Tribuna/Футбол/Блогі/За «дзяржтрэнера» ў футболе – махінатар Юрэвіч, у хакеі – змагар з беларускім. А ў іншых вось хто

За «дзяржтрэнера» ў футболе – махінатар Юрэвіч, у хакеі – змагар з беларускім. А ў іншых вось хто

Дзюдо дастаўся той, хто пасля выбараў хацеў запалохаць Краўчанку.

Аўтар — bytribuna com
15 траўня, 18:00
За «дзяржтрэнера» ў футболе – махінатар Юрэвіч, у хакеі – змагар з беларускім. А ў іншых вось хто

Беларускі рэжым вельмі любіць кантроль над спортам. Адзін са спосабаў – існаванне пасады «дзяржаўны трэнер». Добрае, хоць і канцылярскае, тлумачэнне яе сутнасьці некалі прывялі ў хакеі: «Злучнае звяно паміж фэдэрацыяй і «міністэрствам». У функцыянал дзяржтрэнера ўваходзіць выпрацоўка агульнай стратэгіі віду спорту, пастаноўка задач і зацвярджэнне шматгадовых планаў. Праз яго праходзіць зацвярджэнне трэнераў у зборныя, дырэктараў у школы».

Такія «трэнеры» ёсць не ва ўсіх відах – дзесьці проста няма пасады, дзесьці яе ніхто не займае. Але некаторыя людзі на такіх пастах – досыць вядомыя ў белспорце асобы.

Анатоль Юрэвіч, футбол

66-гадовы трэнер з 20 працаваў з дзецьмі, а потым пабудаваў прыкметную карʼеру ў белфутболе – з тытуламі і незвычайнымі праектамі. Пра розныя адрэзкі біяграфіі Юрэвіча мы ўжо не раз расказвалі.

У 2017-м Юрэвічу далі паўнату ўлады ў «Энергетыку-БДУ» – не займаючы пасад, трэнер выбудаваў сваю звыклую сістэму.

У 2022-м «студэнты» сенсацыйна сталі другімі ў ЧБ – але неўзабаве «сілавікі» заявілі, што Юрэвіч дамовіўся ўзяць грошы за адмову ад барацьбы за золата з «Шахцёрам». У выніку медалі ў мінчукоў адабралі, а Юрэвіча дыскваліфікавалі на пяць гадоў.

Да таго моманту ў Юрэвіча ўжо было асаблівае становішча ў белфутболе. Уражаны пасля ЧБ-2022 «міністр спорту» Сяргей Кавальчук у пачатку 2023-га паставіў коўча на пасаду «дзяржаўнага трэнера». І бан ад АБФФ нічога ў гэтым плане не змяніў – Юрэвіч працягнуў карыстацца даверам чынушы і з яго дапамогай прасоўвае свае парадкі, у першую чаргу для коўчаў, якім прыдумаў дадатковыя курсы і праверкі.

Цяпер Юрэвіч працягвае непублічна спрабаваць запраўляць белфутболам. Самая свежая ініцыятыва – звальненне Вадзіма Скрыпчанкі з любімага Кавальчуком мінскага «Дынама». Зрэшты, пакуль яе ўдалося патушыць.

Яўген Ворсін, хакей

76-гадовы расіянін пераехаў у Мінск дзеля вучобы ў інстытуце фізкультуры. У Беларусі ж змяніў хакей з мячом на больш звыклы варыянт і гуляў за мінскае «Тарпеда» у савецкім Д3. А пасля пайшоў у чыноўнікі – ці, як кажа канцылярская біяграфія, «пачаў працу на спартыўнай ніве ў якасці старэйшага інструктара аддзела фізвыхавання навучэнскай моладзі спорткамітэта БССР». У спорткамітэце Ворсін прабыў да развалу СССР, пасля стаў начальнікам спортупраўлення беларускага мінадукацыі.

У 1999-м чыноўніка паставілі руліць «мінспортам» – на пасадзе ён прабыў да пачатку 2003-га. У «Прэсболе» на развітанне характарызавалі «міністра» як «кампетэнтнага, разважлівага, таварыскага, але і неабавязковага, непаслядоўнага канфарміста». Падстаў для зняцця ў газеце назвалі дзве – «умовы ваеннага камунізму» (у тым сэнсе, што Лукашэнка пачаў ставіць «сілавікоў» на ўсе галоўныя спартыўныя пасады, і мянялі Ворсіна ажно на экс-кіраўніка «МУС» Юрыя Сівакова) і «правальная канферэнцыя АБФФ », на якой не прайшла гладка замена старшыні па загадзе «зверху».

Ворсін пайшоў у структуры СНД, потым стаў намеснікам генеральнага сакратара ЕўрАзЭС, а ў сакавіку 2010-га, займаючы гэтую пасаду, быў пастаўлены кіраўніком федэрацыі хакея Беларусі. На гэтай пазіцыі Ворсін адразу ж паставіў задачу выхаду ў плэй-оф АГ-2014 (у выніку на іх не патрапілі наогул) і выдаваў вельмі своеасаблівыя фразы накшталт «у нас сярод пацаноў гнілле», «кожны шальмуе пад сябе» і (пра ўзроставых гульцоў.) «ўбогія старцы бегаюць па пляцоўцы». Праз два гады пасля прызначэння Ворсін таксама заявіў, што «не адчуваў глыбіню праблемы» ў хакеі.

Таксама запомніўся функцыянер барацьбой з беларускай – мову на форме ў ЧБ забаранілі па рэгламенце (Ворсін казаў, што «не можа пісаць адно прозвішча на дзвюх мовах», і прасіў «не адымаць час» пытаннямі пра гэта), а на ЧС-2013 па патрабаванні ФХБ забаранілі БЧБ-сцяг – тых, хто яго паспеў пранесці, Ворсін назваў «нейкімі падонкамі». Пры ім прайшоў і ЧС-2014 у Мінску, перад якім рэжым зладзіў татальную «зачыстку» горада ад непажаданых – а Ворсін да гэтага ганарыцца арганізацыяй турніру і тым, што ў фінале «уся арэна заўзела за Расію».

У кастрычніку 2014-га Ворсін пакінуў хакейны пост і зноў стаў простым чынушам, «даслужыўшыся» да памочніка дзяржсакратара «Саюзнай дзяржавы». А ўвесну 2020-га вярнуўся ў хакей, стаўшы «дзяржаўным трэнерам», і тут жа публічна «засекся» з тады кіраўніком ФХБ Генадзем Савілавым: Ворсін сцвярджаў, што юнацкая зборная Беларусі павінна патрапіць у топ-5 ЧС, а Савілаў – што для гэтага няма перадумоў.

Далей пра Ворсін мы нічога не чулі да 2023-га, калі ён стаў перыядычна зʼяўляцца на дзяржТБ з ваяўнічай рыторыкай. Так мы даведаліся, што «ў МАК, які ўзначальваюць слабыя фігуры, прыйшлі да маразму», «на хакейным ЧС Польшча, Венгрыя, Аўстрыя, Італія ўдзельнічаюць толькі таму, што не дапусцілі Беларусь і Расію» (так, адхілілі дзве зборныя, а гуляюць дзякуючы гэтаму нібыта чатыры), а «міжнароднікі» ў Беларусь, маўляў, «яшчэ прыйдуць з просьбамі, яны выцягвалі свой бюджэт за кошт Расіі, за кошт Беларусі, дзе заўсёды быў станоўчы баланс».

Юрый Альберс, біятлон

72-гадовы Альберс трэнуе ў біятлоне з 1985-га – пяць гадоў працаваў з камандай узброеных сіл СССР. Яшчэ да пачатку суверэннага перыяду стаў старшым трэнерам беларускай зборнай – прабыў да 1999-га, на тры гады стаўшы галоўным у зборнай Польшчы, але потым вярнуўся на ранейшую пасаду ў Беларусі. Дапрацаваў у ёй да 2016-га, пасля чаго пайшоў на павышэнне – стаў галоўным трэнерам беларускай зборнай. Праўда, у 2017-м узніклі праблемы са здароўем, пасля чаго зноў стаў старшым трэнерам. А з 2020-га згадваецца як «дзяржаўны трэнер».

Беларуская федэрацыя паведамляла, што менавіта Альберс падрыхтаваў Аляксея Айдарава (бронза АГ-1998), Сяргея Новікава (серабро АГ-2010), цяперашняга галоўнага трэнера зборнай Алега Рыжанкова (трохразовы чэмпіён свету ў 1990-х) і шэраг іншых паспяховых біятланістаў. Дзяржузнагароду Альберсу давала яшчэ Вярхоўная рада Беларусі ў 1994-м, у перыяд Лукашэнкі заахвочванняў было таксама нямала, у тым ліку медаль «За працоўныя заслугі».

Напярэдадні выбараў-2020 Альберс расхваліў рэжым – маўляў, «што было 25 гадоў таму і цяпер – неба і зямля», і нібы «відаць, што ідзе клопат пра людзей». У канцы таго ж года трэнер падпісаўся за Лукашэнку, а ў траўні 2021-га, калі міжнародная федэрацыя скасавала запланаваны этап Кубка свету ў Раўбічах, абурана казаў пра «палітычную замову». Ну а пасля бана за вайну бравурна заяўляў, што беларуска-расійскія спаборніцтвы «арганізуюць як этапы Кубка свету», і выхваляўся, што на расійскую спартакіяду Беларусі далі «такую ж квоту, як у рэгіянальных расійскіх каманд».

6 траўня гэтага года Альберс правёў трэнерскую раду – з іншымі коўчамі «абмеркавалі добрыя моманты сезона, надалі ўвагу праблемным месцам, каб пазбегнуць памылак на будучыню, абмеркавалі мадэлі падрыхтоўкі на сезон, які мае адбыцца».

Аляксандр Пянігін, фрыстайл

Фрыстайл у Беларусі зʼявіўся ў сярэдзіне 1980-х. Адным з яго заснавальнікаў стаў Мікалай Казека – трэнер, які да таго займаўся скачкамі на батуце і ў ваду. Вынікі яго шматгадовай працы цудоўна вядомыя – россып алімпійскіх медалёў у лыжнай акрабатыцы.

Але спрабавалі развіваць і іншыя дысцыпліны фрыстайла. Напрыклад, могул – там трэба хутка спускацца на лыжах па грудах, ацэньваецца і час, і якасць выканання. Гэты падвід развіваў паплечнік Казекі Сяргей Пянігін, а на АГ-1994 паехаў яго сын Аляксандр Пянігін – але заняў перадапошняе, 28-е месца.

Неўзабаве на могул у Беларусі забыліся (Казека тлумачыў гэта смерцю Пянігіна-старэйшага), а Пянігін-малодшы стаў фізкультурнікам у адной з ВНУ – але ў 2006-м вярнуўся ў зборную Беларусі памочнікам Казекі і ўносіў свой уклад у алімпійскія поспехі. А ў 2017-м Пянігін стаў старшынём беларускай федэрацыі фрыстайла, змяніўшы тагачаснага намесніка кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Мікалая Снапкова. Ну а заадно аказаўся на пасадзе «дзяржаўнага трэнера» па фрыстайле.

Свае пасады Пянігін захоўвае дагэтуль. Пры ім у 2020-м Казека патрапіў пад рэпрэсіі і ў выніку пакінуў зборную, былі і іншыя выпадкі рэжымнага ціску, і «пакаянныя відэа» проста на АГ-2022. Пра якое-небудзь супрацьдзеянне ад Пянігіна нічога не вядома. Затое ў 2023-м ён заявіў, што ў беларускім фрыстайле нібыта «катэгарычна супраць выступаць» без дзяржсцяга па «зневажальных рэкамендацыях МАК», і расхваліў беларускую «цудоўную спартыўную базу». А ў 2024-м фрыстайлістам давялося праводзіць чэмпіянат Беларусі у Расіі – на Радзіме не знайшлося патрэбнай для гэтага інфраструктуры.

Ігар Сівадзедаў, лёгкая атлетыка

Сывадзедаў нарадзіўся ў 1966 годзе ў вёсцы Прудок пад Мазыром – той, пра якую вы маглі чуць дзякуючы кнізе «Радыё Прудок» Андрэя Горвата. З дзяцінства стаў займацца лёгкай атлетыкай і ў выніку абраў дзесяціборства. Шмат савецкіх спаборніцтваў выйграваў на юнацкім узроўні – і ў 1983-м паставіў беларускі рэкорд U-18, які так дагэтуль ніхто і не пабіў. Але на дарослым узроўні карʼера ў Сівадзедава, хоць ён і стаў майстрам спорту, не адзначылася якімі-небудзь дасягненнямі і хутка скончылася.

Пасля Сівадзедаў стаў трэнерам, а затым і функцыянерам – узначаліў гомельскі палац лёгкай атлетыкі і абласны ЦАР. У 2012-м да Сівадзедава «сам напрасіўся» трэнавацца віцэ-чэмпіён АГ-2008 у дзесяціборстве Андрэй Краўчанка – у 2014-м спартсмен стаў чэмпіёнам Еўропы, а кощч быў за гэта ўзнагароджаны.

З пачатку 2014-га Сівадзедаў стаў галоўным трэнерам лёгкаатлетычнай зборнай Беларусі – пісалі, што на гэта ўгаварыў Краўчанку, які назваў коўча «адным з нямногіх, якія хочуць змяніць спорт». Галоўнай праблемай новы трэнер назваў допінг – і хай вялікіх скандалаў з ім за час яго працы не ўзнікала («прылятала» у асноўным за парушэнні да 2014 года), але некалькі выпадкаў бана ўсё ж здарылася. Поспехі ж былі рэдкімі – на ЧС-2015 золата Марыны Арзамасавай ды бронза Аліны Талай, на АГ-2016 срэбра Івана Ціхана, а на ЧС-2017 «скарбонка» аказалася пустая. Былі і іншыя правалы, але да 2018-га Сівадзедава не мянялі – а потым заявілі, што рыхтаваць зборную будуць «новыя людзі з новымі жорсткімі патрабаваннямі». На развітанне эксперт Барыс Тасман заявіў, што са звальненнем «спазніліся як мінімум на два гады».

Сівадзедаў застаўся намеснікам старшыні БФЛА, але пакінуў пасаду ў пачатку 2020-га. Пару гадоў пра коўча нічога не было чуваць, а ў 2022-м ён абʼявіўся ў якасці дзяржтрэнера. На гэтай пасадзе запомніўся заявамі, пасля якіх узніклі моцныя сумневы, ці сочыць наогул Сівадзедаў за відам, які мусіць кантраляваць.

Руслан Шарапаў, дзюдо

56-гадовы Шарапаў калісьці быў нядрэнным дзюдаістам – на АГ-2000 дайшоў да паядынку за бронзу, але прайграў. У выніку самым вялікім медалём спартсмена аказалася бронза ЧЕ-2002. Пасля завяршэння карʼеры Шарапаў стаў трэнерам, у канцы 2000-х узначаліў зборную Беларусі, але праваліўся – замест планавых сямі ліцэнзій на АГ-2012 каманда ўзяла дзве, а на саміх Гульнях Шарапаў абяцаў медаль ад Ігара Макарава, але той стаў пятым. Пасля гэтага галоўны трэнер сышоў у адстаўку.

Зноў пра Шарапава мы пачулі ў 2020-м – тады ён быў генсакам і сябрам прэзідыума і выканкама федэрацыі дзюдо. Падчас масавых пратэстаў у адказ на фальсіфікацыю рэжымам Лукашэнкі выбараў і гвалт ад «сілавікоў» Шарапаў увайшоў у «групу» тагачаснага «намесніка міністра спорту» Міхаіла Партнога, якая займалася запалохваннем нязгодных спартсменаў.

«Да мяне прыехалі людзі без папярэджання. «Намеснік міністра спорту» і два чалавекі з адзінаборстваў. Патэлефанавалі, я выйшаў. Яны спрабавалі да мяне данесці, што абраў не той бок. Што я мушу адступіць. Што ў мяне апошні шанец. Што ў мяне ёсць жонка, дачка», – распавядаў Андрэй Краўчанка.

Шарапаў тады адмаўляў ціск, паказваючы на ўменне «грунтоўна і аргументавана данесці апаненту сваю пазіцыю» і, як бы недарэчна ні гучала, «пагоны палкоўніка».

Сёння Шарапаў застаецца генсакам і выканкамаўцам сваёй федэрацыі – а заадно займае пасаду дзяржтрэнера па дзюдо. Год таму ён брава заяўляў, што ўзровень у зборнай «дастаткова высокі, каб з ліста выйграваць у спартсменаў з лепшым рэйтынгам», а беларускія дзюдаісты гатовыя «ў любы момант уключыцца ў барацьбу за алімпійскія ліцэнзіі». Вось толькі на ЧЕ-2023 усе беларускія прадстаўнікі прайгралі ў стартавым жа раўндзе, а на АГ-2024, дзе пуцёўкі здабываюцца па сусветным рэйтынгу, ніводнага месца ў беларускага дзюдо няма (для параўнання, расійскія калегі пасля разбану ўжо практычна гарантавалі сабе 11 ліцэнзій).

Вікторыя Кушнір, мастацкая гімнастыка

Кушнір другая справа

Пра гэтага чалавеку практычна немагчыма знайсці нейкія дэталі біяграфіі, вельмі складана знайсці фота. Пры гэтым як дзяржтрэнер Кушнір згадваецца яшчэ ў 2002-м. Наогул жа шматгадовая галоўная ў зборнай Ірына Ляпарская называла Кушнір у складзе «касцяка трэнераў, разам з якімі з 1993 года». А ў 2013-м Ляпарская скардзілася, што яе «абсалютна задавальняў інстытут дзяржтрэнераў, а гэтую сістэму разбурылі», хоць «праца Кушнір была вельмі карыснай». У тыя гады жанчына ў прэсе згадвалася проста як трэнер зборнай. Але потым пасада «дзяржаўнага трэнера» зноў зʼявілася – і Кушнір на яе вярнулася.

Яшчэ ў 2014-м Кушнір па ўказе Лукашэнкі стала «заслужаным работнікам фізічнай культуры і спорту», а таксама не раз атрымлівала сістэмныя ўзнагароды – у 2021-м, напрыклад, «ганаровую грамату» ад «мінспорту». Здзіўляе хіба, што звестак Кушнір няма ў спісе падпісантаў за рэжым.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты