Tribuna/Футбол/Блогі/Кажуць, затрыманы бос завода БелАЗ: ён асабіста назіраў за тым, як трэнераў «Тарпеда» правяралі на алкатэстары

Кажуць, затрыманы бос завода БелАЗ: ён асабіста назіраў за тым, як трэнераў «Тарпеда» правяралі на алкатэстары

Пры ім каманда ўзяла кубак і медалі.

Аўтар — bytribuna com
21 снежня, 19:00
4
Кажуць, затрыманы бос завода БелАЗ: ён асабіста назіраў за тым, як трэнераў «Тарпеда» правяралі на алкатэстары

У чацвер «Люстэрка» паведаміла пра затрыманне сілавікамі Лукашэнкі генеральнага дырэктара ААТ «БЕЛАЗ» Сяргея Нікіфаровіча. Адной з магчымых прычынаў змяшчэнне ў СІЗА КДБ называюць карупцыю. Прапагандысцкія медыі пра затрыманне Нікіфаровіча пакуль маўчаць.

Як мяркуецца, сілавікі прыйшлі да кіраўніка вечарам 15 снежня. Журналісты спрабавалі пераправерыць інфармацыю сваіх крыніц і з панядзелка тэлефанавалі ў прыёмную кіраўніка БелАЗа. Сакратарка Нікіфаравіча генеравала розную інфармацыю наконт месцазнаходжання боса: то ён быў на нарадзе, то проста адсутнічаў на месцы, то сыходзіў у адпачынак да канца года. Сам гендырэктар на званкі не адказваў.

Акрамя занятасці на вытворчасці Нікіфаровіч мае прамое дачыненне да спорту. Ён уваходзіць у вышэйшы орган кіравання футбольным «Тарпеда-БелАЗ» – Агульны сход удзельнікаў клуба.

Таксама ў чацвер Telegram-канал «МатолькаДапамагі» распавёў пра затрыманне яшчэ аднаго кіраўніка «чорна-белых» – старшыні выканкаму Лукашэнкі па Жодзіне Дзмітрыя Заблоцкага. Толькі ён і Нікіфаровіч да восені 2023-га былі сябрами агульнага сходу ўдзельнікаў «Тарпеда-БелАЗ». Пасля да іх далучыўся трэці – генеральны дырэктар гандлёвага дома «БелАЗ» Аляксей Лямін.

БелАЗ таксама зʼяўляецца асноўным спонсарам гандбольнага БНТУ-БелАЗ – шматразовага пераможцы жаночага чэмпіянату Беларусі.

Пасля прызначэння па ўзгадненні з Лукашэнкам у верасні 2020-га на прадпрыемства-гігант Нікіфаровіч стаў цікавіцца жыццём футбольнага клуба. Неўзабаве адбыліся рашэнні, якія ў белфутболе не назавеш тыповымі. У «Тарпеда-БелАЗ» стварылі раду дырэктараў, існаванне якой не афішуецца і пра якую да гэтага часу мала што вядома. У канцы 2021-га адным з удзельнікаў рады стаў Аляксандр Глеб. Сваю ролю ў футбольным праекце ён апісваў як «дарадца». Ужо больш за год Глеб наогул не выказваецца пра жодзінскі футбол.

Нават мімаходзь закрануўшы футбол, Нікіфоравіч узбагаціў яго новымі практыкамі. У чэрвені 2022-га пасля таго, як «Тарпеда-БелАЗ» саступіла ў гасцях «Гомелю» 0:1 і ўладкавалася на 12-м месцы ў чэмпіянаце, бос завода загадаў везці каманду не ў Мінск, каб гульцы маглі разысціся па дамах, а на клубную базу ў Жодзіне. Там з дапамогай алкатэстэра была наладжана праверка трэнерска-адміністрацыйнага штаба на прадмет ужывання алкаголю (футбалісты апынуліся па-за падазрэннямі). Нягледзячы на позні час, на працэдуры тэставання асабіста прысутнічаў сам Нікіфаровіч. Праверкай займаліся медработнікі завода. Аказалася, што і трэнеры, і супрацоўнікі персаналу абсалютна цвярозыя. Тым не менш каманда была ўражаная тым, што ўбачыла.

На гэтым Нікіфаровіч не супакоіўся. Тады ж кіраўнік завода вырашыў, што клубу варта адмовіцца ад ненармаванага графіка і перайсці на фіксаваны працоўны дзень, як гэта заведзена на прадпрыемстве. У выніку ўсім гульцам каманды было загадана прыязджаць на клубную базу да дзевяці раніцы – незалежна ад часу пачатку трэнавання. Пакідаць тэрыторыю можна было толькі пасля 16:00. Час прыезду і адʼезду фіксаваўся ў спецыяльным журнале.

Узмацненне дысцыпліны ў 2022-м хуткага поспеху не прынесла – каманда Дзмітрыя Молаша (дыхнуўшы ў алкатэстар, трэнер захаваў пасаду) фінішавала восьмай.

Затое ў сезоне-2023 тарпедаўцы, як і ў 2020-м, узялі бронзавыя медалі ЧБ – і гэта быў другі футбольны поспех, які Нікіфаравіч мог прыняць на асабісты рахунак. У адыходзячым годзе жодзінская каманда забрала і Кубак краіны-2023/23.

Таксама Нікіфаравіч ініцыяваў перастаноўкі ў кіраўніцтве клуба. Увесну 2022-га ён вярнуў у дырэктары «Тарпеда-БелАЗ» Аляксандра Пугача, які знаходзіўся на гэтай жа пасадзе з 2007-га па 2013-ы.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты