Tribuna/Футбол/Блогі/Сям'я Мілеўскага – хто гэтыя людзі? Маюць іншы погляд на вайну ва Украіне, не хацелі, каб змяняў грамадзянства

Сям'я Мілеўскага – хто гэтыя людзі? Маюць іншы погляд на вайну ва Украіне, не хацелі, каб змяняў грамадзянства

Сястра была топ-юніёркай у тэнісе, але рана скончыла.

Аўтар — bytribuna com
26 верасня, 15:47
Сям'я Мілеўскага – хто гэтыя людзі? Маюць іншы погляд на вайну ва Украіне, не хацелі, каб змяняў грамадзянства

Арцём Мілеўскі перажывае няпростыя часы. Кажуць, ён у лякарні ў цяжкім стане. Праблемы ўзніклі праз спажывання алкаголю. Часта ў такіх сітуацыях на выручку прыходзіць сямʼю, але ў выпадку экс-футбаліста ёсць вельмі істотны нюанс: ён знаходзіцца ва Украіне і асуджае вайну, а ягоныя бацькі і сястра жывуць у Беларусі і, мяркуючы па словах Арцёма, расійскую агрэсію ўспрымаюць зусім інакш.

Расказваем, што вядома пра блізкіх Мілеўскага (у футбол прывёў бацька, маці таксама не ўхваляла змены грамадзянства, сястра была топавай юніёркай у тэнісе).

Бацька прывёў у футбол і быў супраць змены грамадзянства

Бацька – Уладзімір Іванавіч Мілеўскі – адыграў значную ролю ў станаўленні сына. З дзяцінства прывіваў Арцёму любоў да футбола, браў на матчы, калі той быў яшчэ зусім маленькім.

Таксама бацька вучыў сына азам гульні (як правільна ставіць ногі пры ўдары, як аддаваць перадачы), а 7-гадовым адвёў у секцыю. Бацька найлепшага футбаліста Украіны-2009 сам гуляў на аматарскім узроўні, але гэта было проста хобі: большую частку жыцця Уладзімір Мілеўскі прапрацаваў электрыкам-энергетыкам на адным са сталічных заводаў.

Бацька быў катэгарычна супраць таго, каб сын змяняў спартыўнае грамадзянства і гуляў за ўкраінскія зборныя – ён марыў бачыць Арцёма ў беларускай футболцы. Пра рашэнне стаць украінцам у футболе, нягледзячы на меркаванне бацькоў, Мілеўскі-малодшы абʼявіў, калі прыехаў дадому на Новы год, і гэта прывяло да буйной сваркі. Каб угаварыць Уладзіміра Іванавіча, з Кіева чартарам прыляталі трэнеры – Арцём сядзеў у суседнім пакоі і дагэтуль не ведае, якім чынам яго бацьку пераканалі. Праўда, Мілеўскі-старэйшы ўсё роўна доўга пераймаўся, што сын гуляе не за Беларусь – палягчэла бацьку толькі пасля таго, як ён зʼездзіў ва Украіну на матчы чэмпіянату Еўропы-2012.

Перайшоўшы ў брэсцкае «Дынама», Мілеўскі-малодшы распавядаў, як бацька марыў, каб ягоны сын згуляў у чэмпіянаце Беларусі.

- Для мяне вяртанне ў Беларусь было вельмі эмацыйным момантам. Бацька заўсёды марыў пра тое, каб я выступаў у гэтым чэмпіянаце. Ды і мне самому хацелася паспрабаваць пагуляць тут, – казаў футбаліст.

Апошнія гады Уладзімір Іванавіч жыве ў вёсцы Турная Кобрынскага раёну Брэсцкай вобласці. Мілеўскі-малодшы, будучы гульцом «Дынама», часта выбіраўся да яго ў госці і дзяліўся здымкамі.

Мама часцей праводзіла час з дачкой

Пра маці футбаліста Марыю Яўгенаўну вядома мала. Яна працавала выхавацелькай у дзіцячым садочку. Калі дзеці падраслі, пачала суправаджаць па свеце дачку-тэнісістку, тады як бацька часцей бываў у сына ў Кіеве, дзе дапамагаў па побыце.

Марыя Мілеўская таксама была не ў захапленні ад змены грамадзянства сынам, хаця і не была такой жа катэгарычнай, як муж.

Сястра паказвала топ-вынікі ў тэнісе па юніёрах, але рана скончыла

Са спортам жыццё звязала і сястра Арцёма Мілеўскага Ксенія, якая на пяць гадоў маладзейшай за яго. На юніёрскім узроўні яна паказвала выдатныя вынікі. У пары з палячкай Уршуляй Радванскай выйграла «Ралан Гарос» і US Open у 2007 годзе. Тады яна займала другое месца ў свеце ў рэйтынгу юніёрак, мела званне майстра спорту міжнароднага класа і нават правяла некалькі матчаў за зборную ў Кубку Федэрацыі.

Некалькі гадоў Ксенія пражыла ў ЗША, дзе трэнавалася ў Weil Tennis Academy у Каліфорніі. Апроч двух юніёрскіх Вялікіх шлемаў у пары Мілеўская выйграла 16 турніраў ITF, была фіналісткай адзіночнага турніру Orange Bowl і дабіралася да паўфіналаў трох юніёрскіх турніраў Вялікага шлема ў адзіночным разрадзе. На першым часе галоўным спонсарам тэнісісткі быў старэйшы брат, які да таго моманту ўжо нядрэнна зарабляў у кіеўскім «Дынама».

У дзяцінстве Мілеўская марыла апынуцца на вяршыні сусветнага рэйтынгу, аднак пікам для яе стала 227-е дарослае месца. У 20 гадоў спартсменка траўмавала кісць, перанесла аперацыю і цэлы год аднаўлялася. Вярнуўшыся, амаль адразу траўмавала пятку – і ў 22 прыняла рашэнне завяршыць карʼеру.

Адна з найлепшых на сёння ўкраінскіх тэнісістак Леся Цурэнка прыгадвала, што часцяком перасякалася з Мілеўскай, якая цалкам магла пабудаваць паспяховую карʼеру:

- Вельмі шмат часу разам з ёй трэнавалася ў аднаго трэнера. Яна скончыла свае выступленні праз траўму рукі, здаецца. Але яна была вельмі таленавітая і шустрая на корце, усе прадказвалі ёй вялікую будучыню, але, на жаль, траўма перашкодзіла, – сказала Цурэнка.

Пасля завяршэння карʼеры Мілеўская пачала працаваць трэнерам у Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі па тэнісе ў Мінску, але на сёння яе профілю ў раздзеле «трэнерскі склад» няма.

Не каментаваў палітыку праз бацькоў

Ураджэнец Мінска ніяк не каментаваў падзеі ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў-2020. Праз год ён растлумачыў матывы маўчання.

- За палітыку я дакладна казаць не буду і не хачу, гэта не мая справа. У Беларусі бацькі – і гэтым усё сказана, – адзначыў Мілеўскі ў кастрычніку 2021-га.

Стала цяжка размаўляць з сямʼёй пасля пачатку вайны

А ўжо пасля пачатку вайны ва Украіне (Мілеўскі застаўся жыць у Кіеве, нягледзчы на напад Расіі) футбаліст прызнаўся, што яму стала цяжка размаўляць і з бацькамі, і з сястрой:

- Я кажу і буду казаць, што гэта вельмі цяжка перажываць. Вельмі цяжка размаўляць з бацькамі, сястрой. У мяне дзяўчына ў Беларусі, у Мінску. Усё гэта цяжка. У кожнага свая праўда. Я кажу: «Павесьце мне ўдома другі тэлевізар». У нас так гавораць, а там так гавораць. І што, і хто каму будзе даказваць? Не дакажуць нічога. Ну рэальна, гэта проста абсурд.

Я кажу: «Вы паглядзіце нашы фоткі», – а там кажуць: «Адно і тое ж паказваюць». Я кажу: «Окей, гэта паглядзіце». І гэтак адбываецца амаль кожны дзень. То бок мы пра вайну стараемся не размаўляць паміж роднымі. Бо яны не бачаць гэтага ўсяго. І не толькі яны. Людзі, якія не прысутнічаюць ва Украіне цяпер, яны гэтага не бачаць. Яны не разумеюць, што гэта ўвогуле. Я проста хачу прыехаць у свой родны Мінск і абняцца з бацькамі. Але так атрымліваецца, што гэта не хутка будзе, – сказаў Мілеўскі.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты