольшыў паказчыкі па замежнікам у «вышцы» і прывёў у прыклад Сербію - у свеце Вяргейчыка там жорсткі ліміт і, «як правіла, 2-3 замежніка, і то ў вядучых клубах», а ў рэчаіснасці абмежаванні не распаўсюджваюцца на гульцоў з Еўразвязу, у вядучых клубах па дзясятку замежнікаў (абмежаванняў на заяўку няма), а ў драбнейшых лёгка знойдзецца па тры-чатыры такіх выканаўцы.

Ну а ва ўсёй паўнаце сваю "лагічнасць" АБФФ паказала ў гісторыі з "Макслайнам". Клуб, які дзейнічаў па традыцыйнай для небагатага белфутбола схеме (не асабліва клапаціцца наконт інфраструктуры пад "вышку", пакуль не выйдзеш у "вышку"), раптам апынуўся суб'ектам, да якога ў федэрацыі падышлі "па законе" замест "часам не да". Клуб спрабуе дабіцца свайго ў футбольным арбітражы - пасля яркіх стыкаў і снежнай перамогі ў Рагачове імкненне змагацца зразумела.

Тым больш відавочна, чаму ў Рагачове разлічвалі на асаблівы падыход. Бо перад вачыма быў прыклад з петрыкаўскім "Шахцёрам". Ён, як вядома, з'яўляецца фарм-клубам «Шахцёра» з Салігорска, і было ясна: паводле становішча з ганарлівай назвай «Аб абароне спартовай цэласнасці прафесійных спаборніцтваў пад эгідай АБФФ», Петрыкаў «не павінны дапушчаць да ўдзелу падчас ліцэнзавання і ў спаборніцтвах» у Д1. Пры гэтым каманда заняла ў сезоне Д2 трэцяе месца - і па спартыўным прынцыпе менавіта яна, а не "Макслайн", павінна была ўдзельнічаць у пераходных сустрэчах, бо дэ-юрэ менавіта для прысутнасці там "Шахцёру" нішто не замінала - цяжкасці пачыналіся толькі ў выпадку поспеху «гарнякоў».

Аднак АБФФ загадзя разаслала ў клубы першай лігі паведамленне, што вынік "Шахцёра" у разрэзе выхаду ў "вышку" не будзе ўлічваць наогул. І сапраўды так і зрабіла, таму ў стыкі з чацвёртага месца Д2 і патрапіў Рагачоў. Толькі аб ім таксама ўсё было вядома загадзя - бо цяпер федэрацыя тлумачыць нядопуск да ліцэнзавання патрабаваннем рэгламенту па ліцэнзаванні і кантролі дзейнасці клубаў аб сяброўстве ў АБФФ на працягу двух гадоў да моманту пачатку сезона.

"Макслайн" стаў чальцом толькі ў сакавіку 2022-га - гэта значыць яшчэ на той момант было відавочна, што "па законе" у вышэйшай лізе-2023 гуляць не зможа, сапраўды гэтак жа, як і "Шахцёр", хай і па сваёй прычыне. Самае лагічнае ў гэтай сітуацыі пытанне ўзнікла нават на старонках падкантрольнага АБФФ «Прэсбола»: «Калі пра недастатковыя тэрміны рэгістрацыі прэтэндэнта на павышэнне было вядома загадзя, як жа тады «Макслайн» наогул дапусцілі да пераходных матчаў?».

Зрэшты, раней АБФФ ужо карысталася "правілам двух гадоў" як ёй было зручна. Перад сезонам-2021 менавіта яно стала фармальнай перашкодай, каб не пусціць у «вышку» «Крумкачы» – прычым клубу яшчэ і даслалі афіцыйную адмову так, каб яе было немагчыма паспець абскардзіць. Пасля гэтага кіраўнік дэпартамента ліцэнзавання Андрэй Мішаеў напаказ дзівіўся, чаму «Крумкачы» гэтага не зрабілі - і заадно здаў кучу каманд, з якімі было «не да законаў»: «Брэсцкае «Дынама» памяняла юрыдычны статус у 2017-м - пайшлі насустрач. "Спадарожнік" нядаўна звярнуўся з просьбай - адказ станоўчы. Былі пытанні па ліцэнзаванні ад "Слуцка", "Смаргоні", "Мінска" - усе пажаданні задаволены".

Кейс “Спадарожніка” – увогуле асобная гісторыя. Каманда, якая ў 2020-м выйграла першую лігу, у канцы таго года была значна бліжэй да развалу, чым да павышэння: яна па паперах з'яўлялася структурным падраздзяленнем прадпрыемства "Рэчыцадрэў", якое перайшло да канцэрна "Беллеспаперапрам", а там нямэтавыя марнаванні не адобрылі і не заклалі на 2021 ніякіх фінансаў на існаванне ФК. Перамовы з іншымі магчымымі спонсарамі поспехаў не прынеслі, не даў выніку і зварот заўзятараў да мясцовых улад. Здавалася, усё ідзе да ціхага расфарміравання клуба - але з жадаючых запоўніць вакансію тады сапраўды заставаліся толькі «Крумкачы», якіх АБФФ дапушчаць ніяк не жадала. У выніку Базанаў асабіста прыехаў у Рэчыцу, сустрэўся з кіраўніцтвам "Рэчыцадрэва", паабяцаў дапамагчы ў пошуку спонсараў - і пасля такога "Спадарожнік" пайшоў у эліту, для чаго АБФФ дала яму ўсе патрэбныя для допуску ў "вышку" прэферэнцыі.

Вынікам стала знікненне клуба ў 2021-м пасля першага круга ЧБ, пасярод чэмпіянату - не выратавалі і масавыя подпісы ліста за Лукашэнку. Цяпер жа Базанаў, які фактычна спрадзюсаваў непрывабную гісторыю сваімі абяцаннямі, якія не супадалі з рэальнасцю, максімальна цынічна прыводзіць «Спадарожнік» як прыклад, чаму цяпер не робяць выключэння для «Макслайна». Заяўляе, што праз два гады федэрацыю такія клубы раптам "не задавальняюць", а АБФФ напірае на "відавочную неадпаведнасць "Макслайна" інфраструктурным крытэрам ліцэнзавання", якое ў рэчыцкім выпадку не моцна замінала, а яшчэ залівае, што выключэнне з "правіла двух гадоў" для "Спадарожніка" "было адзіным у дадзеным стаўленні".

Дазвалялі не да канца выконваць рэгламенты ў свой час і дзяржынскаму «Арсеналу», які цяпер быў выбіты «Макслайнам» у «стыках». Аднак у выніку атрымаўся не такі ўжо благі прыклад існавання прыватнага клуба. Тамака стараліся развівацца паступова, укладвалі пад'ёмныя грошы, стварылі патрэбную інфраструктуру (так і не згулялі ў «вышцы» у Дзяржынску, але працавалі над гэтым) і, можна сказаць, уставалі на ногі. Ды і па гульні паказалі, што, хоць зорак з неба не хапаюць, могуць абгуляць БАТЭ на "Барысаў-Арэне", і ў вырашальны момант сапхнулі ў зону прамога вылету замест сябе "Віцебск". Быў бы іншы супернік па стыках - і, магчыма, «Арсенал» проста застаўся б у эліце.

Замест гэтага АБФФ дазволіла ўдзельнічаць у пераходных матчах неслабой камандзе Юрыя Пунтуса (а экс-дырэктар дзяржынцаў лічыць, што яшчэ і "тапіла" за рагачоўцаў) - і на эмоцыях ад паразы "Арсенал" ледзь зусім не расфармавалі. Праўда, кіраўнік клуба Аляксей Меляшкевіч пазней астыў і цяпер ставіць за мэту згуляць у Д2 так, каб вярнуцца ў «вышку». Але на сумленні АБФФ усё ж можа з'явіцца яшчэ адно знікненне клуба - такія чуткі ходзяць зараз ужо пра «Макслайн».

У пошуках 16-й каманды Д1 наступнага сезону федэрацыя зараз пагражае звярнуцца і да прамога парушэння рэгламенту - пакінуць у «вышцы» каманду, якая па спартовым прынцыпе адтуль вылецела. Прычым зноў па апрабаваным перад сезонам-2021 метадзе, у якім тыя, хто прайграў у «стыках», у прынцыпе не разглядаюцца як варыянт - і калі тады ігнор «Крумкачоў» і ўзняцце ў «вышку» «Смаргоні» з шостага месца Д2 відавочна выглядалі палітычна матываванымі, то чым зараз так не дагадзіў "Арсенал", незразумела. Але чуткі з высокай верагоднасцю вяртаюць у шэрагі ўдзельнікаў Д1 не 14-ю каманду сезона-2022, а 15-ю - "Віцебск". Зрэшты, калі так сапраўды здарыцца, гэта будзе годным вынікам чарговага чатырохгадовага тэрміну развалу белфутбола замест развіцця.

Аднак ёсць і варыянт, што рэгламент будзе выкананы - АБФФ прапанавала падацца ў вышэйшую лігу таксама "Астраўцу" і "Хвалі". Праўда, пінчукі сталі ў Д2 сёмымі, а падвышацца "па законе" можна з аднаго з шасці першых месцаў, але тут АБФФ застрахавана тым самым лістом аб "Шахцёры", дзе прадбачліва сфармулявана, што вынікі петрыкаўцаў не ўлічваюцца пры вызначэнні "прызавых і пры неабходнасці" наступных месцаў (у тым ліку па 6-е ўлучна)» - гэта значыць фармальна «Хваля» разглядаецца як каманда з шостага месца, дапушчальнага ў «вышку».

Галоўная праблема ў іншым - у райцэнтрах на новы ўзровень больш грошай не стала. Таму ў Астраўцы, напрыклад, адразу ацанілі свае шанцы на 1%. Больш надзей у АБФФ відавочна было на "Хвалю", дзе публічна сумавалі праз нявыхад у вышэйшую лігу, але, здаецца, і там вырашылі, што словы словамі, а фінансы трэба ацэньваць рэальна. Хаця, вядома, у АБФФ могуць і Пінску выдаць якія-небудзь абяцанні.

Пытанне толькі, хто зараз ім паверыць.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты