Tribuna/Футбол/Блогі/Буфон быў часткай «калгаснай каманды», якая забяспечыла зборнай Беларусі пакуль што найлепшую паразу ў ейнай гісторыі (а нам ёсць з чаго выбіраць)

Буфон быў часткай «калгаснай каманды», якая забяспечыла зборнай Беларусі пакуль што найлепшую паразу ў ейнай гісторыі (а нам ёсць з чаго выбіраць)

Дзеці Чарнобыля, глупства Карыцькі, струс Хамутоўскага.

Аўтар — bytribuna com
3 жніўня, 11:02
Буфон быў часткай «калгаснай каманды», якая забяспечыла зборнай Беларусі пакуль што найлепшую паразу ў ейнай гісторыі (а нам ёсць з чаго выбіраць)

У сераду 2 жніўня Джанлуіджы Буфон абʼявіў пра завяршэнне карʼеры. 45-гадовы галкіпер, які браў залатыя медалі чэмпіянату свету-2006 і дзесяць разоў станавіўся чэмпіёнам Італіі ў складзе «Ювентуса», апошнія два сезоны правёў у «Парме», у якой 28 гадоў таму рабіў першыя крокі ў дарослым футболе. Пайсці на мажорнай ноце, вывеўшы родны клуб у элітны дывізіён, не ўдалося: у паўфінале плэй-оф за павышэнне «крыжакі» саступілі «Кальяры», а сам Буфон праз траўму адгуляў толькі тайм у двухматчавым супрацьстаянні.

Перасячэнняў белфутбола і легендарнага галкіпера за яго амаль 30-гадовую карʼеру набралася не так ужо і шмат: ён тройчы гуляў супраць нашай «нацыяналкі» ў складзе «Скуадры Адзуры», на клубным узроўні супрацьстаяў Аляксандру Глебу, Віталю Кутузаву, Сяргею Гурэнку, а вось матчы «Ювентуса» супраць БАТЭ на групавым этапе ЛЧ-2008/09 прапусціў праз пашкоджанне.

Але ўсё ж адна з сустрэч Буфона з беларусамі атрымалася незабыўнай. 13 кастрычніка 2004 года гулялі зборныя Італіі і Беларусі – той матч атрымаўся максімальна драматычным для нашай каманды. Мабыць, гэтая найлепшая параза ў гісторыі белфутбола (за адсутнасцю лепшага прыходзіцца памятаць і такое). Джыджы таксама напэўна не забыўся на некаторыя дэталі той сустрэчы.

Згулялі на тым жа стадыёне, на якім Буфон дэбютаваў у дарослым футболе

Увесь адбор да трыўмфальнага для сябе ЧС-2006 зборная Італіі прымала супернікаў па-за Рымам: Палерма, Мілан, Леча, а матч супраць Беларусі прайшоў на арэне «Эніа Тардзіні» ў Парме. Там жа Буфон правёў першы матч у карʼеры: у лістападзе 1995-га 17-гадовы кіпер выйшаў у аснове супраць «Мілана» і змог захаваць вароты ў недатыкальнасці – 0:0.

Матч зборных сабраў на трыбунах амаль 20 тысяч гледачоў пры агульнай умяшчальнасці 23 тысячы чалавек.

На матч футбалістаў выводзілі «дзеці Чарнобыля»

У той час прыкладна 30 тысяч дзяцей, якія так ці інакш пацярпелі ад катастрофы на ЧАЭС, штогод ездзілі на аздараўленне ў Італію, дзе жылі ў італьянскіх семʼях. Менавіта з гэтых рабят набралі тых, хто вывеў зборныя на матч. На трыбунах тады быў вывешаны банер «Трыццаць тысяч дзякуй за трыццаць тысяч усмешак дзяцей Чарнобыля».

Гэтая праграма дзейнічала да нядаўняга часу. Аднак апошнія пару гадоў лукашысты не выпускаюць беларускіх дзяцей у Італію – такі іх адказ на санкцыі Еўразвяза.

За дзень да гэтага згулялі моладзевыя зборныя

За дзень да гульні нацыянальных зборных у суседняй Мантове (60 км ад Пармы) матч еўракваліфікацыі правялі моладзевыя зборныя Італіі і Беларусі. Перамога засталася за гаспадарамі: на гол Аляксея Сквярнюка на 32-й хвіліне яны адказалі дакладнымі ўдарамі Раланда Бʼянчы і Альберта Аквілані.

За пяць месяцаў да таго «маладзёжкі» сустракаліся на групавым этапе Еўра-2004. Тады каманда Юрыя Пунтуса з братамі Глебамі, Сяргеем Карніленкам, Юрыем Жаўновым, Цімафеем Калачовым Аляксеем Багам, Дзмітрыем Молашам абгуляла суперніка 2:1. З таго складу беларускай каманды ніхто не згуляў у Парме (Глеб-старэйшы адбываў дыскваліфікацыю), у той час як за гаспадароў з былой «маладзёжкі» выйшлі Альберта Джылардзіна і Даніэле Дэ Росі (і кожны з іх здолеў вызначыцца голам).

Італьянцы за чатыры дні да таго прайгралі ў Славеніі, беларусы – разграмілі Малдову

Да матчу супернікі падыходзілі ў розным настроі. Італія той адбор пачала з не вельмі пераканаўчых перамог над Нарвегіяй (2:1) і Малдовай (1:0), а ў трэцім туры нечакана саступіла ў Славеніі, прапусціўшы адзіны мяч на 82-й хвіліне.

Беларусы ж стартавалі выязной нічыёй супраць Нарвегіі (1:1), а за чатыры дні да матчу з Італіяй не пакінулі шанцаў Малдове, забіўшы чатыры мячы без адказу.

Буфон перад гульнёй казаў, што яго зборная хоча «разарваць» беларусаў...

Пасля паразы ад славенцаў, а таксама памятаючы пра тое, што ў адборы на Еўра-2000 абедзве сустрэчы супраць беларусаў скончыліся ўнічыю (0:0, 1:1), італьянцы сурʼёзна настройваліся на гульню ў Парме. Буфон сказаў у прэсе, што ягоная каманда хоча не проста перамагчы, а разарваць суперніка.

- Пасля такіх параз заўсёды хочацца адрэагаваць адпаведным чынам. У матчы супраць Беларусі мы хочам не проста перамагчы, а разарваць суперніка, каб нашы заўзятары ўбачылі, на што мы здольныя насамрэч, – заявіў Джыджы.

...і прадказаў, хто стане галоўным героем сустрэчы

А яшчэ галкіпер італьянцаў заступіўся за Франчэска Тоці, якога шмат крытыкавалі пасля матчу са славенцамі. Буфон сказаў, што лідар «Ромы» сваёй гульнёй супраць беларусаў адкажа крытыкам.

- Сказаў Франчэска, што ён абавязкова дапаможа нам скрышыць іх у сераду, паколькі ён вялікі і адзіны ў сваім родзе футбаліст, – быў упэўнены Буфон.

І калі разарваць беларусаў італьянцы не змаглі, то наконт Тоці брамнік патрапіў у кропку: хаўбек вызначыўся дублем у вароты Васіля Хамутоўскага і стаў галоўным героем сустрэчы.

Байдачнаму давялося мяняць пераможны склад праз траўму

Анатоль Байдачны не збіраўся мяняць пераможны склад, але ўмяшаліся абставіны: Сяргей Амельянчук атрымаў пашкоджанне напярэдадні сустрэчы, і гуляць прыйшлося Ігару Тарлоўскаму.

Марчэла Ліпі куды больш грунтоўна падышоў да перакройвання складу пасля няўдачы ў Цэле. Больш за ўсё перастановак адбылося ў абароне: там застаўся толькі Алесандра Неста, а Даніэле Банеру і Фабіа Канавара замянілі адпаведна Масіма Ода і Марка Матэрацы. Плюс да ўсяго Джанлука Дзамброта быў перасунуты з левага флангу абароны на левы фланг паўабароны (у абароне выйшаў Джузэпэ Панкара, а на лаўку адправіўся вінгер Маўра Эспазіта). На супрацьлеглы край атакі замест Маўра Камаранэзі выйшаў Айма Дыяна.

Струс мазгоў Хамутоўскага, рука Карыцькі ў першым тайме...

Першы тайм для беларускай каманды склаўся не надта ўдала. На старце траўму атрымаў Васіль Хамутоўскі: пасля прастрэлу пайшоў на перахоп, але патрапіў паміж Джылардзіна і Лаўрыкам – і з партнёрам па зборнай сутыкнуўся галовамі, пасля чаго на поле выйшлі лекары (адзнака 1:40).

Галкіпера не замянілі, хаця, як высветлілася пасля вяртання ў Мінск, у яго быў струс мазгоў. Хамутоўскі потым казаў, што ўвогуле не памятае нічога з таго матчу, а дагульваў яго «ў свядомасці, але ў стане шоку, на аўтамаце, не ўсведамляючы свае дзеянні». Пра наступствы праз некалькі гадоў распавядала жонка футбаліста Святлана Хамутоўская, якая стэлефаноўвалася з ім пасля матчу. На той момант жанчына ляжала ў радзільным доме, дзе за два дні да матчу нарадзіла дачку Ганну. Васіль тады спытаўся ў жонкі, што яна робіць у радзільным доме.

- Гэта быў страшны момант. Калі раздаўся званок, я не зразумела, што ўвогуле адбываецца і чаму Вася адныя і тыя ж пытанні задае па некалькі разоў і не можа зразумець, дзе я знаходжуся. Ды і сам не разумее, дзе знаходзіцца і што адбываецца, – расказвала Святлана.

Праз пару хвілін пасля сутыкнення Хамутоўскага беларусы атрымалі неабавязковы пенальці ў свае вароты: Уладзімір Карыцька невядома навошта згуляў рукой ва ўласнай штрафной пасля падачы кутняга, і Тоці не прамахнуўся – 1:0 (адзнака 0:40).

Карыцька быў заменены ўжо пару хвілін, а да свістка на перапынак італьянцы забілі яшчэ раз: Лаўрык паслізнуўся, прымаючы мяч перад уласнай штрафной, – памылкай скарыстаўся Дэ Росі, шыкоўна прыбіўшы ў далёкі кут. Беларусы ж за першыя 45 хвілін ні разу не прабілі ў створ брамы Буфона.

...«гармата» Рамашчанкі і вырашальны сэйв Буфона – у другім

Другі тайм падапечныя Байдачнага правялі куды лепей: на 53-й хвіліне матчу далёкі ўдар Максіма Рамашчанкі застаў галкіпера італьянцаў знянацку (адзнака 1:40).

На гэта гаспадары адказалі сваёй прыгажосцю: Тоці на 75-й хвіліне зарабіў штрафны і сам жа яго рэалізаваў (адзнака 1:53).

Праўда, ужо праз дзве хвіліны беларусы зноў скарацілі адставанне (пастараўся Віталь Булыга, які абакраў самога Джэнарэ Гатуза ў ягонай жа штрафной), а на 81-й хвіліне Буфон зрабіў, мабыць, ключавое выратаванне ў гульні: пасля прастрэлу Рамашчанкі зноў біў Булыга (адзнака 2:20).

У заключнай пяціхвілінцы каманды абмяняліся галамі: у гаспадароў забіў Джылардзіна, у гасцей дубль аформіў Рамашчанка, які забіў са штрафнога (адзнака 2:41).

Буфон казаў, што надоўга запомніць Рамашчанку, і хваліў ягоныя ўдары

Пасля гульні італьянскія журналісты спыталі ў Буфона пра галы ад Рамашчанкі. Галкіпер сказаў, што надоўга запомніць беларускага паўабаронцу.

- Я і раней ведаў пра існаванне такога футбаліста, як Рамашчанка. Але цяпер запомню яго надоўга. Вы можаце выставіць мне якую заўгодна адзнаку, абвінаваціць у прапушчаных галах – гэта ваша права. Я ж магу сказаць толькі, што Рамашчанка нанёс два выдатныя ўдары, якія немагчыма было ўзяць, – адзначыў італьянец.

Лукашэнка пасля гульні назваў італьянскую зборную «калгаснай камандай»

Цікавую гісторыю пра той матч праз гады ўспамінаў тагачасны кіраўнік АБФФ Генадзь Нявыглас.

- Так, выдатны матч. І вось пасля яго праводзілася нейкая нарада ў прэзідэнта. Аляксандр Рыгоравіч тады сказаў: «Вось паехалі і прайгралі калгаснай камандзе!» Мы пачалі спрачацца. Лукашэнка сказаў: «Так, ты, вядома, маеш рацыю... Але ўсё роўна прайгралі калгаснай камандзе. Крыўдна! Весела ўспамінаць, – сказаў экс-функцыянер.

Праз паўтара года «калгасная каманда» чацвёрты раз у гісторыі стала чэмпіёнам свету.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты