Tribuna/Футбол/Блогі/Топавыя беларусы ў самым папулярным футбольным сімулятары – хто яны і за што атрымлівалі такія рэйтынгі?

Топавыя беларусы ў самым папулярным футбольным сімулятары – хто яны і за што атрымлівалі такія рэйтынгі?

Калачоў на ўзроўні Мудрыка, Глеб нароўні з Модрычам.

Аўтар — bytribuna com
20 верасня, 12:30
Топавыя беларусы ў самым папулярным футбольным сімулятары – хто яны і за што атрымлівалі такія рэйтынгі?

Як звычайна, у канцы верасня выйшла самая папулярная кампутарная гульня на футбольную тэматыку ад паўночнаамерыканскага распрацоўніка EA Sports. У гэтым годзе, праўда, сімулятар выходзіць не пад звыклай назвай FIFA: пасля завяршэння дамовы паміж EA і Міжнароднай федэрацыяй футбола гульня называецца EA Sports FC 24.

У новым рэлізе можна адшукаць чацвярых беларускіх футбалістаў і адну футбалістку – Вікторыю Казакевіч з французскага «Сэнт-Эцьена». У яе найвышэйшы рэйтынг сярод нашых суайчыннікаў – 69.

У мужчын жа ўсе аказаліся побач: Ілля Шкурын («Сталь», Польшча) – 66, Філіп Вайцяховіч («Вернаму», Швецыя) – 64, Жан Шчарбакоўскі («Дынама» Дрэздэн, Германія, Д3) – 63, Яўген Шыкаўка («Карона », Польшча) – 63.

Сярод былых легіянераў беларускай вышэйшай лігі найлепшы рэйтынг у экс-абаронцы БАТЭ, а цяпер гульца грэчаскага «Панацінаікаса» Філіпа Младэнавіча – распрацоўшчыкі далі яму 70 пунктаў. У яшчэ аднаго экс-барысаўца Вілума Вілумсана з нідэрландскага «Гоў Эхед Іглс» і былога абаронцы мінскага «Дынама» Ніна Галавіча (выступае за партугальскую «Аруку») рэйтынг дасягнуў адзнакі 68. А вось навічку французскага «Ланса» Абдукадыру Хусанаву, які толькі пераехаў у топ-чэмпіянат з «Энергетыка-БДУ», далі сціплыя 66 пунктаў.

А вось хто з беларусаў атрымліваў найвышэйшыя рэйтынгі ў гісторыі гульні.

Аляксандр Глеб, «Арсенал» (Англія)

Найвышэйшы рэйтынг: 87 (FIFA06)

Тут без сюрпрызаў: самы паспяховы футбаліст у гісторыі Беларусі атрымаў самавіты рэйтынг 87 неўзабаве пасля пераходу ў «Арсенал» са «Штутгарта». З Нямеччыны Глеб зʼяжджаў у статусе найлепшага асістэнта Бундэслігі (14 галявых перадач у сезоне-2004/05) і гульца сімвалічнай зборнай лігі. Акрамя таго паўабаронца нядрэнна пачаў на новым месцы і нават быў прызнаны найлепшым гульцом лонданцаў у жніўні 2005-га.

Хто з такім рэйтынгам у FC24: Лука Модрыч («Рэал»), Фрэнкі Дэ Ёнг («Барселона»), Марцін Эдэгор («Арсенал»)

Сёння з такім рэйтынгам Глеб увайшоў бы ў топ-50 найлепшых гульцоў FC24: на ўзроўні ўладальніка Залатога мяча-2018 Лукі Модрыча або лідара і капітана цяперашняга «Арсенала» Марціна Эдэгора.

Сяргей Гурэнка, «Пʼячэнца» (Італія)

Найвышэйшы рэйтынг: 81 (FIFA03)

Стваральнікі FIFA03 расшчодрыліся на самавітыя 81 пункт для 30-летняга абаронцы зборнай, які да таго моманту не змог замацавацца ні ў «Роме», ні ў «Парме» і апынуўся ў сціплай «Пʼячэнцы».

Там ураджэнец Гродна стаў атрымліваць пастаянную гульнявую практыку (і нават адзначыўся голам у матчы супраць «Мілана»), але клуб па выніку вылецеў, а Гурэнка адбыў у маскоўскі «Лакаматыў» і ў Еўропу ўжо не вяртаўся – як не вяртаўся больш і ў футбольны сімулятар.

Хто з такім рэйтынгам у FC24: Натан Аке («Манчэстэр Сіці»), Давідэ Калабрыя («Мілан»), Дэнзел Думфрыс («Інтэр»)

Сёння на ўзроўні Гурэнкі 20-гадовай даўніны рэйтынгі атрымалі пераможца АПЛ і ЛЧ з «Ман Сіці» Аке, фіналіст ЛЧ Думфрыс і капітан «Мілана» Калабрыя.

Юрый Жаўноў

Найвышэйшы рэйтынг: 79 (FIFA10)

У FIFA10 упершыню зʼявілася расійская прэмʼер-ліга, таму колькасць беларусаў у гульні прыкметна падрасла. Найлепшым сярод нашых суайчыннікаў, якія тады выступалі ў Расіі, распрацоўшчыкі палічылі галкіпера Юрыя Жаўнова – далі яму рэйтынг 79.

Кіпер рэальна быў сярод топаў лігі: яго Масква стабільна фінішавала ў верхняй частцы табліцы, а сам Жаўноў быў не толькі безумоўным першым нумарам каманды, але і яе капітанам.

Хто з такім рэйтынгам у FC24: Лукаш Фабіянскі («Вэст Хем»), Роберт Санчэз («Чэлсі»), Стыў Манданда («Рэн»)

Цяпер EA Sports аналагічным чынам ацэньвае асноўнага галкіпера «Чэлсі» Санчэза і вопытнага паляка з «Вэст Хема» Фабіянскага.

Віталь Кутузаў, «Парма» (Італія)

Найвышэйшы рэйтынг: 76 (FIFA07)

Найвышэйшае значэнне рэйтынгу форвард зборнай Беларусі атрымаў у FIFA07. Гэтаму папярэднічалі два не самыя яркія, але ўсё ж нядрэнныя сезоны ў «Сампдорыі» (10+3 у 75 матчах) – «Парма» пасля гэтага за яго трансфер выклала два мільёны еўра.

Хто з такім рэйтынгам у FC24: Ноа Акафар («Мілан»), Келечы Іхеанача («Лестэр»), Франчэска Капута («Эмполі»)

Сёлета на аналагічным узроўні каціруюцца форвард зборнай Швейцарыі Акафар, за якога «Мілан» гэтым летам заплаціў «Зальцбургу» 14 мільёнаў еўра, нападаючы зборнай Нігерыі і «Лестэра»Іхеанача і былы партнёр Кутузава па «Бары» Капута, які ў 2020-м двойчы згуляў за зборную Італіі.

Сяргей Карніленка, «Рубін» (Расія)

Найвышэйшы рэйтынг: 76 (FIFA11)

Пасля няўдалага адрэзка ў «Зеніце» беларускі форвард перад стартам сезона-2010 адправіўся ў арэнду ва ўжо добра яму знаёмую «Томь» і правёў там ударныя паўгода (11 галоў у 15 матчах) і ўлетку перайшоў у «Рубін» – гэта і стала аргументам для стваральнікаў гульні расшчодрыцца на рэйтынг 76.

Той год Карніленка скончыў у тройцы найлепшых бамбардзіраў РПЛ (14 галоў), пасля чаго на паўгода зʼехаў у АПЛ, стаўшы гульцом «Блэкпула».

Хто з такім рэйтынгам у FC24: Расмус Хейлунд («Манчэстэр Юнайтэд»), Рауль Хіменэс («Фулхэм»), Дані Уэлбек («Брайтан»)

Сёння Карніленка ўзору-2010 мог бы знаходзіцца ў нядрэннай кампаніі: за маладога датчаніна Хейлунда, да прыкладу, «МЮ» гэтым летам заплаціў «Аталанце» 75 мільёнаў еўра. Таксама тут былы форвард «чырвоных дʼяблаў» і зборнай Англіі Уэлбек і мексіканец Хіменэс, які забіў 40 мячоў за пяць сезонаў у АПЛ і правёў больш за 100 матчаў за нацыянальную зборную сваёй краіны.

Рэнан Брэсан, «Шавеш» (Партугалія)

Найвышэйшы рэйтынг: 76 (FIFA18)

Тыя ж 76 пунктаў рэйтынгу сталі пікавымі для беларускага бразільца. На той момант паўабаронца быў гульцом партугальскага «Шавеша» з элітнага дывізіёна. За першыя паўгода ён вызначыўся там чатырма галамі ў чэмпіянаце, у тым ліку ў матчы супраць «Бенфікі» (1:3), а таксама ледзь не дапамог камандзе дайсці да фіналу Кубка.

Хто з такім рэйтынгам у FC24: Усем Ауар («Рома»), Адам Лалана («Брайтан»), Шарль дэ Кетэларэ («Аталанта»)

У новай частцы брэсанаўскія 76 пунктаў атрымалі навічок «Ромы» француз Ауар, які не здолеў замацавацца ў «Мілане», бельгіец дэ Кетэларэ і ветэран АПЛ Лалана.

Антон Амельчанка, «Растоў» (Расія)

Найвышэйшы рэйтынг: 75 (FIFA11)

У FIFA11 распрацоўшчыкі высока ацанілі галкіпера «Растова»: пасля распаду «Масквы», дзе Амельчанка быў на падхваце ў Жаўнова, ураджэнец Гомеля адправіўся на поўдзень Расіі і там правёў свой найлепшы сезон у карʼеры: стаў чацвёртым галкіперам РПЛ па колькасці адбітых удараў, а заўзятары прызналі яго найлепшым гульцом каманды.

Хто з такім рэйтынгам у FC24: Алесі Краньё («Сасуола»), Георгій Бушчан («Дынама» Кіеў)

Такі ж рэйтынг у FC24 атрымалі галкіпер «Сасуола» Краньё (два матчы ў складзе зборнай Італіі) і першы нумар кіеўскага «Дынама» і зборнай Украіны Бушчан.

Цімафей Калачоў, «Растоў» (Расія)

Найвышэйшы рэйтынг: 75 (FIFA17)

Сезон-2015/16 стаў для Калачова ўдалым не толькі з пункту гледжання індывідуальнай статыстыкі (з 8 галявым перадачамі стаў найлепшым асістэнтам лігі), але і з пункту гледжання камандных дасягненняў: яго «Растоў» узяў срэбныя медалі РПЛ і патрапіў у кваліфікацыю ЛЧ (па выніку паспяхова дайшоў да групы) – дзякуючы гэтаму вінгер атрымаў даволі высокія для 35 гадоў 75 пунктаў.

Хто з такім рэйтынгам у FC24: Міхаіл Мудрык («Чэлсі»), Алехандра Гарнача («Манчэстэр Юнайтэд»), Калум Хадсан-Адоі («Чэлсі»)

Столькі ж, колькі ўзроставы Калачоў у 2016-м, у 2023-м маюць маладыя таленты АПЛ: украінец Мудрык і англічанін Хадсан-Адоі з «Чэлсі», а таксама аргенцінец Гарнача з «МЮ».

Аляксандр Мартыновіч, «Краснадар» (Расія)

Найвышэйшы рэйтынг: 75 (FIFA18)

З беларускім абаронцам у складзе «Краснадар» стаў чацвёртым у чэмпіянаце і дайшоў да 1/8 фіналу Лігі Еўропы, а сам мінчук стабільна зʼяўляўся ў стартавым складзе.

Хто з такім рэйтынгам у FC24: Бэн Годфры («Эвертан»), Эрык Гарсія («Жырона»), Даніэле Ругані («Ювентус»)

Зоркамі цэнтральных абаронцаў з рэйтынгам 75 ад EA Sports на 2024 год не назваць: англічанін Годфры – гулец ратацыі ў аўтсайдэра АПЛ «Эвертана», іспанец Гарсія стаў не патрэбым у «Барселоне» і быў адпраўлены летам у арэнду ў «Жырону», а італьянец Ругані за апошнія тры з невялікім сезоны ў «Ювентусе» правёў менш за 30 матчаў.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты