Tribuna/Футбол/Блогі/Драгун у «Дынама»: выбраў замест БАТЭ з парады Васілюка, АМАП выводзіў з фан-сектара, не разумеў сувязі спорту і палітыкі, не сышоў да Раберта Карласа

Драгун у «Дынама»: выбраў замест БАТЭ з парады Васілюка, АМАП выводзіў з фан-сектара, не разумеў сувязі спорту і палітыкі, не сышоў да Раберта Карласа

Выдумаў той самы плот, ажаніўся.

Аўтар — bytribuna com
9 чэрвеня, 11:14
6
Драгун у «Дынама»: выбраў замест БАТЭ з парады Васілюка, АМАП выводзіў з фан-сектара, не разумеў сувязі спорту і палітыкі, не сышоў да Раберта Карласа

4 чэрвеня Станіслаў Драгун «павіншаваў» сябе з 35-м днём нараджэння аб'явай пра завяршэнне кар'еры. Звязана гэта з трапляннем у «чорны спіс» «Мінспорту» Лукашэнку за грамадзянскую пазіцыю - выступ супраць гвалту аказаўся для рэжыму страшным грахом.

Мы ўжо расказвалі, чым Драгун запомніўся ў БАТЭ – сваім апошнім клубе, якому аддаў больш за пяць гадоў.

Яшчэ адзін важны клуб у кар'еры футбаліста - мінскае «Дынама». Тут ён стаў зоркай беларускага маштабу, як дынамавец узяў бронзу моладзевага ЧЕ і ў якасці капітана каманды ездзіў на Алімпіяду.

Мы ж засяродзімся на тым, чым Драгун запомніўся непасрэдна ў «Дынама» - ну і за межамі поля за чатыры з паловай гады ў клубе.

Ісці ў «Дынама» параіў Васілюк

Драгун прыйшоў у «Дынама» летам 2008-га - пасля таго, як некалькі гадоў выступаў у першым «моладзевым» праекце Анатоля Юрэвіча, а затым з ім сышоў у «Гомель» і ўзяў срэбра ЧБ-2007.

«Усё вельмі хутка вырашылася, літаральна за 3-4 дні. Патэлефанаваў галоўны трэнер «Дынама» Ігар Мікалаевіч Крывушэнка, неўзабаве я прайшоў тэставанне. А потым адправіўся да Юрыя Аляксандравіча Чыжа для падпісання кантракту. Можна сказаць, той трансфер адбыўся спантанна. Гэта быў крок наперад», – спачатку расказваў пра трансфер Драгун.

Аднак у 2020-м футбаліст раскрыў падрабязнасці таго пераходу - аказваецца, без парады Рамана Васілюка, тагачаснага партнёра па «Гомелі», у «Дынама» пры ўсёй любові да клуба Драгун мог не апынуцца.

- Я размаўляў з Віктарам Ганчарэнкам, паралельна размаўляў з Юрыем Чыжом. Тады быў малады і не ведаў, што рабіць. Пайшоў да Рамана Васілюка, расказаў сітуацыю. Ён мне параіў «Дынама» Мінск. Чым абгрунтаваў, я ўжо не памятаю. Згуляў матч за «Гомель», дзе забіў МТЗ-РІПА, сустрэўся з Чыжом і падпісаў кантракт, - прызнаўся гулец.

Забіў гістарычны мяч

У 2008-м Драгун адразу дапамог «Дынама» ўзяць срэбра ЧБ, як і ў 2009-м, у 2012-м каманда стала бронзавай прызёркай. Футбаліст у 2010-м, 2011-м і 2012-м уключаўся АБФФ у спіс 22 найлепшых у чэмпіянаце. У сезоне-2012 УЕФА прызнаў Станіслава найлепшым футбалістам ЧБ, а АБФФ з «Прэсболам» - найлепшым паўабаронцам (найлепшым ва ўсёй «вышцы» для іх быў Рэнан Брэсан).

За чатыры з паловай гады ў «Дынама» Драгун згуляў 144 матчы, у якіх забіў 29 мячоў, аддаў 11 галявых, стаў капітанам каманды і ўлюбёнцам заўзятараў. А ў 2010-м яго галы ледзь не дапамаглі клубу выйсці ў групавы этап Лігі Еўропы - у адборы "Дынама" прайшло эстонскі "Калеў" (5:1, 5:0 з мячом Драгуна), ізраільскі "Макабі" Хайфа (0:1 , 3:1) і толькі ў апошняй стадыі спатыкнулася аб «Бруге» (1:2, 2:3), якому Драгун забіў у абодвух матчах. Свой гол у Бельгіі футбаліст лічыў адным з самых прыгожых за клуб.

Ну а яшчэ на рахунку Драгуна гістарычны мяч - 1000-ы для мінскага «Дынама» у вышэйшай лізе. Здарыўся ён практычна адразу пасля пераходу - 16 жніўня 2008-га футбаліст засмуціў былых партнёраў па «Гомелі». Калі дакладней, яны самі патрапілі мячом у нагу Драгуну - што значнасці гола, вядома, не зніжае.

Паказваў любоў да «Дынама» буцамі і ў кліпе

Драгун не раз прызнаваўся ў любові да "Дынама". Нядзіўна - у падлеткавым узросце сябар, які заўзеў за клуб, захапіў гэтым Станіслава, які таксама пачаў хадзіць на фан-сектар, дзе ў выніку, ужо гуляючы за «Дынама», бачыў у першых шэрагах тых, з кім калісьці стаяў плячом да пляча.

Праяўляў пачуцці Драгун не толькі на словах. Напрыклад, некаторы час гуляў у буцах з нанесенай на іх літарай "Д" з эмблемы клуба.

Таксама Драгун зняўся ў фанацкім кліпе на рэп-трэк падтрымкі клуба - відэа набрала 36 тысяч праглядаў на YouTube.

І нават чакаў сіняй кабінкі на коле агляду.

Быў выведзены сілавікамі Лукашэнкі з фан-сектара, але байкоту ўсё роўна не разумеў

Будучы гульцом «Дынама», Драгун таксама з'яўляўся на фан-сектары. А ў апошнім туры ЧБ-2010, які прапускаў праз дыскваліфікацыю, яшчэ і адчуў на сабе «хароствы» ўзаемадзеяння з рэжымам - сілавік Лукашэнкі, якому нешта не спадабалася, вывеў з сектара Драгуна з ягоным аднаклубнікам Дзмітрыем Рэкішам.

Пры гэтым ледзь не адзіны спосаб фанатаў адказаць на ціск сілавікоў Лукашэнкі, пакінуць сектар пустым, Драгун не ўхваляў - казаў, што "ўстрымаўся б ад байкоту", таму што, маўляў, "футбалісты не вінаватыя". І нават калі сыход фанатаў быў прамым следствам дзеянняў прарэжымнікаў, футбаліст сказаў: «Байкоты байкотамі, але цяпер нам як ніколі патрэбная падтрымка».

Крытыкаваў кіраўніцтва

Не саромеўся Драгун прад'яўляць прэтэнзіі і да кіраўніцтва «Дынама», тым больш калі ўжо стаў уплывовым гульцом. Так, у 2011-м футбалісту не спадабалася, што "Дынама" задоўга да канца ЧБ аб'явіла, што не будзе працягваць супрацу з галоўным трэнерам Сяргеем Аўчыннікавым. Каманда прайграла тры апошнія сустрэчы і праз гэта засталася без медалёў, а Драгун пасля наракаў: «Маглі б схаваць інфармацыю да фінішу, каб каманда спакойна рыхтавалася да вырашальных матчаў. Некаторых гульцоў гэта добра расхаладзіла - даведаліся, што трэнера не будзе, і проста кінулі трэніравацца».

У 2012-м, калі «Дынама» толькі ў 31-м з 33 тураў, абгуляўшы «Гомель», стала фаварытам у барацьбе за «бронзу» з гэтым жа супернікам, а затым аформіла медалі, Драгуна не задаволілі паводзіны кіраўнікоў «Дынама» пасля заключнага матчу ЧБ. «Яны заходзілі ў распранальню, але радасных прамоў не было. Мы не разлічваем ні на якую гутарку, ні на якое шампанскае, але сказаць пару слоў накшталт «Мы малайцы, мы гэта зрабілі» можна было», - казаў футбаліст.

Вялікіх наступстваў для футбаліста гэта не мела - такіх скандалаў з выпраўленнем у дубль, як у некаторых партнёраў, Драгун пазбег.

Крытыкаваў журналістаў

Бываў незадаволены Драгун і беларускімі спартовымі журналістамі. У 2010-м увогуле заявіў: «Журналісты крытыкуюць нас, бо ў іх ёсць свабода слова, мы, на жаль, не можам гэтак жа на ўсю краіну казаць пра нешта. У нас журналісты дрэнныя, а футбалісты добрыя». Выйграўшы бронзавыя медалі на МЧЕ-2011, гулец дадаў: «Ніхто на журналістаў не ўзлаваўся. Але сэнс мець зносіны з людзьмі, якія шукаюць нейкі падвох, жадаюць выведаць нешта цёмнае».

Зрэшты, стасункі з медыя ў Драгуна ўсё роўна адбываліся і ў немалым аб'ёме. А пасля сыходу з мінскага «Дынама», даўшы некалькі інтэрв'ю, у адным з іх пад канец сказаў: «Напішы. няхай журналісты больш не тэлефануюць. Я ўжо стаміўся ад размоў».

Выдумаў тую самую гісторыю пра плот

У 2012-м у медыя Драгун распавёў гісторыю, якая ў белфутболе стала хітовай – нібыта ўбачыў, што ля дома бабулі жоўты плот пры сініх варотах (то бок у колерах БАТЭ), пасля чаго тут жа перафарбаваў агароджу. Аповед яшчэ і добра пасаваў іміджу сапраўднага дынамаўца, які ў выпадку Драгуна ў той час не ставіўся пад сумнеў.

Аднак у 2018-м футбаліст прызнаўся, што схлусіў - маўляў, супрацоўнік дзяржСМІ прапанаваў выдумаць якую-небудзь гісторыю для цікавасці чытачоў, а Драгун і пагадзіўся. Зрэшты, жартам і іроніі гэта ніяк не мяшае. Тым больш адзін плот у сваім жыцці футбаліст сапраўды фарбаваў - на камеру.

Не разумеў еўрапейскіх санкцый да спорту

Драгун, які цяпер завяршыў кар'еру пад ціскам рэжыму праз грамадзянскую пазіцыю, некалі выдаваў ідэальныя для беларускага рэжыму прамовы – выступаў супраць спартовых санкцыяў у якасці асіметрычнага адказу. Справа была ў пачатку 2012-га, калі мінскае «Дынама» патрапіла пад санкцыі Еўразвяза сярод іншых юрыдычных асоб, што былі звязаныя з Юрыем Чыжом - таму выпісалі бан як набліжанай да Лукашэнкі асобы ў адказ на сілавое задушэнне пратэстаў і рэпрэсій да палітвязняў пасля выбараў-2010. .

«Я не разумею, як увогуле можна звязваць спорт і палітыку. Так што нават не ведаю, што сказаць», – коратка пракаментаваў Драгун тыя падзеі.

Зрэшты, на «Дынама» гэта моцна не паўплывала, а УЕФА ўвогуле заявіў, што для іх клуб не пад санкцыямі (хоць насамрэч заставаўся ў бан-лісце ЕЗ некалькі гадоў).

Весела вёў сацсеткі

У бытнасць гульцом "Дынама" Драгун быў актыўным карыстальнікам сацыяльнай сеткі "УКантакце". А сустракаў усіх, хто заходзіў на старонку футбаліста, такі аптымістычны статус.

«У стужцы сяброў значыцца каля 900 чалавек, пераважная большасць - жаночага полу. На старонцы дзеецца развясёлае бязладдзе: звароты заўзятараў, іх расчараванні, пажаданні поспеху. У плэйлісце хаўбека можна знайсці ўсё што заўгодна: Баста, "Бумбокс", Лепс, "Чэлсі" і Дзмітрый Шастаковіч. Статус з сумнага: «Не давяраць сябрам больш ганебна, чым быць імі ашуканым» А таксама з кур'ёзна-сумнага: «Казлы вярніце люстэркі! :)» – фіксаваў агляд на сёння выдаленай старонкі на goals.by. Зрэшты, пара запісаў за 2011-ы захавалася ў інтэрнэт-архіве – пра дзяўчат у пацанскім стылі.

Ажаніўся

Наогул у Драгуна доўгі час быў імідж халасцяка - падтрымліваў ён яго не толькі ў сацсетках, вось вытрымка з інтэрв'ю 2011 года: «Люблю хатніх жывёл і дзяцей. Шукаю прыгожую дзяўчыну, якая ў маю адсутнасць будзе прыглядаць за маім французскім бульдогам Шэйхам, а заадно гатаваць смачныя вячэры і наводзіць утульнасць у маёй кватэры».

Аднак у пачатку 2012-га Драгун распавёў, што думае пра хуткую жаніцьбу. Ну а ў снежні 2012-га, перад самым сыходам з «Дынама», аформіў неўрачыстую рэгістрацыю шлюбу - і прызнаўся, што са сваёй абранніцай у стасунках ужо шмат гадоў.

Не перайшоў у БАТЭ, за такое публічна зачапіў экс-аднаклубніка

З «Дынама» Драгуна некалькі разоў клікалі ў БАТЭ. Анатоль Капскі хацеў пераходу асабіста, пра што казаў і ў прэсе. Драгун знаходзіў гэтаму тлумачэнне: «Пад Барысавам ёсць вёска Жыцькава, адтуль родам усе мае сваякі. І Анатоль Анатольевіч таксама з тых мясцін. Наракаў: "Як гэта ты, зямлячок, міма прайшоў".

Пасля сезона-2010 БАТЭ вёў канкрэтныя перамовы з «Дынама» - але беспаспяхова. "Стас - адзін з найлепшых футбалістаў нашага чэмпіянату, але тут грошы наогул нічога не вырашалі", - проста растлумачыў Капскі. А неўзабаве Драгун падпісаў новы кантракт з мінскім клубам — з такім каментаром: «Неахвота разважаць пра БАТЭ ці пра каго б тое ні было. «Дынама» - мая любімая каманда. Тут маё сэрца. Я кіраваўся сваімі пачуццямі».

Больш за тое, Драгун крытыкаваў за пераход у БАТЭ перад сезонам-2012 свайго былога аднаклубніка (у «Дынама» быў з 2008-га па жнівень 2011-га), брамніка Андрэя Гарбунова. На старонцы паўабаронцы тады з'явіўся такі пост.

Пазней Драгун дадаў, што цяпер яму гол у вароты Гарбунова прынясе "двайное задавальненне".

Працаваў з Ісаевым на слове гонару

Асабістае стаўленне для Драгуна значыла больш за паперы не толькі ў выпадку, што згаданы вышэй. Так, у дынамаўскія часы ягоным агентам у прэсе называўся вядомы ў Беларусі прадстаўнік прафесіі Валерый Ісаеў. Аднак пры сыходзе са сталічнага клуба Драгун заявіў: афіцыйна ў яго прадстаўніка няма.

“Ёсць проста добрыя людзі, якія мне дапамагаюць. Я з імі сябрую. Не магу назваць іх агентамі. Вось маю добрыя зносіны з Валерыем Ісаевым. Навошта нам патрэбныя кантрактныя абавязацельствы? Проста ніколі яму не здраджу», – сказаў футбаліст.

Не бачыў сэнсу ехаць у Польшчу

Тады ж, на сыход з «Дынама», Драгун расказаў, што ў яго быў варыянт з Польшчы. Праўда, футбаліст заявіў, што ў гэтую суседнюю краіну сам не паехаў бы.

- А чаго туды ехаць? Мяне польская ліга ніколі не вабіла. Вядома, рэальна аказацца ў Германіі. Але Польшча сёння і некалькімі гадамі раней - дзве розныя футбольныя краіны. Гавораць, цяпер футболу надаецца менш увагі. Адпаведна, падае ўзровень, - тлумачыў сваю пазіцыю футбаліст.

Праз пару гадоў Польшчу «пакаштуе» іншы малады і таленавіты беларускі гулец - Павел Савіцкі, але ў яго нічога толкам не атрымаецца.

Перайшоў у Расію не так крута, як мог бы

З мінскага «Дынама» у пачатку 2013-га Драгун перайшоў у расійскія «Крылы Саветаў» - да таго моманту каманда ішла на 14-м з 16 месцаў пасля 19 тураў РПЛ-2012/13. Па розных звестках, за Драгуна аддалі больш за мільён еўра - да гэтага часу адзін з самых дарагіх трансфераў для беларускіх гульцоў.

Лідзіравалі ў табліцы чэмпіянату Расіі на момант пераходу Драгуна ЦСКА і «Анжы» - і ў абодва клубы беларускага гульца сваталі годам раней, а махачкалінцы нават рабілі канкрэтную прапанову. Але тады сысці не атрымалася - як казаў Драгун, ён не атрымаў ухвалы Чыжа, які "шмат дапамагаў, запрасіў у "Дынама", аддаўшы немалыя па тых часах гроша", таму застаўся ў клубе. А гэта ж быў той самы-самы зорны «Анжы» з Раберта Карласам і Самуэлем Эта“О ў складзе. Але нетрапленне туды футбаліст прыняў і пазней сказаў, што так "было заўгодна Богу".

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты