Tribuna/Футбол/Блогі/7 самых перспектыўных трэнераў-беларусаў да 40: адзін без працы, другі ў Расіі, трое – з «Іслачы»

7 самых перспектыўных трэнераў-беларусаў да 40: адзін без працы, другі ў Расіі, трое – з «Іслачы»

Наперадзе шмат гадоў кар'еры.

Аўтар — bytribuna com
11 студзеня, 17:10
7 самых перспектыўных трэнераў-беларусаў да 40: адзін без працы, другі ў Расіі, трое – з «Іслачы»

У сучасным футболе на высокім узроўні працуюць усё больш трэнераў, якія паказваюць вынікі, будучы маладзейшымі за некаторых гульцоў пад сваім кіраўніцтвам. У Беларусі таксама хапае ўжо вядомых трэнераў, якім яшчэ няма і 40. Расказваем пра самых паспяховых з іх.

7. Арцём Булойчык, 31 год

У 28 гадоў Булойчык у «Гомелі» скончыў гульнявую кар“еру і адразу перайшоў на трэнерскую працу – у дубль «Энергетыка-БДУ», дзе паўгода асіставаў Аляксандру Паўлаву. У 2021-м Булойчык стаў галоўным трэнерам дубля «Віцебску», паралельна паспяваючы працаваць у штабе першай каманды, якая заняла сёмае месца.

У чэрвені 2022-га Булойчык з“ехаў у калінінградскую «Балтыку», якая рыхтавалася да сезону ў расійскім Д2. У штабе экс-гульца зборнай Расіі Сяргея Ігнашэвіча беларускі трэнер у асноўным адказвае за стандарты. У сезоне-2022/23 з іх дапамогай каманда забівала кожны чацвёрты мяч, што дапамагло ўзяць срэбра ў лізе і атрымаць пуцёўку ў Д1. Праўда, у РПЛ пасля 18 тураў «Балтыка» ідзе на перадапошнім, 15-м месцы, забіўшы ўсяго 12 мячоў (менш за ўсіх у лізе), з якіх стандарты прынеслі толькі адзін. Аднак адзначым, што і з 24 прапушчаных мячоў каманды толькі адзін прыйшоўся на стандарты супернікаў.

У лістападзе 2023-га Булойчык атрымаў трэнерскую ліцэнзію А.

6. Станіслаў Сувораў, 30 гадоў

Пасля рана абарванай праблемамі са здароўем гульнявой кар“еры Сувораў стаў трэнерам у акадэміі «Шахцёра», дзе каманды коўча ўваходзілі ў лік найлепшых у краіне. У 26 Сувораў узначаліў дубль «Шахцёра» – у 2020-м і 2021-м калектыў станавіўся трэцім у моладзевым чэмпіянаце.

На 2022-й Сувораў стаў галоўным трэнерам «Шахцёра» з Петрыкава. Фарм салігарчан меў самы танны склад у Д2, але пад кіраўніцтвам коўча ўзяў бронзавыя медалі. У тым сезоне каманда больш за ўсіх у Д2 валодала мячом (58,9%), была самай вынiковай у лізе (69 галоў у 24 матчах) і другой па прапушчаных мячах (20).

Мінулы год Сувораў правёў у Салігорску ў памочніках у Аляксея Багі. Той у сярэдзіне снежня з“ехаў працаваць у Расію, а яго пасаду заняў малады асістэнт, які паралельна з працай паспеў давучыцца на ліцэнзію Pro.

5. Віталь Жукоўскі, 39 гадоў

Юнаком Жукоўскі выступаў у дублі БАТЭ, але неўзабаве скончыў з-за траўм. Далей малады чалавек пачаў будаваць прыбытковую кар“еру гандляра на будаўнічым рынку, але ў 26 гадоў узначаліў тады яшчэ аматарскую «Іслач» у чэмпіянаце Мінскай вобласці. Праз некаторы час «ваўкі» заявіліся ў Д3, а ў 2015-м сталі чэмпіёнамі Д2 і выйшлі ў эліту. Там пад кіраўніцтвам Жукоўскага каманда правяла пяць гадоў, у 2019-м забраўшыся на пятае месца, а таксама паспеўшы перажыць пакаранне за дамоўныя матчы, удзельнікаў якіх Жукоўскі памятна называў «підаргамі».

Перад сезонам-2021 Жукоўскі стаў дзявятым у гісторыі галоўным трэнерам БАТЭ. Пры ім клуб узяў Кубак Беларусі, у фінале абгуляўшы «Іслач», але ў чэмпіянаце фінішаваў другім, другі год запар даўшы абагнаць сябе «Шахцёру». У Лізе канферэнцый барысаўчане вылецелі ў стартавым раўндзе адбору, дома прайграўшы грузінскаму «Дынама» Батумі 1:4. Пасля таго паражэння Жукоўскі падаваў у адстаўку. Тады кіраўніцтва адгаварыла трэнера, але напрыканцы года ён усё роўна пакінуў клуб.

Пасля БАТЭ Жукоўскі са сваімі асістэнтамі ездзіў па замежных стажыроўках і вывучаў англійскую. А ў жніўні 2022-га ўзначаліў казахстанскі «Атырау». У тым годзе Жукоўскі ледзь не вылецеў з камандай з Д1, але захаваў давер клубнага кіраўніцтва.

2023-ы «Атырау» завяршыў на сёмым радку. Было заўважна, што гульню трэнер будуе ад абароны. Гэта пацвярджаюць і лічбы – па дапушчаных чаканых галах каля сваіх варот «Атырау» стаў другім (23,4 xG), хоць фактычна меў пятую абарону ў лізе (27 прапушчаных мячоў у 26 матчах). Праўда, па забітых мячах (24) каманда стала ў лізе другой з канца. Зрэшты, клубных босаў выступ каманды задаволіў – беларускаму штабу Жукоўскага працягнулі кантракты яшчэ на сезон.

4. Дзмітрый Камароўскі, 37 гадоў

У 2021-м форвард завяршыў доўгую гульнявую кар“еру чарговым сезонам у «Іслачы», пасля чаго ўвайшоў у клубны трэнерскі штаб Арцёма Радзькова. Каманда заняла пятае месца ў ЧБ-2022. Але Радзькоў клуб пакінуў, і перад сезонам-2023 руліць паставілі Камароўскага. Праўда, да патрэбнай ліцэнзіі яму далёка (у снежні 2023-га атрымаў толькі на ўзроўні В), так што дэ-юрэ галоўным трэнерам лічыцца Сяргей Бароўскі – інструктар АБФФ пры навучанні коўчаў.

Маючы адзін з самых маладых складаў у лізе (22,9 года – ніжэйшым сярэдні ўзрост быў толькі ў «Энергетыка-БДУ» і «Мінска»), «Іслач» фінішавала ў ЧБ-2023 на рэкордным для сябе чацвёртым месцы. Клуб таксама выйшаў у чвэрцьфінал Кубка Беларусі, дзе згуляе з «Віцебскам».

Па ходзе года было прыкметна, што Камароўскі – спакойны трэнер. Ён не любіць у дзеяннях падапечных «ні спешкі, ні мітусні» і аддае перавагу «заўсёды прытрымлівацца свайго плана». Такая стратэгія працы прынесла плён маладому трэнеру. «Іслач» правяла сезон без сур“ёзных спадаў, пры гэтым па ходзе года «ваўкі» некалькі разоў мянялі схему гульні. Зімой Камароўскаму працягнулі кантракт.

3. Арцём Радзькоў, 38 гадоў

Сяміразовы чэмпіён Беларусі з БАТЭ як гулец трэнерскую кар“еру пачынаў у 2017-м у «Энергетыку-БДУ», які толькі стаў праектам Анатоля Юрэвіча. Наступныя 3,5 гады Радзькоў кіраваў камандай непасрэдна падчас матчаў і праводзіў трэніроўкі «студэнтаў» пад патранажам Юрэвіча. За гэты час «Энергетык-БДУ» выйшаў у вышэйшую лігу і замацаваўся там.

Улетку 2020-га Радзькоў даволі нечакана пакінуў клуб. Чуткі сваталі трэнера памочнікам у «Шахцёр» і расійскія «Хімкі», але ў кастрычніку 2020-га Радзькоў трапіў у штаб БАТЭ, які на самым фінішы сезона ўпусціў чэмпіёнства. А неўзабаве трэнер стаў галоўным у «Іслачы», з якой дзеля Барысава растаўся Жукоўскі.

Радзькову дасталася другая па маладосці каманда ў лізе (23,2 года). Трэнер не стаў капіраваць мадэль гульні Юрэвіча або Жукоўскага, а прапанаваў сваю. «Ваўкі» сталі часцей імкнуцца гуляць з пазіцыі сілы і валодання мяча, а не будаваць свой футбол праз хуткія атакі. У 2021-м каманда стала 10-й у ЧБ, затое выйшла ў фінал Кубка Беларусі – уступіла БАТЭ (1:2) з голам Камароўскага.

У вышэйшай лізе 2022 года «Іслач» паўтарыла рэкордны для сябе тады фініш на пятым месцы. Радзькоў быў прызнаны найлепшым трэнерам Беларусі – і растаўся з «ваўкамі». Коўча сваталі ў чэмпіянаты Фінляндыі і Кіпра, але там ён не з“явіўся. Былі і чуткі пра топавыя белклубы, але тут аказалася, што вяртанню трэнера ў ЧБ перашкаджаюць у рэжымным «мінспорту».

2. Іван Бiёнчык, 38 гадоў

Амаль усю гульнявую кар“еру Біёнчык правёў у мінскім СКВІЧы, дзе і скончыў выходзіць на поле ўжо ў 24 гады. Трэнерам стаў у 2014-м у «Праменi», з якім у 2015-м выйграў Д3, а праз два гады і Д2, нягледзячы на штраф за «дагаварнякі». З Біёнчыкам мінчане збераглі элітную прапіску ў самым канцы ЧБ-2018, а далей здарылася аб“яднанне з «Дняпром». Біёнчык застаўся на чале новага «Дняпра-МЧЗ» у Магілёве, але каманда ўвесь 2019-ы правяла без грошай і ў выніку вылецела ў «стыках» з «Рухам», пасля чаго скончыла існаванне.

Біёнчык з“ехаў у «Гомель», з якім без вялікіх праблем стаў другім у першай лізе, а ў 2021-м выдаў пакуль свой найлепшы сезон. Гамяльчане пры сціплым складзе больш за ўсіх у лізе кантралявалі мяч (56,6%) і да апошняга змагаліся за медалі, але ў выніку сталі чацвёртымі. Футбалісты называлі галоўным творцам поспеху менавіта коўча. У канцы 2021-га Біёнчыка прызналі найлепшым трэнерам Беларусі.

На хвалі поспеху Биончик перайшоў у «Шахцёр», заявіўшы, што хоча купіць кватэру і машыну. Але пасля прайгранага Суперкубка і няўдалага старту ЧБ трэнер ужо ў красавіку 2022-га пакінуў каманду – затое неўзабаве атрымаў буйную няўстойку ад клуба.

У кастрычніку 2022-га трэнер прыняў «Славію». Біёнчык не стаў змяняць свайму стылю працы, і неўзабаве калегі пачалі называць Мазыр адной з самых структурных каманд «вышкі». Калі б не змазаная канцоўка чэмпіянату-2023 (пяць ачкоў у шасці матчах), то «Славія» магла б фінішаваць у медалях, а не на сёмым месцы. Аднак нават такі вынік задаволіў кіраўніцтва, якое працягнула дамову з трэнерам. А вось ад метадаў камунікацыі коўча ў захапленні далёка не ўсё.

1. Аляксей Шпілеўскі, 35 гадоў

Шпілеўскі некалі быў футбалістам сістэмы «Штутгарта» і з“ездзіў на ЧЕ ў складзе юнацкай зборнай Беларусі, але з-за траўмы спіны яму давялося скончыць гуляць да дарослага ўзроўню. Затое ўжо ў 21 год Шпілеўскі атрымаў першую трэнерскую ліцэнзію, доўга працаваў у акадэміях «Штутгарта» і «Лейпцыга». У 2018-м першай дарослай камандай у кар“еры коўча стала брэсцкае «Дынама», дзе за паўтара месяца працы атрымалася больш скандалаў, чым выніку.

Яшчэ адна няўдалая праца Шпілеўскага – «Эрцгебіргэ» ў нямецкім Д2 у пачатку сезона-2021/22: вылет у стартавым жа раўндзе Кубка Германii, толькі тры ачкі ў сямі турах і апошняе, 18-е месца ў табліцы матывавалі клуб хутка звольніць трэнера, прыход якога быў платным для немцаў. Аднак змена трэнера не асабліва дапамагла – «Эрцгебіргэ» па выніках 34 тураў стаў 17-м і вылецеў у Д3.

Затое ў астатніх клубах у Шпілеўскага былі поспехі. Больш за тое, зараз ён адзіны беларускі галоўны трэнер, маладзейшы за 40 гадоў, з чэмпіёнскімі тытуламі: у 2020-м – з «Кайратам» у Казахстане, у 2023-м – з «Арысам» у Кіпры. Таксама Шпілеўскаму ўдалося ўпершыню ў клубнай гісторыі вывесці «Арыс» у групу еўракубкаў, але ў ЛЕ атрымалася набраць толькі чатыры ачкі ў шасці матчах.

Дабіцца поспехаў Аляксею дапамог яго прагматычны падыход. Трэнер аддае перавагу схеме 4-4-2, але ва ўгоду выніку можа лёгка пайсці на змены. Гэта тычыцца і зместу гульні. І «Кайрат» не заўсёды дзейнічаў першым нумарам, а «Арыс» у мінулым сезоне быў толькі дзясятай камандай чэмпіянату Кіпра па валоданні (48,4%).

У 2023-м Шпілеўскі заяўляў, што яго поспехі не вельмі шануюць на Радзіме – маўляў, «людзі нават за свайго суайчынніка не могуць парадавацца». Тым не менш коўч заняў чацвёртае месца ў галасаванні на найлепшага трэнера Беларусі.

Найлепшае ў блогахБольш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты