Tribuna/Футбол/Блогі/Новы клуб Хацкевіча можа адысці яго экс-агенту – для кента Мілеўскага ён за «рускі свет», для іншых «манапаліст» і нават «паразіт»

Новы клуб Хацкевіча можа адысці яго экс-агенту – для кента Мілеўскага ён за «рускі свет», для іншых «манапаліст» і нават «паразіт»

Сын генерала з беларускімі кліентамі.

Аўтар — bytribuna com
18 студзеня, 11:00
Новы клуб Хацкевіча можа адысці яго экс-агенту – для кента Мілеўскага ён за «рускі свет», для іншых «манапаліст» і нават «паразіт»

16 студзеня галоўным трэнерам «Заглембе» з Сасноўца афіцыйна стаў Аляксандр Хацкевіч, кантракт з якім разлічаны да канца сезона-2023/24. Спартыўным дырэктарам клуба стаў яшчэ адзін беларус, экс-менеджар БАТЭ Міхаіл Залеўскі. Іх чакае цяжкая праца – восеньскую частку сезона ў польскім Д2 «Заглембе» завяршыў на апошнім, 18-м месцы, маючы 11 ачкоў пасля 19 матчаў. Каб пазбегнуць вылету, трэба за 15 паядынкаў адыграць восем балаў ад выратавальнага 15-га радка.

Беларускія прызначэнні – не ўсе перамены ў «Заглембе». Нядаўна 0,74% акцый клуба купіў польскі шоумен Рафал Колінз, чаго хапіла для кіраўніцкай пазіцыі – усё таму, што Колінз неўзабаве павінен стаць уладальнікам большасці акцый. Вось толькі ходзяць размовы, што гэта шырма, а па факце клуб можа стаць уласнасцю 34-гадовага ўкраінца Вадзіма Шаблія, генеральнага дырэктара футбольнага агенцтва ProStar.

Шаблій найбольш вядомы як агент – і працаваў у тым ліку з Хацкевічам. Гэтым беларускі след у біяграфіі ўкраінца не абмяжоўваецца, а ўвогуле Шаблій мае, мякка кажучы, неадназначную рэпутацыю ва ўкраінскім футболе. Раскажам пра гэта падрабязней.

Завуць манапалістам – кажуць, пад ім ва Украіне нават зборныя

Шаблій гуляў за юнацкія каманды данецкага «Шахцёра» і «Ворсклы», але ў 21 год скончыў кар'еру – казаў, што пасля сур'ёзнай траўмы «ўзровень Д1 не цягнуў, а ехаць у Д2 сэнсу не бачыў». Адразу пасля гэтага ўкраінец стаў агентам – і хутка аброс статуснымі па мясцовых мерках кліентамі. У 2019-м Tribuna.com Украіна выпусціла расследаванне пра дзейнасць Шаблія – як аказалася, з першымі асобамі клубаў у пачатку агенцкай кар'еры яго знаёміў бацька, генерал-памежнік Мікалай Шаблій.

У 2015-м Шаблій адкрыў сваё футбольнае агенцтва ProStar, да канца 2010-х з ім былі звязаныя ўвогуле ўсе ўкраінскія гульцы «Шахцёра» і многія з іншых клубаў. «Для ўкраінскага футбола Шаблій – манапаліст. Ён кантралюе 90% усіх гульцоў і некаторыя клубы», – заяўляў у канцы 2021-га ўкраінскі журналіст Андрэй Сенькiў.

З Шабліем i сапраўды звязваюць не толькі асобных гульцоў, але і цэлыя каманды. Так, клубам агента называюць «Зору», хоць яна і не належыць Шаблію – проста там гуляюць яго дзеючыя або патэнцыйныя кліенты. Па даных партала Transfermarkt, з 29 гульцоў асноўнага складу луганчан толькі шэсць не маюць кантракту з ProStar. Праўда, у такой «Зары» былі сур'ёзныя поспехi – з 2016 па 2021 гады каманда чатыры разы дабіралася да групавога этапу еўракубкаў і рэкламавала сваіх футбалістаў за мяжой, у прыватнасці, у ліпені 2018-га варатара Андрэя Луніна прадалі ў «Рэал» за 8,5 мільёна еўра.

Цяпер «Зара» ў крызісе і размяшчаецца ля падвала табліцы УПЛ. Шаблій жа пачаў актыўнае супрацоўніцтва з амбіцыйным «Палессем», уладальнікам якога некалькі гадоў таму стаў украінскі мільярдэр Генадзь Буткевіч. Усе афрыканскія футбалісты клуба аказваюцца кліентамі ProStar.

«Хоць Шаблія і называюць паразітам футбола, але «Палессе» задаволенае супрацоўніцтвам. Ён усё ж добра ведае рынак», – так у адным са свежых інтэрв'ю пракаментаваў супрацоўніцтва з агентам Буткевіч.

Хаця якасцю гульцоў ад Шаблія былі задаволеныя не ўсе. Былы віцэ-прэзідэнт «Карпат» Алег Смалійчук, які называў кіраўніка ProStar «пракладкай паміж карумпаванымі чыноўнікамі і футбалістамі», казаў, што ў выпадку сваёй кары папросіць скласці расстрэльную каманду з навічкоў львоўскага клуба, таму што «гэтыя хлопцы нават у вясёлку не трапяць, не тое што ў вароты».

Таксама ва ўкраінскім футболе даўно кажуць, што кантракт з агенцтвам Шаблія – неабходная ўмова для юнага футбаліста, калі ён хоча трапіць у сістэму юніёрскіх зборных Украіны. У чарговы раз тэма ўзнялася ў лістападзе 2023-га, калі галоўны трэнер зборнай Украіны U-19 Алег Кузняцоў заявіў, што нібыта не ведаў пра ўкраінца Данііла Крэўсуна, нягледзячы на яго гульню ў Юнацкай лізе УЕФА (аналаг ЛЧ) за каманду дортмундскай «Барусіі». Пасля гэтага журналіст Уладзімір Звераў заявіў, што «не ведаюць» чамусьці менавіта такіх юных гульцоў, якія «адмаўляюцца ад паслуг усім вядомага агента» (Крэўсун якраз не працуе з ProStar). Аднак Шаблій адпрэчыў усе абвінавачванні, назваўшы іх «танным паклёпам».

Працуе з беларускімі гульцамі

Па даных Transfermarkt, сёння ProStar супрацоўнічае з 427 футбалістамі і 17 трэнерамі. Самы дарагі гулец са спісу – паўабаронца «Эвертана» Віталь Міколенка, які з'ехаў у Англію ў студзені 2022-га з кіеўскага «Дынама» за 23,5 мільёна еўра. Ёсць і іншыя кліенты ў топавых лігах – Ягор Ярмалюк з «Брэнтфарда» ў АПЛ, Руслан Маліноўскі з «Джэнаа» і Віктар Каваленка з «Эмпалі» у Серыі А, Эдуард Собаль са «Страсбурга» у Лізе 1.

Для працы з вялікай колькасцю кліентаў Шаблій мае ў памочніках 16 чалавек розных нацыянальнасцей (Бельгія, Бразілія, Венгрыя, Грэцыя, Нігерыя, Партугалія, ЗША, Украіна, Фінляндыя, Харватыя). Адзначым, што ўкраінцы з ProStar, як і сам Шаблій, жывуць па-за межамі Радзімы. Пры гэтым, па інсайдах, вайну Шаблій сустрэў ва Украіне, у памежнай з Расіяй Сумскай вобласці – і дзевяць дзён разам з сям'ёй быў вымушаны хавацца ў падвале.

У большасці кліентамі агенцтва з'яўляюцца ўкраінцы. Аднак у спісе можна знайсці і беларускіх футбалістаў: гэта абаронцы Міхаіл Сівакоў («Арэнбург», Расія) і Павел Назаранка («Жэтысу», Казахстан), паўабаронцы Яўген Яблонскі («Астэрас», Грэцыя), які падпісаўся за рэжым, і Кірыл Кірыленка («Славія»). Да нядаўняга часу кліентам ProStar быў і Кірыл Капленка («Арэнбург», Расія), які не стаў працягваць пагадненне з агенцтвам і зараз прадстаўляе свае інтарэсы самастойна.

Экс-агент Мілеўскага абвінавачваў у падтрымцы рускага свету

На працягу кар'еры агента Шаблія часта абвінавачвалі ў тым, што многія яго кліенты едуць па грошы (пры шчодрых камісійных) у Расію, якая ў 2014-м анексавала ўкраінскі Крым. Пасля пачатку 24 лютага 2022 года Расіяй вайны ва Украіне Шаблію прад'явілі зноў.

– Наш агент усяе Украіны Вадзім Шаблій, які кантралюе рынак. Заходзім на Transfermarkt, там у ProStar ёсць [расіяне] Данііл Лесавы, Алан Дзагоеў, Уладзімір Ільін, Антон Швец, Максім Бяляеў і гэтак далей. Чаму ProStar не выкладае пазіцыю? Чаму ProStar не скасоўвае кантракты, усе сувязі з расiйскімі клубамі? Я гэтага не разумею, – заяўляў у сакавіку 2022-га журналіст Сянькоў.

Неўзабаве пасля гэтага Шаблій заявіў, што «праца ProStar на расійскім рынку немагчымая, пакуль ідзе вайна, не час думаць пра бізнес», а ў расійскіх гульцоў знікла ўказанне аб супрацоўніцтве з агенцтвам (праўда, ніякай замены не з'явілася, што выклікае пытанні). Але ў ProStar засталося тры футбалісты, якія маюць расійскае грамадзянства другiм – гэта таджыкістанскі брамнік Рустам Яцімаў («Істыклол», Таджыкістан), азербайджанскі паўабаронца Эмін Махмудаў («Нефтчы», Азербайджан) і хаўбек з Фінляндыі Адам Мархіеў (РФШ, Латвiя). Ну і, як ужо згадвалася, той жа Сівакоў, будучы кліентам агенства Шаблія, працягвае гуляць у Расіі.

Не раз Шаблію прыляталі прэтэнзіі і ад яго, мабыць, ужо галоўнага публічнага крытыка – Аляксандра Панкова, які вёў справы Арцёма Мілеўскага ў апошнія гады яго кар'еры і стаў яго «кентом».

У траўні 2022-га Панкоў заўважыў, што адзін з трансфераў агенцтва Шаблія аб'явіла з узаемнымі рэпостамі з калегамі з Расіі.

«Калі Шаблій перастане ######## [хлусіць]? Калі яго футбалісты зразумеюць, што Вадзім за рускі свет і не спыніць супрацоўніцтва з РФ?» – пісаў тады Панкоў.

У іншым інтэрв'ю Панкоў параўнаў Шаблія з Пуціным як узурпатара – толькі не ўсёй краіны, а агенцкага рынку.

«Любы футбаліст, які трапляе ў сферу інтарэсаў клуба, дзе Шаблій «працуе», пераходзіць да яго. Калі ты хочаш гуляць у гэтай камандзе, «ты ж разумееш, з кім павінен працаваць». Калі хочаш, каб усё атрымлівалася, «ты ж разумееш, з кім павінен працаваць». Калі хочаш пайсці адсюль і раскрыцца, «ты ж разумееш, з кім павінен працаваць». Гэта ідзе гадамі», – дзяліўся Панкоў.

Таксама Панкоў заявіў, што перад ім Шаблій мае доўг, які прапанаваў аддаць на карысць арміі Украіны і заклікаў пісаць агенту і яго падапечным. Публічнай зваротнай рэакцыі не было.

Фанаты прысвячалі банер

Пасля заканчэння сезона-2022/23 «Верас» растаўся з галоўным трэнерам Юрыем Віртам. Найбольш яўным кандыдатам на вакантную пасаду называлі Астапа Маркевіча – кліента ProStar. Фанаты «Вераса» былі не захапленні ад магчымага прызначэння спецыяліста і ў бліжэйшым матчы вывесілі банер з патрабаваннем пакінуць клуб без Шаблія і яго кліента.

Фігураваў у крымінальнай справе па «адмыванні»

У 2020-м украінскія праваахоўнікі адкрылі крымінальную вытворчасць супраць старшага адміністратара зборнай Украіны Аляксандра Кісткіна па абвінавачанні ў легалізацыі маёмасці, атрыманай злачынным шляхам, і ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйных памерах. Сумарна гаворка ішла пра больш за 8 мільёнаў долараў. Па руху сродкаў на банкаўскіх рахунках адміністратара ўстанавілі, што ў асноўным ён узаемадзейнічаў з галкіперам «Шахцёра» Андрэем Пятавым, галоўным трэнерам «Дняпра-1» Аляксандрам Кучарам і Шабліем. Аднак расследаванне завяршылі ў дасудовым парадку, а Шаблія да адказнасці не прыцягвалі.

Прадстаўляў інтарэсы Хацкевіча (ды і цяпер побач)

У свой час Шаблій афіцыйна прадстаўляў інтарэсы Хацкевіча. У канцы 2016-га агент актыўна абараняў кліента, з якім датэрмінова скасавалі кантракт у АБФФ. Тагачасны кіраўнік федэрацыі Сяргей Румас заявіў, што пад кіраўніцтвам Хацкевіча зборная Беларусі «па якасці гульні і выніку не здзейсніла прасоўвання наперад» (набрала толькі два ачкі за першыя чатыры матчы адбору на ЧС-2018). Трэнеру прапанавалі адмовіцца ад часткі зарплаты, якая, паводле звестак журналістаў, складала каля 20 тысяч еўра за месяц. Хацкевіч адпрэчыў такія ўмовы – і страціў кантракт.

Шаблій тады заяўляў, што АБФФ «не мела ніякіх падстаў» разрываць дамову, а затым дадаваў, што федэрацыі выстаўлена патрабаванне выплаціць кампенсацыю. «У выпадку чаго гатовыя ісці далей. Ці CAS, ці ФІФА. Пойдзем да канца. Я лічу, што Хацкевіч цалкам мае рацыю», – казаў агент. У выніку справа сапраўды дайшла да CAS, вось толькі там адмовіліся яе разглядаць.

А падчас працы Хацкевіча галоўным трэнерам кіеўскага «Дынама» коўч нібыта дзеля агента «паклікаў у «Дынама» гульцоў, якія і блізка не адпавядалі ўзроўню клуба і пастаўленым задачам». Прынамсі, так потым казаў член тагачаснага трэнерскага штаба «бела-сініх» Алег Лужны.

«Я ведаю, што ёсць такі «футбольны спецыяліст» Шаблій, які адыграў вялікую ролю ў гэтых трансферах. Я пытаўся ў Хацкевіча, навошта ён бярэ ў каманду гэтых футбалістаў, але ён не мог мне гэтага растлумачыць», – дзяліўся Лужны.

Неўзабаве Хацкевіч адказаў свайму былому памочнiку – запытаў спіс «не такіх» футбалістаў і дадаў, што не чуў ад асістэнта «ніводнай прапановы па ўзмацненні каманды».

Паводле інфармацыі «Трыбуны», цяпер Хацкевіч не з'яўляецца кліентам Шаблія. Аднак трэнер і агент усё роўна супрацоўнічаюць, проста нефармальна.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты